Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра працяг паспяховага выступлення Арыны Сабаленкі на топ-турнірах, вынікі гульняў у чэмпіянатах краіны па гандболе і футболе.


1. Арына Сабаленка стала пераможцай турніру ў кітайскім Ухані з прызавым фондам большым за 2,7 млн долараў. У фінальным паядынку беларуска абыграла эстонку Анет Кантавейт — 6:3, 6:3. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 13 хвілін.

Раней на гэтым турніры Арына перамагла іспанку Карлу Суарэс Навара, украінку Эліну Світоліну, прадстаўніцу ЗША Сафію Кенін, славацкую тэнісістку Дамініку Цыбулкаву і аўстралійку Эшлі Барці.

Нагадаем, для Сабаленкі гэта другі чэмпіёнскі тытул на прафесійных турнірах пад эгідай Жаночай тэніснай асацыяцыі. Першы яна заваявала ў пачатку верасня ў амерыканскім Нью-Хейвене.

Дзякуючы паспяховаму выступленню цяпер Арына Сабаленка займае 16-е месца ў абноўленым рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі. Аляксандра Сасновіч знаходзіцца на 32-й пазіцыі, Вікторыя Азаранка — на 55-м радку, Вера Лапко — на 60-м.

Рэйтынг WTА па-ранейшаму ўзначальвае румынская тэнісістка Сімона Халеп, другой ідзе Каралін Вазняцкі з Даніі, замыкае першую тройку немка Ангеліка Кербер.

2. Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова перамог у гасцях СКА ў матчы чэмпіянату Беларусі. У пачатку гульні ініцыятывай валодалі гандбалісты з Брэста, якія і выйгралі першы тайм з лікам 18:17, але пасля перапынку армейцы перахапілі ініцыятыву і доўгі час лідзіравалі. Аднак у самым канцы БГК здолеў не толькі дагнаць сапернікаў, але і вырваць перамогу з мінімальнай перавагай — 33:32.

— У душы спадзяваўся на такую гульню, але не быў упэўнены, што ўсё менавіта так атрымаецца, — каментуе матч галоўны трэнер СКА Ігар Папруга. — Невядома, як складуцца наступныя матчы, безумоўна, мы будзем рыхтавацца. Магчыма, гэтым разам брастаўчане нас трохі недаацанілі. Рады, што наша каманда білася. Вынік мог бы быць іншым, калі б не гарачае сэрца Мікіты Вайлупава. Можна сказаць, што за кошт жадання змагацца і атрымалася гульня, але і не склалася з вынікам.

Пасля чацвёртай запар вікторыі БГК набраў 8 ачкоў, у СКА столькі ж балаў.

3. У нядзелю ў чарговым туры чэмпіянату краіны адбылося цэнтральнае дэрбі, барысаўскі БАТЭ сустрэўся з мінскім «Дынама». Лік быў адкрыты на 20-й хвіліне, Кехіндэ Фатаі замкнуў перадачу Ураша Нікаліча, аднак, прапусціўшы мяч, барысаўчане завалодалі ініцыятывай. Станіслаў Драгун зрабіў лік 1:1, а на 78-й хвіліне Дзяніс Палякоў забіў пераможны гол.

Вынікі іншых сустрэч: «Шахцёр» (Салігорск) — «Гарадзея» — 1:0, «Мінск» — «Дняпро» (Магілёў) — 4:0, «Прамень» (Мінск) — «Іслач» (Мінскі раён) — 1:1, «Смалявічы» — «Тарпеда» (Мінск) — 0:2, «Тарпеда-БелАЗ» (Жодзіна) — «Віцебск» — 2:0.

Увечары ў панядзелак 23-ы тур завяршыўся матчам у Гродне паміж «Нёманам» і «Гомелем».

Становішча ў групе лідараў: БАТЭ — 57 ачкоў (22 матчы), «Дынама» (Мінск) — 45 (22), «Шахцёр» — 45 (22), «Віцебск» — 44 (21).

4. Хакеісты «Дынама-Мінск» саступілі омскаму «Авангарду» з лікам 1:2. Наступныя матчы чэмпіянату КХЛ мінскае «Дынама» правядзе на выездзе 4 кастрычніка — з маскоўскім «Спартаком», 6 кастрычніка — з «Сочы», а завершыцца гасцявая серыя 8 кастрычніка гульнёй з фінскім «Ёкерытам».

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Брава, Арына!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».