Вы тут

У белых строях — “Белая Русь”


На Дні дружбы народаў Самарскай вобласці, што святкаваўся нядаўна, сябры беларускай суполкі красаваліся ў новых нацыянальных касцюмах


Алег Ксяндзоў і яго паплечнікі

Самарская рэгіянальная грамадская арганізацыя “Белая Русь” разгортвае актыўнае жыццё ў рэгіёне: мы шукаем сваё месца пад сонцам сярод іншых суполак у вялікім паволжскім горадзе. І 8 верасня ў Самары была добрая нагода, каб сябе паказаць ды на іншых паглядзець — у чарговы раз адзначаўся Дзень дружбы народаў Самарскай вобласці. Свята ладзілася ў Экаградзе “Волгарь”. І на высокім узроўні: асабіста Дзмітрый Азараў, які на той дзень выконваў абавязкі Губернатара Самарскай вобласці (ён жа й перавыбраны на тую пасаду) віншаваў усіх са святам, наведваў стэнды- падворкі этнасуполак. І “Белая Русь” разам з іншымі нацыянальна- культурнымі арганізацыямі вобласці паўдзельнічала ў свяце.

Гасцям і ўдзельнікам Дня дружбы мы прадставілі абноўленую выставу прадметаў побыту беларусаў, а таксама кнігі, альбомы, газеты й часопісы з Бацькаўшчыны. Паказвалі ўсё Дзмітрыю Азараву, дэпутатам губернскай думы і ўсім ахвочым. Наш ансамбль беларускай песні “Белая Русь” гасцей сустракаў прыгожа: у новых беласнежных нацыянальных касцюмах ды беларускімі песнямі. З намі многія хацелі пагаварыць — як пра суполку, так і пра жыццё ў Беларусі, да якой у горадзе немалы інтарэс. Мы хадзілі, знаёміліся з актывістамі розных суполак, разам спявалі песні з прадстаўнікамі іншых народаў, сярод якіх былі чувашы, мардва, украінцы, яўрэі, туркмены...

Актывісты “Белай Русі” правялі азнаямляльную экскурсію па беларускім падворку, які ўжо мае свае характэрныя абрысы ў Парку дружбы народаў. Усе, хто жадаў, змаглі паглядзець на новенькую беларускую хату, гаспадарчыя пабудовы. Беларусы пры тым дзяліліся з намі ўспамінамі пра сваё маленства ў роднай Беларусі, давалі слушныя парады са свайго жыццёвага досведу ці пачутыя ад супляменнікаў па добраўпарадкаванні падворка, прылеглай тэрыторыі, аздабленні хаты звонку і знутры. Там жа, на падворку, нашы ўдзельніцы ансамбля “Белая Русь” паспявалі, зладзілі святочны карагод. На свяце гучалі песні “Мы вам жадаем”, “Беларусачка”, “Зямля з блакітнымі вачамі”, “Чарка на пасашок” ды іншыя.

На здымку (змешчаны ў артыкуле. — Рэд.), стаяць разам са мной (трэці злева) удзельнікі ансамбля “Белая Русь” (злева направа): Маргарыта Постнікава, кіраўніца ансамбля Зоя Ксяндзова, а таксама Галіна Талсташэева, канцэртмайстар Віктар Мыкольнікаў і Таццяна Каршунова. Варта дадаць, што рэпетыцыі ансамбля праводзяцца ў Доме дружбы народаў, а таксама ў памяшканні, якое дае нам Віктар на бязвыплатнай аснове: мы з ім разам служылі ў структурах Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Расіі, а вайсковая дружба — моцная, доўжыцца й цяпер. Дарэчы, мой сябар Віктар — лаўрэат Усеармейскага конкурсу “Калі спяваюць салдаты”, многіх іншых. Так што ў нашых артыстак ёсць у каго вучыцца майстэрству. Наш ансамбль, дарэчы, рыхтуецца адзначыць першую гадавіну 26 лістапада: будзе вялікі канцэрт, на рэпетыцыях ужо развучваюцца новыя песні.

Яшчэ пра нашы навіны. Незадоўга перад святам у Самары з рабочым візітам быў кіраўнік аддзялення Пасольства Беларусі ў Расіі ў горадзе Уфе Пётр Балтруковіч. Наведаў і беларускі падворак у Парку дружбы народаў. З цікавасцю агледзеў пабудовы, што ўзводзяцца, даў высокую ацэнку якасці выкананых работ. Дыпламат, у прыватнасці, звярнуў увагу, як па-майстэрску выкананы ўпрыгажэнні франтонаў, зроблены ліштвы на вокнах ды іншыя элементы хаты ў беларускім стылі. Пры садзеянні Пятра Балтруковіча Міністэрства культуры Беларусі, мы ведаем, падрыхтавала пасылку ў адрас “Белай Русі” з прадметамі побыту для стварэння праўдзівага беларускага інтэр’ еру хаты. Чакаем з нецярпеннем падарунак з Бацькаўшчыны, які нам вышлюць дыппоштай.

Алег Ксяндзоў, кіраўнік суполкіБелая Русь”, г. Самара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.