Вы тут

На некаторых новых працоўных месцах на Віцебшчыне плацяць Br 1,3 тыс.


Работу органаў мясцовай улады па забеспячэнні ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця абмеркавалі на чарговай сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў.


У прыватнасці, па словах старшыні камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Анжалікі Нікіцінай, Прыдзвінскі край — сярод лепшых у краіне па экспарце, колькасці інавацыйнай прадукцыі, узроўні складскіх запасаў вырабленага. Навідавоку і іншыя станоўчыя вынікі.

Але ёсць і рэзервы для таго, каб эканоміка стала больш устойлівая. Напрыклад, кіраўніцтва аблвыканкама неаднаразова патрабавала пераарыентаваць пастаўкі прадукцыі за мяжу. Вядома, што ў гэтым пытанні супрацоўнічаць з Расіяй, мякка кажучы, бывае няпроста. Таму канкурэнтаздольныя тавары трэба больш актыўна прасоўваць, напрыклад, ва Украіну, Казахстан, Арменію, Туркменістан. І, вядома, неабходна больш рашуча засвойваць прывабны рынак Еўрапейскага саюза. Пры гэтым, зноў жа, якасць тавараў павінна быць высокая, а цана параўнальна нізкая. Пакуль жа ў цэлым па экспарце сітуацыя складаная. А канкрэтна — пры заданні не менш за 65 % долі продажаў за мяжу вытворцы выйшлі на ўзровень 47 %.

Старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Хрыстафораў канстатаваў, што сітуацыя на рынку працы стабільная. Узровень беспрацоўя ў першым паўгоддзі склаў 0,6 % (ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва) пры дапушчальным 2 %. На ўліку ў службе занятасці было зарэгістравана прыблізна 2,8 тысячы беспрацоўных. А колькасць вакансій, заяўленых наймальнікамі, перавышала 6,7 тысячы. У ахвотных ёсць магчымасці атрымаць новую спецыяльнасць, пераехаць на пастаяннае месца жыхарства ў іншы населены пункт. Як і распачаць сваю справу, ды не «з нуля», а атрымаўшы пад'ёмныя для стварэння бізнесу.

Сярэдняя заработная плата за шэсць месяцаў склала 773,5 рубля, а тэмп росту да адпаведнага леташняга перыяду — 119,5 %. Сярод новых рабочых месцаў ёсць такія, дзе плацяць добра, напрыклад, 1,3 тысячы рублёў у месяц. Аляксандр Хрыстафораў нагадаў, што ў наступным годзе тыя, хто афіцыйна нідзе не працуюць, будуць поўнасцю аплачваць некаторыя камунальныя паслугі. І гэтая перспектыва — добры стымул, каб легалізавацца.

Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў запатрабаваў актывізавацца, каб выканаць усе пастаўленыя задачы. Да канца года засталося не так шмат часу, а значыць, выканаўчай і прадстаўнічай уладам трэба працаваць не складаючы рук. На жаль, аўтсайдары — а гэта пераважная колькасць раёнаў — цягнуць усю вобласць назад.

Каб выправіць сітуацыю, не трэба вынаходзіць ровар. Неабходна выкарыстоўваць правераны гадамі алгарытм. Напрыклад, прапаноўваць інвестарам прывабныя праекты, дапамагаць ім рэалізоўваць свае, больш актыўна выкарыстоўваць нерухомасць, якая не запатрабаваная, рэкламаваць магчымасці набыцця зямельных участкаў.

Чарговы раз народным выбраннікам нагадалі, што неабходна шукаць рэзервы для скарачэння бюджэтных выдаткаў. І па-ранейшаму ад рэгіёнаў чакаюць зніжэння датацыйнасці. У ідэале яны павінны самі сябе забяспечваць.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Шукаць рэзервы і магчымасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».