Вы тут

Што паглядзець у Музеі гісторыі беларускага кіно


Кінастужка даўжынёй амаль у 95 гадоў

Сучасны наведвальнік музеяў не надта ахвочы плаціць грошы толькі за прагляд экспанатаў пад размераны расказ экскурсавода. Сёння чакаюць яркіх ўражанняў: напрыклад, дакрануцца да рарытэтаў, паслухаць музыку, гледзячы на “жывыя” арт-інсталяцыі, ці нават паглядзець кіно. Так, проста ў музеі! Чаму б і не? “Алеся” запрашае сваіх чытачоў зазірнуць у адзін з самых незвычайных музеяў Беларусі, экспазіцыя якога прысвечаная гісторыі беларускага кіно. З чаго пачаўся айчынны кінематограф, якіх зорак экрана падарыў нам Мінск і чаму варта глядзець фільмы даваеннай пары – пра гэта расказвае кіраўнік музея Ігар АЎДЗЕЕЎ.

Спачатку было слова

Дзень беларускага кіно адзначаецца 17 снежня. Але гэтая дата ніяк не звязаная ні з першым кінапаказам, ні з першымі здымкамі фільмаў.

–  17  снежня  1924  года  толькі прынялі  рашэнне  аб  арганізацыі нацыянальнай  кінавытворчасці  і заснавалі  для  гэтага  спецыяльнае ўпраўленне  –  “Белдзяржкіно”,  – пачынае  экскурсію  па  музеі  Ігар Аўдзееў.  –  А  першы  кінапаказ на  тэрыторыі  Беларусі  (падборкі сюжэтаў братоў Люм’ераў) адбыўся значна раней – яшчэ ў  1896 годзе, на тэрыторыі віцебскага яхт-клуба. У  Мінску  прыватныя  кінатэатры пачалі  з’яўляцца  на  мяжы  XIX  і XX стагоддзяў. Тады ж адбыліся першыя спробы кіназдымак. Піянерам тут быў нямецкі прадпрымальнік Рыхард Штрэмер, які не толькі валодаў некалькімі кінатэатрамі, але  і зняў сапраўдныя дакументальныя сюжэты пра вучэнні пажарных і пра адзін з  першых  экскаватараў  у  горадзе.

Кадры з палётамі славутага авіятара Сяргея Утачкіна над Мінскам  і крушэннем цягніка каля станцыі Руднікі ўвайшлі ў гісторыю дзякуючы аператарам кінатэатра “Гігант”.

“Белдзяржкіно”,  хоць  і  пачало сваю дзейнасць 6  студзеня  1925  года, запрацавала на поўную моц не адразу. Грошы на вытворчасць уласных фільмаў былі,  неабходнае  кінаабсталяванне закупілі ў Германіі… Адна праблема – у Беларусі не было ніводнага прафесіянала ў  сферы  кінематографа.  Таму  выкананне першага перспектыўнага плана вытворчасці  беларускіх  фільмаў цалкам  залежала  ад наяўнасці  гэтых самых  “паштучных”  спецыялістаў  – сцэнарыстаў, рэжысёраў, аператараў – пад канкрэтны кінапраект. Шукалі  іх у  асноўным  у Маскве  і Ленінградзе, дзе  кінаіндустрыя  існавала  яшчэ  з дарэвалюцыйных часоў.

Менавіта  таму  дагэтуль  не  сціхаюць спрэчкі пра фільм-першынец беларускага  кіно. Па  задуме  арганізатараў  нашай  кінавытворчасці ім павінна была  стаць  гістарычная драма “Кастусь Каліноўскі”. Але мэтр расійскага кіно Уладзімір Гардзін, які меў багаты досвед пастаноўкі маштабных па падзеях і колькасці персанажаў стужак, прыступіў да здымак толькі ў  1927  годзе.  Рэалізацыя  праекта “Лясная  быль” Юрыем  Тарычам  у 1925 годзе раптоўна адклалася на год.

У выніку першай да стадыі здымак і мантажу дайшла стужка пра барацьбу з прастытуцыяй “Забітая жыццём”, якая ў вышэйназваным вытворчым плане стаяла на апошнім месцы…  

–  І  ўсё ж  спачатку  да шырокага кола гледачоў дайшла  “Лясная быль”. З вокнаў нашага музея добра бачны фасад Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага  тэатра  імя Максіма Горкага, у будынку якога 25 снежня 1926 года адкрыўся кінатэатр “Культура”  і адбылася прэм’ера “першага беларускага  баявіка”,  ці  “першай нацыянальнай кінастужкі”, “Лясная быль”.  Паказ “Прастытуткі” пачаўся толькі ў лютым 1927 года.

Будынак, дзе прайшоў першы паказ фільма "Лясная быль"

Цікава,  што  павільённыя сцэны “Лясной былі” здымаліся на адной з кінафабрык Масквы. У Мінску з мая  1925  года працавала толькі невялікая кіналабараторыя  па вытворчасці кінахронікі. А беларуская кінастудыя мастацкіх фільмаў (тады пад  назвай  “Савецкая Беларусь”)  была  створаная  ў  1928  годзе  і ўвогуле  ў  Ленінградзе, дзе  знаходзілася  да 1939 года. Прычына тая ж – адсутнасць у Мінску патрэбных спецыялістаў.

Рэдкія кадры

Гонар музея – калекцыя рарытэтных кінаплакатаў 1920-1930-х гадоў, якія супрацоўнікі музея вярнулі літаральна з небыцця. Да пачатку XX стагоддзя на тэрыторыі Беларусі не захавалася ніводнага арыгінальнага кінаплаката тых часоў, а сёння ў музеі іх больш за 30! Адноўленая калекцыя ў форме перасоўнай выстаўкі неаднойчы выязджала за мяжу.

– Савецкія даваенныя кінаплакаты – гэта не толькі важны элемент кінапрацэсу таго часу, калі для большасці гледачоў яны фактычна былі адзіным рэкламным сродкам. Дзякуючы ўнікальнай, заснаванай на прыёмах канструктывізму стылістыцы гэтыя творы сёння прызнаныя культурнай з’явай сусветнага ўзроўню. Іх гістарычная і мастацкая вартасць вызначае іх высокі кошт: за арыгінальны экзэмпляр з аўтарскім экслібрысам, напрыклад, “2СТЭНБЕРГ2”, на спецыялізаваных аўкцыёнах прапануюць да 100 і болей тысяч долараў!

У 1920-1930 гг. у жанры кінаплаката працавала інтэрнацыянальная суполка таленавітых мастакоў-графікаў (у тым ліку ўраджэнец Віцебска Міхаіл Векслер), якія павінны былі адным выразным малюнкам не толькі паведаміць гледачу пра змест стужкі, але і падштурхнуць яго на паход у кінатэатр. Акрамя гэтага, найбольш таленавітыя аўтары здолелі выразіць на іх асабістыя адносіны да тэмы і матэрыялу фільма. Як гэта зрабіў, у прыватнасці, Барыс Клінч у кінаплакаце да фільма “Лясная быль”.

Шмат незвычайных адкрыццяў чакае наведвальнікаў і каля стэнда з арыгінальнымі фатаграфіямі. Побач з фота – мастацкія эскізы да славутых фільмаў.

Аказваецца, першымі уяўленне пра тое, як будуць выглядаць героі і месцы дзеяння будучай стужкі, даюць мастакі-пастаноўшчыкі праз сістэму малюнкаў на паперы і макеты. Класічны падыход, якім карысталіся класікі сусветнага кіно - Дэвід Уорк Грыфіт і Сяргей Эйзенштейн, наогул прадугледжваў спачатку цалкам (пакадрава!) намяляваць будучы фільм на паперы – з вызначэннем усіх выяўленчых характарыстык.

Вось гэта экспанат!

Кінапраектар “ГОЗ-Русь” 1922 года для паказу фільмаў у любых, нават непрыстасаваных спецыяльна памяшканнях. Ён звычайна выклікае вялікі інтарэс сярод школьнікаў і моладзі. Цяжка ўявіць, як гэты загадкавы апарат працаваў сто гадоў таму, калі ў многіх гарадах не было святла! Перад паказам на сцяне расцягвалі белую прасціну – і пачынаўся цуд. Дзякуючы памочніку кінамеханіка, які першым круціў педалі партатыўнай дынама-машыны (яна выпрацоўвала электрычнасць), і кінамеханіку, які круціў ручку праектара.

Раўнамерна-рытмічна на працягу ўсяго сеанса! І не дай Бог збіцца! Дарэчы, прафесія кінамеханіка тады была вельмі прэстыжнай. Сёння ў музеі кожны можа паспрабаваць сябе ў гэтай ролі. І не толькі. У час экскурсіі наведвальнікі становяцца ўдзельнікамі шэрагу захапляльных кінаатракцыёнаў.

Ігар Алегавіч дэманструе,  як у мінулым стагоддзі "склеівалася" кіно

Як запальваліся зоркі

Беларусь стала тым месцам, дзе адкрыўся талент многіх артыстаў, якія потым праславіліся на ўвесь Савецкі Саюз.

Усе ведаюць Ісаака Дунаеўскага як аўтара музыкі да некалькіх дзясяткаў фільмаў, перш за ўсё – кінакамедый Рыгора Аляксандрава. Між іншым, яго дэбют адбыўся на беларускай кінастудыі. У 1931 годзе Уладзімір Корш-Саблін здымаў першы гукавы фільм на беларускай мове “Першы ўзвод”  (1931)  і запрасіў маладога тады кампазітара напісаць музыку да карціны.

У  гэтым жа фільме  склаўся  зорны  дуэт  і мегапапулярнага фільма “Чапаеў” – Барыса Бабачкіна і Леаніда Кміта. У “Першым узводзе” акцёры настолькі жыва  і арганічна гралі, што пастаноўшчыкі “Чапаева” хацелі бачыць у сваёй карціне толькі іх.

У лірычнай музычнай кінакамедыі  “Маё каханне”  (1940)  адбылося нараджэнне кінадзівы савецкага тыпу – Лідзіі Смірновай.

Дзеля ролі Шурачкі малавядомая актрыса кінула працу ў сталічным тэатры  і… не прагадала. Лірычная камедыя спадабалася гледачам і не сыходзіла з экранаў больш за 30 гадоў! 

– Быў у нас  і свой “Тэрмінатар”, – жартуе кіраўнік музея. – У фільме “Канстанцін Заслонаў” (1949) перад намі паўстае вобраз героя-патрыёта, якога  нельга  ні  застрэліць,  ні  замарозіць,  ні  падпаліць.  Абсалютна бясстрашны  і  непераможны  герой-глыба,  аб  якую  разбіваецца  любы вораг. Твар выканаўцы галоўнай ролі Уладзіміра Дружнікава на экране выглядае так, быццам зроблены з бронзы ці мармуру.

У гераічнай драме “Чырвонае лісце”  (1958) упершыню з кінаэкрана прагучаў голас Эдзіты Пьехі, якая за кадрам выконвала рамансы спявачкі кабарэ – гераіні Клары Лучко.

Актрыса  Ганна  Камянкова  сёння  ў  расійскім  кіно  выконвае ролі  бабуль,  а  пачынала  яна  сваю  кар’еру  ў  5-цігадовым  узросце  на “Беларусьфільме”. Дзіцячая  прыгодніцкая  стужка  “Дзяўчынка шукае бацьку”  (1959)  стала  кінахітом. Яе прадалі для паказу  ў  кінатэатрах  у 83  (!) краіны  свету –  гэта абсалютны  геаграфічны рэкорд беларускага кіно.

Самай касавай беларускай стужкай (амаль 42 млн гледачоў за першыя 15 месяцаў дэманстрацыі ў кінатэатрах на тэрыторыі былога СССР!) стала сацыяльная маладзёжная драма “Мяне клічуць Арлекіна” (1988). Гледачы, перш за ўсё моладзь, аддзякавалі аўтарам стужкі, якія аднымі з першых праўдзіва адлюстравалі праблемы моладзі сярэдзіны 1980-х. Гэта кіно – яркі прыклад актуальнага адказу на пытанне, пра што трэба здымаць, каб фільм стаў грамадскай з’явай.

Гаворыць і паказвае музей

Экспазіцыя складаецца з дзвюх неад’емных частак – прадметнай і экраннай. Пры ўсёй разнастайнасці кінакалекцый галоўны экспанат тут – фільм (як мастацкая і гістарычная каштоўнасць). Адпаведна, “сэрцам” любога музея кіно, дзе адбываецца сустрэча сучаснага гледача з помнікамі кінакультуры, з’яўляецца кіназала.

У музеі гісторыі беларускага кіно яна, адноўленая ў мінулым годзе (стылізаваная пад рэтра-кінатэатр пачатку 1930-х гадоў), утульная і ў пэўным сэнсе дамашняя (усяго 50 месцаў), за апошнія 15 гадоў стала месцам паказу амаль 200 рэтраспектыў айчыннай і замежнай кінакласікі. Тэматычных і персанальных, прысвечаных культавым асобам і юбілейным датам.

Пазнаеце кажана? З якога дзіцячага фільма?

На сеансы чорна-белага і нават нямога кіно ў музей прыходзяць не толькі тыя, хто хоча ўспомніць маладосць. Творчая моладзь Мінска натхняецца старымі стужкамі, вывучае праз іх гісторыю. 

– Першыя беларускія мастацкія фільмы цікавыя сучаснаму гледачу перш за ўсё з пазнавальнага боку. Яны амаль цалкам здымаліся ў рэальных інтэр’ерах і экстэр’ерах. Нягледзячы на выдуманыя сюжэты, у кадр трапляла рэальнае жыццё! Мы бачым, як выглядалі беларускія вёскі і гарады першай паловы ХХ стагоддзя, як у той час апраналіся людзі, як быў арганізаваны іх побыт… 

Што такое кінематаграфічная мова? Гэта сістэма кінавобразаў. Калі пры праглядзе стужкі вы заплюшчваеце вочы і па-ранейшаму разумееце, што адбываецца на экране, гэта не кіно, а рыдыёп’еса. Кіно гаворыць з гледачом мовай вобразаў, сутыкненнем-мантажом адлюстраванняў. 

АФІША

У кастрычніку ў Музеі гісторыі беларускага кіно пакажуць карціны ў межах персанальных рэтраспектыў:

  • Фільмы Ігара Дабралюбава” (да 85-годдзя з дня нараджэння славутага беларускага кінарэжысёра).
  • Увасабленне вечнага жаночага хараства” (да 75-годдзя французскай кінаактрысы Катрын Дэнёў).

Падрабязнасці на сайце музея cinema.histmuseum.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».