Вы тут

Як і з кім БССР рабіла свае першыя крокі


Менавіта так мы вырашылі назваць новую рубрыку, прымеркаваную да 100-годдзя абвяшчэння БССР — самага трывалага дзяржаўнага ўтварэння са словам «Беларуская» ў назве, на падмурку якога мы заклалі і будуем нашу любімую незалежную краіну — Рэспубліку Беларусь. Справа сто гадоў назад рабілася і для сучаснікаў, і для нашчадкаў вялікая і вартая. Але за кожнай вялікай справай стаяць звычайныя людзі. Чым яны 100 гадоў назад кіраваліся ў сваіх памкненнях, якія адчайныя крокі рабілі, дзе выйгравалі, а дзе памыляліся, як склаўся іх лёс — вось пра гэта мы і раскажам вам у новай рубрыцы.

А для пачатку — аб тым, як і з кім маладая рэспубліка рабіла першыя крокі, аб чалавечым фактары ў гісторыі — мы пагутарылі з загадчыкам аддзела навейшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук кандыдатам гістарычных навук Сяргеем ТРАЦЦЯКОМ.


Фота Яўгена Пясецкага.

— Сяргей Аляксандравіч, хто сто гадоў таму прымаў рашэнне аб стварэнні ССРБ, якая фактычна стала прадвесніцай БССР? Гэта была цалкам ініцыятыва Масквы ці можна сказаць, што на гэта рашэнне паўплывалі і беларускія дзеячы?

— Рашэнне аб стварэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі як суверэннай і незалежнай дзяржавы было прынята ў Маскве. Гэтаму спрыяў найперш збег знешнепалітычных абставін, якія на той момант складваліся. На тое, што ўтваралася фактычна незалежная дзяржава, мясцовае беларускае кіраўніцтва (Аблвыканкамзах) і беларускія камуністы, якія групаваліся вакол беларускіх камуністычных секцый Белнацкама, практычна не ўплывалі ніяк, для іх саміх, можна сказаць, гэта было нечаканасцю. Камуністычныя секцыі Белнацкама стаялі на пазіцыі, што Беларусь павінна быць аўтаномнай сацыялістычнай рэспублікай у складзе РСФСР. Але ў цэнтры палічылі мэтазгодным стварыць незалежную рэспубліку, якая пад шчыльным кантролем адыграе адпаведную ролю, стане часткай так званага чырвонага буфера — фармальна незалежных дзяржаў, якія аддзяляюць маладую краіну Саветаў ад варожага капіталістычнага лагера. Паводле першых планаў абвяшчэння новай рэспублікі, яе граніцы павінны былі ахапіць толькі Мінскую і Гродзенскую губерні. Смаленская губерня пакідалася ў складзе ССРБ, але толькі па жаданні самой губерні, бо там у той час знаходзіліся ўсе партыйныя і дзяржаўныя кіруючыя органы Заходняй вобласці. Магілёўская і Віцебская губерні першапачаткова пакідаліся за РСФСР. Але супраць такога рашэння выступілі адразу і беларускія камуністычныя секцыі, і смаленскія таварышы, якія групаваліся вакол Аблвыканкамзаха. Такое дзяленне разбурала Беларусь як цэласны эканамічны, этнакультурны і палітычны арганізм.

У рэшце рэшт Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі, абвешчаная І з'ездам Кампартыі (бальшавікоў) Беларусі, ахапіла практычна ўсе тыя тэрыторыі, якія акадэмік Яўхім Карскі аднёс да беларускіх. Але, як высветлілася вельмі хутка, незалежная рэспубліка ў такім выглядзе патрэбная цэнтру не была. Ды і Беларускі нацыянальны камісарыят падчас дзеяння Брэсцкага міру ўсяляк прапагандаваў савецкае існаванне Беларусі без адрыву ад РСФСР. Думка аб тым, што Беларусь павінна быць самастойным дзяржаўным утварэннем у федэратыўным саюзе з Савецкай Расіяй, прагучала 12 снежня 1918 года ў Мінску. Тады па ініцыятыве Мінскага губернскага рэвалюцыйнага камітэта адбылася нарада сялянскіх дэлегатаў губерні, якая і прыняла рашэнне аб тым, што Беларусь і Літва павінны скласці асобную камуну ў саюзе з Савецкай Расіяй. Кіраваў гэтай нарадай Ісак Рэйнгольд, старшыня Мінскага губернскага рэвалюцыйнага камітэта.

— Гэта сялянская нарада нейкім чынам была вызначальная пры прыняцці рашэння аб стварэнні ССРБ?

— З пункту гледжання гістарычнай рэтраспектывы гэтая нарада на рашэнне цэнтра ніяк не паўплывала, але яна дала дадатковы аргумент якраз-такі беларускім камуністычным секцыям у тым, каб ставіць перад савецкім урадам у Маскве пытанне аб неадкладным самавызначэнні Беларусі на дзяржаўных пачатках.

— Беларускія камуністычныя секцыі — гэта было свайго роду нацыянальнае лобі ў Маскве?

— Яны сто гадоў назад дзейнічалі ў падкантрольных бальшавікам буйных гарадах Расіі, там, дзе была значная колькасць беларусаў — рабочыя, салдаты, бежанцы. Секцыі бяруць свой пачатак з Другога з'езда бежанцаў Беларусі, які адбыўся летам 1918 года ў Маскве. Пасля таго як Брэсцкі мір быў скасаваны і пачаўся Заходні паход Чырвонай Арміі, такая секцыя пачала дзейнічаць і ў Мінску. Яна і разгарнула прапаганду прасоўвання савецкай улады на захад ад «лініі старых акопаў» (Мядзел — Смаргонь — Валожын — Ляхавічы — Пінск). У той час як Аблвыканкамзах у Смаленску і Паўночна-Заходні абкам Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) на чале з Аляксандрам Мясніковым, Вільгельмам Кнорыным і Карлам Ландэрам быў супраць якой бы то ні было беларускай работы, калі рашуча супраць беларускай работы ў краі нават пад савецкім сцягам выступілі камуністы Віцебскай губерні, Мінскі губернскі рэўкам і Мінскі ваенсавет на чале са Станіславам Берсанам палічылі, што менавіта беларускія камуністы і павінны ўсталёўваць савецкую ўладу на захад ад «лініі старых акопаў».

Калі беларускія камуністычныя секцыі прымалі рашэнне аб неадкладным самавызначэнні Беларусі на савецкіх пачатках як аўтаноміі ў складзе Савецкай Расіі, у цэнтры было вырашана абвясціць суверэнную рэспубліку. І ўсе падпарадкаваліся гэтаму рашэнню ў парадку партыйнай дысцыпліны. І адпаведна, кіраванне павінна было ажыццяўляцца з цэнтра. Фактычна кіруючыя камуністычныя партыі абвешчаных рэспублік уваходзілі ў склад РКП(б) на правах абласных партыйных арганізацый. А ўрады гэтых рэспублік былі абмежаваныя ў правах весці гаспадарчую і ваенную дзейнасць. У гаспадарчай галіне ўсе дзеянні ўзгадняліся з Масквой, а ваенныя фарміраванні былі ў складзе Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі.

— Якім чынам меркавалася ажыццяўляць кіраўніцтва навастворанай рэспублікай напачатку — як бы там ні было, урад мусіў быць паўнавартасным? Ці бачылася кіраўніцтва менавіта нацыянальным?

— Захавалася сведчанне, што Сталін у дыялогу з Мясніковым па тэлеграфе 24 снежня 1918 года не выключаў, што ў складзе ўрада новай рэспублікі аблвыканкамзахаўцы акажуцца ў меншасці. Прапанова стварыць урад была дадзена кіраўніцтву беларускіх камуністычных секцый, на чале якіх на той момант стаяў Зміцер Жылуновіч. Тут варта заўважыць, што паміж Аблвыканкамзахам і секцыямі былі варожасць і непрымірымая барацьба. Сам Жылуновіч лічыў, што Мяснікова, старшыні Паўночна-Заходняга абкама партыі, ва ўрадзе не павінна быць ні ў якім выпадку. Але Мяснікоў павінен быў узначаліць бюро навастворанай Кампартыі Беларусі... На тры чвэрці новы ўрад складаўся з прадстаўнікоў беларускіх камуністычных секцый, на яго чале быў Жылуновіч, але Мяснікоў мог правесці любое рашэнне цэнтра ў парадку ўсё той жа партыйнай дысцыпліны.

Жылуновіч меркаваў, што пытанне аб урадзе будзе вырашаць І з'езд Саветаў Беларусі. А Мяснікоў вырашыў пайсці іншым шляхам — рэспубліку абвяшчаць на партыйным з'ездзе. 30 снежня 1918 года з яго падачы Шостая абласная партыйная канферэнцыя ў Смаленску стала па дырэктыве з цэнтра І з'ездам Кампартыі Беларусі, і на ёй сярод іншых было разгледжана пытанне аб стварэнні ССРБ. У гэты час на з'езд з Масквы прыбылі дэлегацыі беларускіх камуністычных секцый на чале са Змітром Жылуновічам і Аляксандрам Чарвяковым, яны прывезлі з сабой узгоднены са Сталіным Маніфест аб стварэнні часовага рабоча-сялянскага ўрада новай рэспублікі. Урад павінен быў стварацца на парытэтных пачатках. Пачалася спрэчка за партфелі, і Мяснікоў здолеў дабіцца, што дзве трэці пасад ва ўрадзе дасталося «абласнікам» — людзям, якія выступалі супраць беларускай рэспублікі ў любым яе выглядзе. На чале ўрада аказаўся Жылуновіч, але кіраўніком спраў стаў Кнорын, які дзяржаўную пячатку выдаваў Жылуновічу толькі пад распіску.

Але тое, што адбылося ўжо ў лютым 1919-га, для многіх было як халодны душ. Цэнтр задумаў аб'яднаць Беларусь і Літву ў адзіную рэспубліку. Пры гэтым ад Беларусі адбіраліся ўсходнія тэрыторыі. Усё павінна было прайсці гладка: падначаленыя на месцах проста выканаюць волю Цэнтральнага камітэта. Але і «секцыі», і «абласнікі» адмовіліся ад гэтай ідэі: і для адных, і для другіх Беларусь і яе існаванне як асобнай рэспублікі сталі ўжо даўно не пустым гукам, гэта пытанне для абедзвюх груп аказалася прынцыповым. Праўда, І з'езд Саветаў, які неўзабаве адбыўся, вымушаны быў прыняць гэтае рашэнне — зноў жа ў парадку партыйнай дысцыпліны. Але падзеі, якія папярэднічалі гэтаму, засведчылі: у Беларусі склалася ўласная палітычная эліта з уласнымі палітычнымі інтарэсамі. Гэта цэнтру не спадабалася, бо «сепаратызму пад савецкім сцягам» не павінна было быць, таму Жылуновіча накіравалі спачатку на журналісцкую работу ў Харкаў, а пасля на палітычную работу ў Чырвоную Армію, а Мяснікова адклікалі ў Маскву на павышэнне, абарваўшы яму ўсе сувязі. Чарвякоў застаўся на пасадзе намесніка народнага камісара асветы. У навастворанай Сацыялістычнай Савецкай Рэспубліцы Літвы і Беларусі ў кіраўніцтве беларусаў не было...

А 31 ліпеня 1920 года, пасля вызвалення Мінска ад палякаў, адбылося другое абвяшчэнне ССРБ — праўда, толькі на тэрыторыі Мінскай і часткова Гродзенскай губерні, як хацелі зрабіць у снежні 1918-га. Тут ужо рэй вялі Чарвякоў і Кнорын, які да яго далучыўся. Уладу ў Мінску ўзяў на сябе Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Беларусі. З самага пачатку ўрад Чарвякова ўзяў курс на беларусізацыю Беларусі — выданне прэсы і лістовак распачалося на ўсіх чатырох дзяржаўных мовах, у тым ліку і на беларускай.

— Якія яшчэ першыя крокі новага ўрада новай рэспублікі можна сёння назваць дбаннем менавіта пра нацыянальнае (у розных сферах — ад культуры і навукі да эканомікі)?

— Урад Савецкай Беларусі яшчэ ў студзені 1919 года прыняў рашэнне аб стварэнні нацыянальнага ўніверсітэта. Прычым спецыяльна дзеля гэтага быў запрошаны акадэмік Яўхім Карскі, той самы, хто першы заявіў пра беларусаў як пра асобны народ. Ён распрацаваў праект універсітэта і агучыў яго яшчэ на І Усебеларускім з'ездзе ў снежні 1917-га. Карскі працягваў работу над збіраннем навуковых і педагагічных сіл для новага ўніверсітэта нават ва ўмовах польскай акупацыі, застаўшыся ў Мінску... Але рэктарам установы ён так і не стаў — яго ў канцы 1920 года адклікала ў Петраград Расійская акадэмія навук — там тады быў востры недахоп навуковых кадраў. Пасаду рэктара заняў Уладзімір Пічэта, які пасля ад'езду Карскага ўзначаліў камісію па стварэнні ўніверсітэта. А Мінскім педагагічным інстытутам кіраваў Усевалад Ігнатоўскі...

Калі казаць пра эканоміку... У плане сялянскай палітыкі беларускія і літоўскія (падчас агульнай рэспублікі) кіраўнікі былі больш рэвалюцыйныя, больш катэгарычныя, чым у Расіі. Яны стаялі на прынцыпах аб'яднання ў камуны яшчэ задоўга да калектывізацыі. З-за палітыкі ваяўнічага атэізму яны яшчэ больш пасварыліся з сялянамі. Пасля 1920-га Чарвякоў зноў зрабіў стаўку на насаджэнне сельскагаспадарчых камун, якія найперш дазвалялася арганізоўваць калектывам дэмабілізаваных чырвонаармейцаў. Толькі ў 1921 годзе была праведзена зямельная рэформа, па якой сяляне атрымалі частку памешчыцкай зямлі.

— Усё гэта адбывалася на тэрыторыі шасці паветаў, якія і складалі тады Беларускую рэспубліку. А ці мела яе тагачаснае кіраўніцтва дачыненне да вяртання беларускіх зямель?

— Пытанне аб пашырэнні тэрыторыі рэспублікі паўстала ўжо ў канцы 1920 года. За подпісам вялікай групы беларускіх камуністаў у Маскву пайшла запіска аб тым, што час далучыць да рэспублікі ўсходнія вобласці: каб тыя беларусы, што засталіся на захад ад мяжы, бачылі, што савецкая ўлада дбае пра іх радзіму. Але ідэя ажыццявілася толькі пры стварэнні СССР, ужо ў складзе адной дзяржавы, калі ў прынцыпе стала не так важна, каму якая вобласць належыць.

— Што з вышыні 100 гадоў можна сказаць пра дзеячаў БНР, якія сталі працаваць у БССР, — яны перамянілі свае погляды ці проста рупіліся аб нацыянальным беларускім дзяржаўным утварэнні (няважна, пад чыёй эгідай)?

— Яны не перамянілі погляды, але яны бачылі і разумелі, што іншай альтэрнатывы для стварэння рэальнай беларускай дзяржаўнасці ў той час і ў тых варунках проста не было.

— Людзі, якія ўсё пачыналі ў БССР, — хто яны больш: ідэалісты ці прагматыкі?

— Сказаць складана. У іх спалучаўся і прагматызм, і ідэалізм. Той жа Чарвякоў быў ідэалістам, таму што верыў у светлую будучыню. Але ён быў і прагматыкам, калі зыходзіў з таго, што нельга ўзяць усё, што можна ўзяць (прыклад — паступовае вырашэнне тэрытарыяльнага пытання). Ён хацеў стварыць умовы для сацыялізму як мага хутчэй, але як мага хутчэй ён хацеў і аднавіць народную гаспадарку — адсюль і камуны, і тое, як пасля праходзіла ў нас калектывізацыя... Зміцер Жылуновіч, чалавек творчы, аказаўся няздатным да палітыкі, але менавіта ён у 1918-м дабіўся ад Сталіна, на той час народнага камісара па справах нацыянальнасцяў РСФСР, дазволу на стварэнне беларускіх нацыянальных камуністычных секцый, з якіх вельмі многае пачалося.

— З пункту гледжання гістарычнай навукі можна абгрунтаваць думку аб тым, што нараджэнне і станаўленне нацыянальнай эліты адбывалася разам з нараджэннем і станаўленнем БССР як найбольш трывалага і доўгатэрміновага праекта дзяржаўнасці?

— Усякая дзяржава, калі яна паўстае, пачынае фарміраваць сваю эліту. А пасля ўжо эліта фарміруе дзяржаву. Фарміраванне эліты ў Савецкай Беларусі адбылося вельмі хутка. Ужо, як згадвалася ў гутарцы раней, у лютым 1919 года ўсім стала ясна, што гэта эліта ёсць і яна мае свой адрозны пункт гледжання. На жаль, гэтая першая плынь была змецена рэпрэсіямі 20-30-х гадоў. Другая плынь — тэхнакратычная, не асабліва дбала пра мову і культуру, але вырашала праблемы эканомікі — гэтую эліту знішчыла вайна. Пасля вайны ў Беларусі з'явілася ўнікальная эліта — «партызанская», якая кіравала на працягу сарака гадоў. З гэтымі людзьмі лічылася цэнтральная ўлада, у многім дзякуючы ім мы атрымалі ў спадчыну краіну з высокім узроўнем адукацыі, з развітымі буйнымі прадпрыемствамі.

— А сённяшняя эліта з пункту гледжання найноўшай гісторыі?

— Гэтая з'ява абсалютна невядомая, новая для нашай гісторыі, бо ўпершыню нацыянальная дзяржаўная эліта фарміруецца ў незалежнай краіне. Але ў прадстаўнікоў гэтай эліты былі выдатныя папярэднікі, пра якіх мы павінны як мінімум ведаць.

Гутарыла Алена ЛЯЎКОВІЧ

Каментары

- Цаны не будзе "Звяздзе," калі яна змясціць на сваім штогадовым календары высокамастацкую рэльефную мапу ССРБ з межамі на 1.01.1919г.!

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.