Вы тут

Ацяпленне па графіку, прыбіранне падвалаў і юбілейныя пасадкі


Батарэі стануць гарачымі, калі сярэднясутачная тэмпература на вуліцы будзе не большай за 8 градусаў на працягу пяці дзён. Камунальнікі разам з жыхарамі пазбавяцца ад непатрэбных рэчаў з балконаў і прыбяруцца ў падвалах і пад'ездах. А «Мінскзелянбуд» падчас кастрычніцкіх суботнікаў пакажа мінчанам, як правільна саджаць дрэвы і кусты. Пра гэтыя і іншыя задачы па добраўпарадкаванні сталіцы і яе падрыхтоўцы да зімы расказалі спецыялісты.


Капрамонт двароў і новыя паркоўкі

Больш за 25 тысяч дрэў, звыш за 50 тысяч кустоў і больш як 9 мільёнаў кветак сёлета азелянілі сталіцу. А больш як 1000 прадпрыемстваў добраўпарадкавалі свае тэрыторыі.

— Праведзены агляд-конкурс на найлепшае добраўпарадкаванне, утрыманне і кветкавае афармленне аб'ектаў вызначыў пераможцаў. Яны атрымалі дыпломы і прызы. Гэта стымул для суб'ектаў гаспадарання не толькі падтрымліваць на сваіх тэрыторыях чысціню, але і добраўпарадкаваць яе, — заўважыла Марына МАЛАЕВА, начальнік упраўлення гарадской гаспадаркі і энергетыкі Мінгарвыканкама.

Добраўпарадкавана таксама больш за 650 дваровых тэрыторый. Бягучы рамонт па паляпшэнні пакрыццяў вуліц і дваровых праездаў зроблены больш як на 800 тысячах м2. У сталіцы з'явілася звыш 6000 дадатковых парковачных месцаў і больш як шэсць інжынерных збудаванняў для захавання аўтамабіляў: стаянак і падземных гаражоў-стаянак.

Пасля перапынку ў некалькі гадоў сёлета ў сталіцы аднавілі работу па капітальным рамонце дваровых тэрыторый. У трох з дзесяці двароў 12 жылых дамоў, запланаваных да капрамонту, работы канчаткова завершаны.

— Наступным годам плануецца адрамантаваць такім чынам 28 двароў для 47 дамоў. Мы мяркуем, што гэтая работа будзе адноўлена і стане праводзіцца пастаянна, — спадзяецца Галіна ГІЛЕВІЧ, начальнік аддзела землеўпарадкавання і капітальнага рамонту дваровых тэрыторый Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі.

У пералік работ па капрамонце двароў уваходзіць пашырэнне праездаў, рамонт асфальтавага пакрыцця, замена пешаходных дарожак, уладкаванне кантэйнерных пляцовак, стварэнне дадатковых месцаў для паркоўкі, абрэзка аварыйных дрэў, устаноўка дзіцячага абсталявання і малых архітэктурных формаў і іншае.

Абнаўленне сметніц і пад'ездаў

Месячнік па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый, які мае на мэце дапамагчы мінчанам падрыхтавацца да зімы, пачнецца 1 кастрычніка. За гэты месяц мяркуецца прыбраць у горадзе лісце, добраўпарадкаваць двары, адрамантаваць больш як 130 тысяч м2 пакрыцця дарог і звыш 250 прыпынкаў.

— Падчас месячніка плануецца пасадзіць больш як шэсць тысяч дрэў і 20 тысяч кустоў. Аднак пасадка зялёных насаджэнняў працягнецца да канца года, — дадала Марына Малаева і выказала спадзяванне, што да работы падчас суботнікаў далучацца працоўныя калектывы і жыхары.

Падчас месячніка традыцыйна будуць прыбраны пад'езды, падвалы, двары, адрамантаваны газоны. Сумесна з жыхарамі плануецца дагледзець зялёныя насаджэнні. А разам з арганізацыямі, якія аказваюць паслугі па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі, і жыллёвымі арганізацыямі — навесці парадак на кантэйнерных пляцоўках, расказала Галіна Гілевіч:

— Такая работа патрабуе пастаяннага ўдзелу і абнаўлення. Кантэйнеры знаходзяцца на вуліцы, а гэта і дождж, снег, з імі працуюць механізмы машын.

100 яблынь, 30 ясеняў і 10 тысяч хваёвых

«Мінскзелянбуд» у кастрычніку плануе высадзіць каля 5000 дрэў і 11 тысяч кустоў. Асноўныя месцы пасадкі: кальцавая аўтадарога, паркі і скверы. У пэўных месцах пасадкі прымяркуюць да юбілейных дат розных арганізацый.

Напрыклад, у Лошыцкім парку зробяць алею з памятным каменем, прысвечаную 100-годдзю МУС. У гонар 45-годдзя «Мінскзелянбуда» Заводскага раёна высадзяць алею з 30 ясеняў. Яшчэ адна алея з'явіцца ў гонар 80-годдзя Савецкага раёна сталіцы, расказала Анжаліка ПУЗАНКОВА, кіраўнік службы па добраўпарадкаванні і ўтрыманні аб'ектаў зялёнай гаспадаркі «Мінскзелянбуда»:

— 100 яблынь па ініцыятыве БРСМ моладзь высадзіць у парку Перамогі, а ў парку Курасоўшчына абсталююць і адкрыюць экасцежку. Усе гэтыя мерапрыемствы ўжо адпрацаваны, пад іх адабраны пасадачны матэрыял і вызначаны месцы высадкі.

Сталічныя азеляняльнікі гатовыя дапамагчы ўсім ініцыятыўным грамадзянам і арганізацыям з падборам пляцоўкі для пасадкі раслін, даць інструмент і вытрымаць тэхналогію пасадкі. Акрамя таго, мяркуецца прыбраць прыгарадныя лясы.

Да канца года таксама будуць азеляняцца тэрыторыі школ, аб'ектаў будаўніцтва ва Уруччы, для эстэтызацыі праспекта Пераможцаў высадзяць больш як 10 тысяч хваёвых раслін.

Штрафы за жывёл і кінутыя аўто

У кастрычніку камунальнікі разам з прадстаўнікамі прадпрыемстваў «Экарэс» і «БелВТІ» запланавалі больш як 50 акцый па зборы ў насельніцтва непатрэбнай бытавой тэхнікі. Жыхарам прапануюць таксама ачысціць ад лішніх рэчаў свае балконы і месцы агульнага карыстання.

Сумесна з прадпрыемствам «Фаўна горада» жыллёвыя службы правераць, як мінчане ўтрымліваюць хатніх жывёл. Ужо адбылося больш як 40 рэйдаў, падчас якіх правяралі рэгістрацыю гадаванцаў і правілы іх выгулу. Па выніках склалі больш за 20 пратаколаў, каля 20 чалавек аштрафавалі больш як на 1000 рублёў.

Разам з ДАІ камунальнікі плануюць таксама прасачыць, як машыны паркуюцца ў дварах і ці ёсць там кінутыя аўто. У Мінску ўжо было знойдзена больш як 2000 такіх машын. Амаль палову з іх прывялі ў больш-менш належны стан, частку — утылізавалі, частку — перамясцілі для захавання ў іншыя месцы. Уладальнікаў больш як 1000 аўто шукаюць або рыхтуюць ім дакументы ў суд ці даюць час на эвакуацыю старой машыны.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Сталіца рыхтуецца да зімы

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.