Вы тут

Павел Холад: У размовах з дзецьмі адкрываюцца недзіцячыя ісціны


Гэтую сям'ю чытачы «Сямейнай газеты» добра ведаюць па «Нататках шматдзетнага таткі». Іранічныя, але не пазбаўленыя філасофскай глыбіні замалёўкі, дзе ў галоўных ролях — дзеці, нікога не пакідаюць абыякавым. Нарэшце настаў час бліжэй пазнаёміцца і з самім аўтарам вясёлай рубрыкі — Паўлам Холадам, і яе героямі — усёй яго сям'ёй.


— Ці думаў я, што аднойчы стану шматдзетным бацькам? Нават уявіць такога не мог. Калі б нехта мне маладому сказаў, што чакае мяне наперадзе, я б дужа спалохаўся і доўга б не жаніўся, — смяецца Павел. — Насамрэч, усё куды прасцей, чым падаецца на першы погляд. Ты ж не адразу на пяцярых адважваешся. Усё адбываецца паступова.

— Дзеці нараджаюцца ад вялікай любові, а не таму што нехта марыць пра вялікую сям'ю, — дадае яго жонка Таццяна.

З Холадамі мы сустракаемся ў парку Дразды, што на ўскрайку Мінска. Тут усе. Тата Павел, які спяшаўся на сустрэчу з офіса Міжнароднай арганізацыі па міграцыі, дзе ён працуе каардынатарам праграм. Мама Таня, што выкраіла гадзінку паміж шматлікімі хатнімі справамі. Падлетак з сур'ёзнымі карымі вачыма — Арсеній. Самы старэйшы з дзяцей (яму 15), нядаўна стаў ліцэістам БДУ. Светлавалосая дзяўчынка — Марта. Толькі ўступіла ў пераходны ўзрост, таму ўсё надзвычай блізка ўспрымае да сэрца. Васьмігадовыя блізняты Вера і Поля падобныя як дзве кроплі вады. Павел прызнаецца, што са спіны нават ён можа іх пераблытаць, асабліва калі яны аднолькава апранутыя. Шумнай Ксеніі яшчэ няма і двух гадкоў, яна не без задавальнення прыцягвае да сябе ўвагу навакольных і адорвае іх усмешкамі.

— З Таняй мы пабраліся шлюбам праз паўгода пасля знаёмства. Мне было 24, ёй — 21. Ніякіх роздумаў наконт адсутнасці ўласнага жылля і не вельмі прыбытковай працы ў нас не было. Пакахалі адно аднаго, пажаніліся і пайшлі дзеці — без ніякіх «але» і «калі». Не збіралі грошы і не чакалі падыходзячых момантаў. Мы кіраваліся прынцыпам — праблемы трэба вырашаць у парадку іх узнікнення. Як ні дзіўна, у нас выхад з любой сітуацыі знаходзіцца сам сабой. Так, у матэрыяльным плане зараз значна лягчэй, чым было, калі ў нас быў толькі адзін Арсеній.

— Сучасная моладзь спачатку думае пра матэрыяльны дастатак і толькі пасля адважваецца на стварэнне сям'і...

— Прызнацца, першым часам не ўсе блізкія нас разумелі. Думалі, што мы нараджаем дзяцей, не падумаўшы. Я адзіны сын у сям'і, у Тані толькі адна родная сястра. Але, напэўна, нам наканавана лёсам быць шматдзетнымі бацькамі. Маіх дзядулю і бабулю таксама звалі Павел і Таццяна. І ў іх было... пяцёра дзяцей! Чатыры дачкі і адзін сын. Дарэчы, мы супаставілі факты толькі пасля нараджэння блізнят.

— Ганарыцеся статусам «шматдзетнай сям'і»?

— У нашым доме хапае шматдзетных сем'яў, таму ніякай выключнасці мы не адчуваем, — кажа Таццяна.

— Не люблю ярлык «шматдзетная сям'я». Ні ў якім разе не ганаруся тым, што ў мяне пяцёра дзяцей. Няма ў гэтым нічога занадта асаблівага. У кагосьці двое, трое, восем ці ўвогуле няма. Кожная сям'я — асобны сусвет, які ўпарадкаваны па сваіх правілах. Чалавек павінен ганарыцца не колькасцю дзетак і нават не іх поспехамі, а тым, што ён змог даць ім любоў і шчаслівае дзяцінства. Каб гэты запас светлых пачуццяў застаўся з імі на ўсё жыццё, і яны маглі перадаць яго далей. Па вялікім рахунку дзіцяці, акрамя любові, нічога не трэба, — лічыць Павел.

— У «Нататках» ёсць эпізоды, дзе вы не прызнаяцеся, колькі ў вас дзяцей. Чаму?

— А навошта казаць, калі не запытваюцца? Адкрыю сакрэт: гэтая інфармацыя ў некаторых людзей выклікае шок. Напрыклад, на пашпартным кантролі памежніцы пастаянна засыпаюць фразамі накшталт: «Ой, колькі іх! Гэта што, усе вашы? Ад аднаго шлюбу? Як жа вы спраўляецеся, бедненькі?» Прычым жонцы такіх пытанняў не задаюць. А летась у аэрапорце Грэцыі памежнік, прагортваючы штампы ў пашпарце, спачувальна сказаў: «Столькі дачок... Цяжка вам будзе, калі прыйдзе час іх замуж выдаваць!»

— Як размяжоўваеце хатнія абавязкі?

— Як мама скажа, так і будзе, — умешваецца ў размову Арсеній і выклікае смех бацькоў.

— Але гэта праўда, — дадае Павел.

— Ёсць меркаванне, што быццам сыны больш цягнуцца да матуль, а дочкі да бацькі. Як у вас?

— Сучасныя дзеці цягнуцца да вайфаю, прычым гэта не залежыць ад полу, — зноў жартуе Арсеній.

— І не толькі дзеці, — парыруе бацька. — Насамрэч, вайфай — тэма набалелая. У нашым доме ён адключаецца толькі ў крайніх выпадках, калі сітуацыя зусім выходзіць з-пад кантролю.

— Хто ў сям'і галоўны?

— Канешне, я! — кажа Павел, і ўсе зноў смяюцца. — Роўна настолькі, наколькі каралева Елізавета кіруе Англіяй. Калі шчыра: чым больш дзяцей, тым большая верагоднасць, што руліць у сям'і будзе жонка. Але гэта не перашкаджае мужу лічыць, што ён галоўны. Усе мужчыны крышачку дзеці, нам важна адчуваць сябе на п'едэстале.

Таццяна з мужам не згаджаецца:

— Ёсць пытанні, якія я магу вырашыць сама. Але і шмат сітуацый, калі апошняе слова дакладна будзе за Паўлам.

— Павел, а вы строгі бацька?

— Лічу, што свабода для дзяцей — гэта не так страшна, як залішнія забароны. Прызнаюся, у плане выхавання я далёкі ад ідэалу. Не правяраю дамашнія заданні і не адчытваю за дрэнныя адзнакі. На бацькоўскіх сходах чакаю, каб яны хутчэй скончыліся, у той момант, калі некаторыя бацькі старанна выпісваюць адзнакі з класных журналаў, задаюць пытанні настаўнікам.

Аднойчы сын атрымаў «тройку», і мы разам з гэтага пасмяяліся. Я яго нават з гэтым павіншаваў. А калі ён выдатна здаў уступныя экзамены ў ліцэй БДУ і прайшоў конкурс у шэсць чалавек на месца, я быў вельмі здзіўлены. Не чакаў. Дарэчы, поспехам дзяцей радуешся больш, чым сваім. Асабліва, калі адкрываюцца таленты, якіх у цябе няма. Арсеній — першы фізік у сям'і. У нас гуманітарная дынастыя: адны творчыя асобы.

— Многія жанчыны задаюцца пытаннем: «Як заахвоціць мужа да ўдзелу ў выхаванні дзяцей?»

— Прызнаюся: часам я таксама «адлыньваю» ад сваіх абавязкаў. Прыйдзеш дадому пасля работы і так хочацца пасядзець у «Фэйсбуку» ці паляжаць на канапе. Сітуацыя знаёмая многім, праўда? Але калі дзеці побач, яны абавязкова задумваюць нейкую гульню, уцягваюць у свой кіпіш і тады застацца ўбаку ад іх немагчыма.

— У вас, як у бацькоў з вялікім досведам, ёсць свае сакрэты выхавання?

— У нашым выпадку дзеці больш выхоўваюць нас, чым мы іх. Наша задача — проста сачыць за парадкам і дысцыплінай. Ніякіх спецыяльных хітрыкаў ці методык, выхаванне адбываецца само па сабе, гэта працэс, закладзены прыродай.

— Адкуль узяліся «Нататкі шматдзетнага таткі»?

— Вядома, з жыцця! Але трэба аддаць належнае сацыяльным сеткам. Без іх усе назіранні маглі б назаўсёды застацца толькі ў маёй галаве. Я рабіў запісы на «Фэйсбуку» і яны хутка сталі папулярнымі — збіралі шмат «падабаек» і каментарыяў. Спачатку мне здавалася, быццам я проста фіксую трапныя выказванні і смешныя сітуацыі. Але ў размовах з дзецьмі часам адкрываюцца зусім недзіцячыя ісціны. Пэўна, гэта і чапляе людзей. Мне пашанцавала: з моманту першага посту ў сацсетцы да серыі кніг пра ўласных дзяцей прайшло ўсяго два з паловай гады. Зараз ёсць жаданне выдаць усе «Нататкі» ў адной кнізе і менавіта на беларускай мове.

***

Здаецца, жыццё гэтай сям'і склалася такім чынам, што і пажадаць больш няма чаго. І ўсё ж на развітанне пытаюся ў «шматдзетнага таткі»:

— Ці шкадуеце аб чым-небудзь?

— Толькі аб тым, што некалі паддаўся на ўгаворы і дома з'явілася кошка. Калі кватэру разносяць дзеці — гэта нармальна, але калі да іх кампаніі дадаецца гэты пушысты камячок — гэта ўжо перабор.

Ганна КУРАК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».