Вы тут

Крыжовы паход, гопнікі, міфы Старажытнай Грэцыі


Мінск у палоне тэатра: 20 верасня тут пачаўся ўжо восьмы Міжнародны форум тэатральнага мастацтва, і пачаўся ён з праграмы Bеlаrus Ореn. Кожны год гэтая падборка, адабраная куратарам Людмілай Грамыкай, стварае пэўны вобраз сучаснай беларускай сцэны, запрашае калектывы з розных гарадоў краіны, паказвае класічную і новую драматургію. На форуме, які таксама прывозіць спектаклі для сваёй Міжнароднай праграмы, прагляд дзесяці пастановак з Bеlаrus Ореn дазваляе ўбачыць беларускі тэатр у кантэксце сусветных тэндэнцый, формаў і спосабаў выказвання. Так, нам ёсць што і як сказаць са сцэны.


Заўважана, што ў беларускім тэатральным мастацтве ёсць як славутая памяркоўнасць/павольнасць, так і сакрушальныя страсці. Як спакойная вуглаватасць акцёраў, так і нястрымнае вар'яцтва (на спектаклі «Крыжовыпаходдзяцей» Юры Дзівакова гледачоў першых радоў накрывалі тканінай, таму што ў іх бок персанажы «пырскалі» са смеху з поўным ротам кампоту. Мне меры засцярогі не зусім дапамаглі, і, вярнуўшыся дадому, я адразу пайшла ў ванну). Як перапляценне адсылак, метафар, сэнсаў, так і паслядоўны аповед пра беларускую культуру з вуснаў, напрыклад, Івана Кірчука.

Усё пачалося з «Рэвізора» — адаптацыі п'есы Мікалая Гогаля Купалаўскім тэатрам і, у прыватнасці, Мікалаем Пінігіным з Дзмітрыем Цішко. Пастаноўка, прэм'ера якой у свой час прагучала праз у тым ліку пераклад Гогаля на трасянку, паказала, наколькі актуальнымі застаюцца некаторыя асаблівасці грамадства, якасці чыноўнікаў і выкрутасы «выканальнікаў». Сапраўды смешная камедыя з цудоўнымі ролямі зрабіла адсылкі да сённяшняга жыцця, дадала сэнсаў метафарычнымі рэжысёрскімі рашэннямі і забяспечыла магчымасцю праз смех і слёзы канстатаваць, што гэтым разам на тэатральнай сцэне аказалася рэальнае жыццё. Класічны спектакль з выкшталцонай работай над сэнсамі і алюзіямі.

Таксама на драматургіі расійскага аўтара заснавана пастаноўка Маладзёжнага тэатра «Чалавек з Падольска» Дзмітрыя Багаслаўскага. Галоўны герой, трыццацігадовы жыхар Падольска Мікалай, аказваецца ў аддзяленні паліцыі, якое, у сваю чаргу, аказваецца матывавальным ізалятарам. Паліцэйскія, сярод якіх жанчына з томным голасам, даюць зразумець свайму ўтрыманцу, што ён жыве без мэты, не бачыць прыгажосці вакол, не цэніць родны горад і з залішнім захапленнем глядзіць на Амстэрдам. І гэта моцна патыхае надуманасцю і беспадстаўным дзіцячым энтузіязмам, затое выкарыстоўвае распаўсюджаную сёння відэапраекцыю, гуляе з прасторай і ўцягвае ў пастаноўку наваколле: акцёры адкрываюць акно, адтуль гучыць музыка, з яго хочуць выкінуцца...

На Bеlаrus Ореn быў паказаны цудоўны, мерны, мілагучны спектакль «Дарожка мая» Аляксандра Казака, які супакоіць вашу душу. У монаспектаклі Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы Іван Кірчук правёў гледачоў па жыццёвым цыкле праз беларускі фальклор. Ён скарыстаўся бязмернай колькасцю музычных інструментаў, аб большасці з якіх мы нават не падазравалі, праспяваў народныя песні, расказаў жарты са сваіх вандровак па Беларусі і закрануў наша язычніцка-хрысціянскае мінулае з яго звычаямі, прымхамі, замовамі і іншым. Гэта неверагодна, як з мінімумам дзеяння, без сюжэта і інтрыгі (структура спектакля становіцца зразумелай амаль з пачатку) Іван Кірчук трымае ўвагу і засяроджвае энергію на сцэне.

«ТЭАРТ» прадставіў публіцы адразу два спектаклі аднаго з найярчэйшых сучасных тэатральных рэжысёраў Беларусі Яўгена Карняга. Напрыклад, вельмі для беларускага асяроддзя незвычайны, але магічна прыгожы, пластычны, стыльны «Бетон» з рэпертуару Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Акцёры, якія ўвасабляюць то персанажаў міфаў Старажытнай Грэцыі, то ўмоўных сучасных людзей, вымушаны дзейнічаць у/вакол/каля халоднай тэкстуры бетону. Гісторыя заснавана на міфе пра Арфея, Эўрыдыку і іх каханне, але расказваецца не наратыўным спосабам, а праз рухі, маўклівасць, вобразнасць, разыграныя эцюды, што складваюцца ў пэўны пазл, і смеласць казаць так, а не інакш.

Бляск, выбух, успышка. Пастаноўка «Крыжовыпаходдзяцей» Юры Дзівакова ад «Арт Карпарэйшн» — проста вар'яцтва, але якое! Начынены сэнсамі, падсэнсамі, міжсэнсамі спектакль распавядае гісторыю пра крыжовы паход дзяцей з галадаючай французскай вёскі ў Сярэднявеччы. З гратэскам, крыкамі, нецэнзурнай лексікай, нарэшце гучнымі і яўнымі эмоцыямі, вынаходлівым і іранічным сцэнічным рашэннем. Мы глядзелі на карыкатурныя касцюмы, бачылі галодных, але апантаных ідэяй дзяцей, апантанага помстай царкоўніка, апантанага ўцёкам ад нудоты багацея. Мы сталі сведкамі, як усё пераўтвараецца ў нешта грандыёзнае, і гэта грандыёзнае дзіўным чынам навісла над прасторай, хоць ні ў касцюмах, ні ў рэквізіце не было ніякай велічы ці дасканаласці. У спектаклі раптам увасобіўся цэлы свет і яго трагедыі, і яго гісторыя, і яго страсць.

Апошні спектакль Bеlаrus Ореn быў паказаны 24 верасня, і гэта быў «Mаnn іst mаnn» Аляксея Ляляўскага, без якога, як і без лялечнага, вобраз нашага тэатра — няпоўны. «ТЭАРТ» зноў адказаў на пытанне, што сабой уяўляе беларускі тэатр, тэмпы развіцця якога ўвесь час ацэньваюць у негатыўным ключы. Мяне скарыла здольнасць працаваць у традыцыйных формах, але ўзважана, тонка і метафарычна; пошукі новай мовы і здольнасць зрабіць яе такой змястоўнай, каб нават не ўзнікла думкі пра фармалізм; зайздросная вынаходлівасць і вобразнасць ва ўмовах абмежаванага бюджэту. Нарэшце, эмоцыі, якія не трэба хаваць. Безэмацыянальная нацыя смяецца, баіцца кампоту, напаўняецца цеплынёй і ідзе ў адрыў. Натуральна, тэатр — адно з найлепшых месцаў, каб выйсці за межы. У якіх заўгодна сэнсах.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.