Вы тут

Уліковы запіс


Прастора неабмежаванай шчырасці і гэткага ж самага неабмежаванага падману перастала быць віртуальнай


Справу, якую на гэтым тыдні разбіраў суд Савецкага раёна сталіцы — з папулярнага разраду «Як нас дураць», — інакш чым абсурднай не назавеш. Малады хлопец у сеціве прыкідваўся жанчынай. Прычым зусім не з мэтай рэалізаваць свае нетрадыцыйныя фантазіі. Аляксандр М. ператвараўся ў віртуальнай прасторы то ў Таццяну, то ў Ірыну, заводзіў знаёмства з мужчынамі (сапраўднымі) і пачынаў скардзіцца на лёс. То ў яго (выбачайце — у яе) не хапала грошай, каб аплаціць камуналку, то неадкладна трэба было купіць жыццёва важныя лекі, то зрабіць аборт ад нягодніка, які «яе» пакінуў без сродкаў на існаванне. І што вы думаеце — ніхто без праверкі на гэты шыты белымі ніткамі «развод» не клюнуў? А вось і не: вынаходліваму махляру спагадлівыя прадстаўнікі моцнага полу пералічылі 26 тысяч долараў! Прычым без якіх-небудзь гарантый ці авансаў на ўдзячнасць хоць у якім яе ўвасабленні. А вы кажаце, людзі чэрствыя сталі, мужчын у нас сапраўдных няма. Ёсць, аказваецца. Як мінімум шэсцьдзясят тры асобіны (менавіта столькі пацярпелых праходзяць па справе) — нават у адной судовай зале змясціцца не маглі, прынамсі, так тыя, хто там быў, казалі...

Пра тое, чым думалі «джэнтльмены», якія, нават не бачачы чароўную незнаёмку, пераводзілі ёй на мабільны тэлефон грошы (прычым, здаралася, немалыя: адзін умудрыўся паслаць «няшчаснай» аж трыццаць дзевяць тысяч рублёў), разважаць не хочацца. Тым больш многія з іх на судзе заявілі, што прэтэнзій да абвінавачанага няма — што і не дзіўна: прэтэнзіі ў іх тут могуць быць да ўласнай неабачлівасці, і гэта мякка сказана. Мяне ў гэтай трагікамічнай гісторыі больш вось які момант зачапіў. Пракурор, звяртаючыся да аднаго з пацярпелых, пыталася: «Калі вы пазнаёміліся з...» І тут павісла няёмкая паўза, бо абвінаваўца не ведала, якім чынам назваць падсуднага: ці то па сапраўдным імені, ці то па жаночым, па якім яго пацярпелы ў віртуальнай прасторы і ведаў. «...з уліковым запісам», — дапамог пракурору суддзя, знайшоўшы нейтральна-ўніверсальнае і вельмі дакладнае паняцце.

Па сутнасці, мы ўсе, тыя, хто мае хоць адну старонку ў сацыяльных сетках, хто каментуе публікацыі ў сеціве, — не людзі, не асобы, а «ўліковыя запісы». Колькі ў гэтым запісе будзе сапраўднага, — вырашаеш толькі ты сам. У інтэрнэце ніхто не спытае пасведчанне асобы, не зверыць фота з арыгіналам. Ты можаш сябе назваць Аленам Дэлонам ці Здыхлікам Несмяротным, памаладзіцца на дваццаць гадоў, а на аватарку (фота на галоўнай старонцы) паставіць здымак бабулі ў маладосці, мадэлі з таго ж сеціва або любімага сабачкі, які здох у мінулым годзе. Ты можаш весці ў сеціве дзённік, дзе будзеш пісаць тое, што сапраўды хвалюе, ці проста «выкалупваць» разумныя думкі з кніг класікаў, выдаючы іх за ўласныя. Ты можаш у жыцці быць спакойным і разважлівым, а на старонцы ў сацсетках — казановай ці месалінай, прычым твая сапраўдная прыналежнасць да полу тут не мае ніякага значэння. І ў цябе, хто б ты ні быў і што б у віртуальнай прасторы не вычвараў, абавязкова знойдзецца як мінімум некалькі дзясяткаў сяброў. Сярод іх, напэўна, будзе толькі працэнтаў пяцьдзясят тых, каго ты асабіста ведаеш у твар (але гэта толькі пры ўмове, што на тваёй старонцы аб табе самім будзе ўсё ж больш праўды, чым фантазіі)...

Што ў тым страшнага, спытаеце? Калі паглядзець павярхоўна, дык наадварот: столькі магчымасцяў рэалізаваць свае патаемныя жаданні, пабыць такім, якім не можаш дазволіць быць у рэальным жыцці, адолець усе свае страхі і сумненні. І тады ў рэальнае жыццё, дзе ты ніякі не ўліковы запіс, а жывы чалавек з пашпартам, прапіскай і месцам працы, выходзіш з гэтага віртуальнага чыстца з яснай галавой, незаплямленым сумленнем, прасветленымі вачыма... Ідэальнае грамадства ідэальных людзей будзе ўладарыць на зямлі ў хуткім часе.

Толькі вось... Ведаеце, чаму гэтага ніколі не будзе? Таму што «ўліковыя запісы» ўжо вырваліся з сеткі і перамагаюць жывых людзей. Бо інтэрнэт — прастора неабмежаванай шчырасці і гэткага ж самага неабмежаванага падману, — стаў ужо не віртуальнай, а самай што ні ёсць рэальнай рэальнасцю. Бо мы, самі ператварыўшыся ва «ўліковыя запісы», усё часцей маем зносіны з гэткімі ж самымі «ўліковымі запісамі». Нашмат часцей, чым з жывымі людзьмі. І гэта ўжо нармальна — пералічыць грошы чалавеку, якога ніколі ў жыцці не бачыў і нават не ведаеш, ці існуе ён на самай справе і якога ён полу, але які так жаласліва піша. Замест таго, каб, калі ўжо так хочацца быць высакародным дабрачынцам, пайсці ў найбліжэйшы дзіцячы прытулак ці дом састарэлых, які, магчыма, знаходзіцца пад вокнамі дома, і дапамагчы тым, хто (і гэта на свае вочы можна ўбачыць) мае ў гэтым патрэбу. Але ж «уліковыя запісы» не ходзяць нават праз дарогу. Яны сядзяць за гаджэтамі і гуляюць у прыдуманае жыццё, якое так мала агульнага мае з сапраўдным.

Вынаходлівага хлопца, які выцягнуў у даверлівых мужыкоў грошы, прысудзілі да пяці гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці па артыкулах за махлярства ў асабліва буйных памерах і вымагальніцтва. «Так яму і трэба», — скажуць адны. «За што?» — абсалютна шчыра здзівяцца іншыя. І адны, і другія будуць мець сваю аргументаваную рацыю. Бо мы яшчэ не выпрацавалі адзінай формулы паводзін, адзіных адносін у сітуацыях, якімі кіруюць «уліковыя запісы». Што ж, у нас на гэта будзе яшчэ не адна нагода.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.