Вы тут

Мікрараён для шахцёраў з'явіцца ў Петрыкаве


Да канца года на Гомельшчыне ўвядуць у эксплуатацыю 450 тысяч квадратных метраў жылля. Будаўніцтва вядзецца практычна ва ўсіх раёнах вобласці. У самім Гомелі амаль тысячу кватэр забудоўшчыкі прапануюць на продаж ужо сёлета.


Як расказаў старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Гомельскага аблвыканкама Андрэй Бараноўскі, 100 тысяч квадратных метраў узводзяцца з дзяржаўнай падтрымкай — для людзей, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, астатнія — па прынцыпе долевага ўдзелу. Налета аб'ём дзяржпадтрымкі мяркуюць павялічыць удвая.

У Петрыкаве ў наступным годзе будзе закладзены новы жылы мікрараён Усходні. Для яго ўжо абрана пляцоўка, цяпер распрацоўваецца план дэталёвага праектавання тэрыторыі з неабходнай інфраструктурай. Таксама для шахцёраў горна-абагачальнага камбіната актыўнымі тэмпамі ўзводзяцца шматкватэрныя дамы ў існуючым мікрараёне Паўночны. Суразмоўнік паведаміў, што першачарговая задача — забяспечыць жыллём больш за 700 чалавек, якія прыедуць на новае прадпрыемства:

— Дарэчы, кіраўніцтва ГАКа выйшла з ініцыятывай аб будаўніцтве шматкватэрных дамоў для супрацоўнікаў камбіната і іх сем'яў. У планах на наступны год — пяць новых дамоў у Петрыкаве. Чатыры з іх — на 180 кватэр, яшчэ адзін па дамовах долевага будаўніцтва — на 40 кватэр. Першыя навасёлы змогуць засяліцца ўжо ў чэрвені наступнага года. Абмяркоўваецца і магчымасць будаўніцтва дома (з размяшчэннем васьмі кватэр на паверсе) па новым праекце Гомельскага ДБК, які рэалізаваны ў Добрушскім раёне.

Трэба дадаць, што распрацоўка Петрыкаўскага радовішча калійных соляў з запускам новага горна-абагачальнага комплексу стала адным з самых буйных інвестпраектаў ААТ «Беларуськалій» за апошнія гады. Праектная магутнасць Петрыкаўскага ГАКа складзе не менш за 1,5 мільёна тон хларыду калію ў год. Першую чаргу плануюць здаць у эксплуатацыю ў канцы наступнага года.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?