Вы тут

Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра найбольш значныя законапраекты


Традыцыйна ў пачатку кастрычніка адкрываецца восеньская сесія беларускага парламента. Напярэдадні новага заканатворчага сезона старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка ў інтэрв'ю карэспандэнту БелТА расказаў пра найбольш значныя для сацыяльна- эканамічнага жыцця краіны законапраекты, падрыхтоўцы слуханняў па інвестыцыях, падзяліўся планамі развіцця міжпарламенцкага супрацоўніцтва.


— Уладзімір Паўлавіч, звяртаючыся да парламентарыяў на закрыцці вясенняй сесіі, вы казалі аб сур'ёзнай нарматворчай рабоце, якую трэба будзе правесці для стварэння прынцыпова новага бізнес-клімату. Якія законапраекты для рэалізацыі дэкрэтаў аб развіцці прадпрымальніцтва, лічбавай эканомікі плануецца прыняць у найбліжэйшы час? Як будзе ўдасканальвацца нарматыўная прававая база з улікам пастаўленай Прэзідэнтам задачы па дасягненні ў наступнай пяцігодцы ВУП у $100 млрд?

— Паляпшэнне ўмоў вядзення бізнесу — аб'ёмная, карпатлівая і комплексная работа, якая закранае шырокі спектр законаў. Большасць з дакументаў, над якімі цяпер працуюць пастаянныя камісіі (а іх сёння больш за 40), так ці інакш накіраваны на вырашэнне гэтай задачы.

На рэалізацыю дэкрэтаў будзе накіравана прыняцце дэпутацкіх заканадаўчых ініцыятыў па пытаннях інвестыцый і прыватызацыі. Гэтыя праекты арыентаваны на забеспячэнне гарантый права ўласнасці, абарону ад неправамернага ўмяшання ў дзейнасць інвестараў. Упершыню замацоўваецца прынцып незваротнасці прыватызацыі.

Спрашчэнню ўмоў ажыццяўлення транспартнай дзейнасці і грузаперавозак будзе спрыяць унясенне карэктыў у законы «Аб транспартна-экспедыцыйнай дзейнасці», «Аб аўтамабільных дарогах і дарожнай дзейнасці». У кантэксце вырашэння задач па лічбавізацыі эканомікі дэпутаты плануюць унесці змяненні ў закон «Аб электронным дакуменце і электронным лічбавым подпісе».

У найбліжэйшыя месяцы ў Палату прадстаўнікоў паступіць яшчэ некалькі законапраектаў па пытаннях гаспадарчых таварыстваў, натуральных манаполій, дзяржаўнай інавацыйнай палітыкі і інавацыйнай дзейнасці, аплатных паслуг.

Працягнецца работа і па дэкрыміналізацыі дзеянняў, звязаных з парушэннямі суб'ектамі гаспадарання заканадаўства пры ажыццяўленні эканамічнай дзейнасці. Нарэшце, на восеньскай сесіі традыцыйна разглядаецца пакет бюджэтных законапраектаў, да якіх сёлета будуць прад'яўляцца асаблівыя патрабаванні.

Прама ці ўскосна ўсе плануемыя рашэнні будуць працаваць на павышэнне ВУП. Аднак не будзем забываць, што вельмі многае тут залежыць ад кемлівасці мясцовых улад, прадпрымальнасці вытворцаў, іх напорыстасці і здольнасці адаптавацца да сітуацыі на знешнім і ўнутраным рынках, якая пастаянна змяняецца. Таму дэпутаты значную ўвагу ўдзяляюць вывучэнню практыкі прымянення законаў, праводзяць парламенцкія слуханні, круглыя сталы, выязныя пасяджэнні камісій, падтрымліваюць дыялог з прадстаўнікамі дзелавых колаў. Усё гэта таксама аказвае свой уплыў на змяненне бізнес-клімату ў краіне.

— А як, дарэчы, прасоўваецца падрыхтоўка да парламенцкіх слуханняў па інвестыцыйнай тэматыцы? Калі яны адбудуцца?

— Падрыхтоўка ідзе поўным ходам. Тут якраз нам сур'ёзна дапамагаюць і нашы заканадаўчыя напрацоўкі, і аналіз сітуацыі на месцах. Падчас абмеркавання паправак у закон «Аб інвестыцыях» мы атрымалі мноства прапаноў, якія датычацца цэлага комплексу прававых і арганізацыйных пытанняў у гэтай сферы. Каб больш аб'ектыўна ўявіць сабе агульную карціну, дэпутаты ўважліва вывучалі вопыт рэалізацыі такіх буйных інвестыцыйных праектаў, як Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень», Парк высокіх тэхналогій, ЗАТ «Штадлер Мінск». Вынікі праведзенай работы і ляглі ў скарбонку таго, што нам трэба будзе абмеркаваць з прадстаўнікамі бізнесу, замежных інвестараў, юрыдычных кампаній, рэспубліканскіх і мясцовых органаў кіравання і самакіравання. У цяперашні час пры актыўным удзеле Міністэрства эканомікі вярстаецца праграма слуханняў, і мы разлічваем, што зможам іх правесці ўжо ў лістападзе гэтага года.

— Чакаецца, што восенню ў Палату прадстаўнікоў паступіць абноўлены Падатковы кодэкс. Дэпутаты прымаюць дастаткова актыўны ўдзел у яго распрацоўцы. Якія ініцыятывы вылучаюць парламентарыі ў частцы ўдасканалення падатковай палітыкі?

— Самае галоўнае тут — стварыць празрыстую і дружалюбную для ўсіх сістэму, у якой падатковыя службы не будуць бачыць у плацельшчыку патэнцыйнага парушальніка, а плацельшчык — ворага ў асобе інспектара. Аднак не трэба забываць і пра тое, што падаткі напаўняюць бюджэт краіны, перад якім стаяць важныя сацыяльныя задачы. Таму Падатковы кодэкс павінен быць зразумелым, стабільным і збалансаваным дакументам.

Сярод навацый, якія ўнеслі ў кодэкс парламентарыі, можна назваць, напрыклад, адмену права мясцовых Саветаў дэпутатаў павялічваць да 10 разоў стаўкі падатку на нерухомасць па невыкарыстоўваемых і неэфектыўна выкарыстоўваемых аб'ектах, а таксама зямельнага падатку на зямельныя ўчасткі, занятыя такімі аб'ектамі. Акрамя таго, дэпутаты выступілі за скасаванне двухпрацэнтнай стаўкі падатку на нерухомасць у дачыненні да аб'ектаў звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва.

Яшчэ адна навіна заключаецца ў тым, што для індывідуальных прадпрымальнікаў будзе прадугледжана індэксацыя крытэрыяў выручкі з мэтай прымянення спрошчанай сістэмы падаткаабкладання (на параметр інфляцыі). У праекце ўлічаны шэраг дэпутацкіх ініцыятыў па ўдасканаленні прымянення падатковых ільгот, распрацавана методыка ацэнкі іх эфектыўнасці, якая таксама будзе замацавана ў кодэксе.

— Грамадскасць пільна сочыць за работай па абнаўленні Кодэкса аб адукацыі. Ці плануецца правядзенне парламенцкіх слуханняў па гэтым дакуменце?

— Пакуль гэтае пытанне застаецца адкрытым. Калі памятаеце, паўгода таму праект новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі ўжо выносіўся на грамадскае абмеркаванне. Парламентарыі, дарэчы, актыўна падключыліся да гэтага працэсу. Дакумент выклікаў шырокі водгук. І асобныя прапановы паступаюць да гэтага часу. Усе яны павінны быць дэталёва прааналізаваны, а для гэтага Міністэрству адукацыі патрабуецца час.

Адукацыя — наш стратэгічны рэсурс і вельмі далікатная сфера. Бо вынікі прынятых рашэнняў можна будзе ацаніць адэкватна толькі гадоў праз 20. Таму спешкі ў такой адказнай справе быць не павінна, лепш сем разоў адмераць. Давайце ўсё ж такі дачакаемся афіцыйнага ўнясення законапраекта ў Палату прадстаўнікоў, і тады ўжо сваё слова скажуць дэпутаты. У любым выпадку магу сказаць, што работу над ім мы будзем весці максімальна адкрыта.

— Парламентарыі прымаюць самы непасрэдны ўдзел у рэалізацыі Дэкрэта № 1 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва», яны ўключаны ў склады адпаведных камісій. Як вы лічыце, наколькі з моманту пачатку рэалізацыі дэкрэта ўдалося актывізаваць і скаардынаваць работу органаў улады? Якія заканадаўчыя рашэнні могуць спатрэбіцца для таго, каб і надалей стымуляваць занятасць і самазанятасць? Як вы лічыце, ці трэба пераглядаць пералік сацыяльных паслуг, якія працаздольныя непрацуючыя грамадзяне будуць аплачваць у поўным аб'ёме?

— Дэкрэт дазволіў, нарэшце, зрушыць справу з мёртвага пункта. Калі раней органы ўлады рухаліся ў гэтым кірунку, скажам так, навобмацак, то зараз у нас створана даволі стройная сістэма ўзаемадзеяння мясцовых адміністрацый, органаў занятасці, МУС, сацыяльных службаў, сістэмы адукацыі.

Усяго ў Беларусі дзейнічаюць ужо каля 150 камісій па садзейнічанні занятасці. Актыўны ўдзел у іх дзейнасці прымаюць і дэпутаты. Работа ідзе планамерна, у ёй стала менш фармалізму, а вывучэнне праблемных жыццёвых сітуацый, у якіх аказваюцца людзі, дазваляе распрацоўваць гнуткія сцэнарыі іх вырашэння. І вынікі не прымусілі сябе чакаць. Многія грамадзяне ўжо скарысталіся магчымасцю ўладкавацца на працу, прайсці перападрыхтоўку, адкрыць або вывесці з ценю свой бізнес. Толькі за першае паўгоддзе па дапамогу ў працаўладкаванні ў камісіі звярнулася каля 4 тысяч чалавек. І гэта, пагадзіцеся, дастаткова пазітыўны сігнал.

Якія крокі яшчэ трэба прадпрымаць у гэтым кірунку? Лічу, што неабходна паслядоўна вырашаць усе пастаўленыя кіраўніком дзяржавы задачы па лібералізацыі эканамічнай дзейнасці, развіцці малога і сярэдняга бізнесу, разняволенні дзелавой ініцыятывы і ўдасканаленні працоўных адносін. На маючай адбыцца сесіі, напрыклад, плануецца ўнясенне шэрагу паправак у Працоўны кодэкс. Асноўная мэта такой работы — умацаванне правоў працоўных і павышэнне іх мабільнасці. Частка навацый законапраекта датычыцца работы дыстанцыйных работнікаў. З улікам развіцця лічбавых тэхналогій такіх спецыялістаў у нас будзе станавіцца ўсё больш. Таму ўжо сёння неабходна сур'ёзна задумацца аб урэгуляванні грамадскіх адносін у гэтай перспектыўнай для Беларусі сферы эканомікі.

Што ж датычыцца пераліку паслуг, якія трэба будзе аплачваць у поўным аб'ёме, то, мяркую, казаць аб яго пашырэнні або скарачэнні пакуль заўчасна. Трэба абкатаць створаны механізм, каб выявіць усе яго перавагі і недахопы. Працуючы ў акругах, дэпутаты трымаюць гэтыя пытанні на асаблівым кантролі.

— Развіццё міжпарламенцкіх кантактаў — яшчэ адзін важны кірунак дзейнасці Палаты прадстаўнікоў. На якіх вектарах плануюць засяродзіць намаганні парламентарыі?

— Нашы міжпарламенцкія сувязі ахопліваюць практычна ўсе рэгіёны свету, што цалкам адпавядае прынцыпу шматвектарнасці беларускага знешнепалітычнага курсу. У Нацыянальным сходзе створана 75 парламенцкіх груп дружбы і тры міжпарламенцкія камісіі.

Да канца года мы чакаем прыняць у сябе парламенцкія дэлегацыі з Егіпта, Кітая і Румыніі. Беларускія дэпутаты плануюць наведаць Германію, Канаду, Турцыю, Швейцарыю, дзе пройдзе шэраг двухбаковых і шматбаковых парламенцкіх сустрэч. Дэлегацыі Нацыянальнага сходу возьмуць удзел у планавых мерапрыемствах Міжпарламенцкага саюза і Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Натуральна, гэты пералік у ходзе сесіі будзе карэктавацца.

Нароўні з вырашэннем чыста палітычных пытанняў мы стараемся садзейнічаць развіццю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, нарошчванню і дыверсіфікацыі беларускага экспарту, прасоўванню вобраза Беларусі на сусветнай арэне як ІТ-краіны. У гэтых мэтах мы цесна ўзаемадзейнічаем з урадам, гандлёва-прамысловай палатай і іншымі зацікаўленымі. Зразумела, найважнейшым напрамкам для нас застаецца еўразійская інтэграцыя. Вядучую ролю ў яе развіцці мае стратэгічнае супрацоўніцтва з краінамі СНД, перш за ўсё з Расійскай Федэрацыяй. Таму мы асаблівую ўвагу ўдзяляем мерапрыемствам Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.

Фота: БЕЛТА

— Раскажыце падрабязней, як будзе выбудоўвацца ўзаемадзеянне з расійскімі калегамі, у тым ліку ў вырашэнні праблемных пытанняў, якія перыядычна ўзнікаюць у гандлёва-эканамічных адносінах дзвюх краін.

— Прэтэнзіі, якімі час ад часу абменьваюцца саюзнікі, — не вельмі прыемная, але цалкам звычайная рэч. Ні адзін інтэграцыйны працэс у свеце не працякае без неладоў. І ўсё ж нельга адмаўляць відавочнага: у параўнанні з іншымі постсавецкімі дзяржавамі Беларусь і Расія далей за ўсіх прасунуліся па шляху інтэграцыі.

Задача саюзных парламентарыяў у тым, каб задаваць канструктыўны тон у нашых адносінах і дзелавую атмасферу пры вырашэнні вострых праблем двухбаковага парадку. І трэба сказаць, што ў гэтым пытанні нашы расійскія калегі цалкам з намі салідарныя. Сумеснымі намаганнямі мы стараемся прасоўваць тэму, якая больш за ўсё сёння хвалюе людзей, — роўнасць правоў грамадзян і суб'ектаў гаспадарання.

Гэтая работа вядзецца пастаянна, метадычна і ў розных фарматах. Сёлета мы стараемся больш актыўна далучаць да гэтага працэсу профільныя міністэрствы і ведамствы. Вынікі гэтай работы кладуцца ў аснову нашай заканадаўчай дзейнасці.

— А ці ёсць зрухі ва ўсталяванні сувязяў з амерыканскімі парламентарыямі, ці плануюцца якія-небудзь кантакты з імі сёлета?

— У нас складваюцца дастаткова канструктыўныя адносіны з Лацінаамерыканскім парламентам. Нацыянальны сход Беларусі мае статус пастаяннага назіральніка ў гэтай міжнароднай арганізацыі, і ў гэтай якасці мы атрымалі магчымасць крок за крокам нарошчваць свае кантакты з краінамі рэгіёна. А літаральна на днях мы прымалі ў Мінску прадстаўнічую дэлегацыю Лацінаамерыканскага парламента (ПАРЛАЦІНА) на чале з яго старшынёй Эліясам Касцільё. Мяркую, візіт надасць новы імпульс развіццю супрацоўніцтва.

Калі ж вы маеце на ўвазе парламентарыяў ЗША, то, зразумела, мы адкрытыя для развіцця дыялогу і з імі. У чэрвені бягучага года, напрыклад, беларускія дэпутаты прымалі ўдзел у парламенцкім форуме па пытаннях разведкі і бяспекі. Гэтае мерапрыемства ўжо некалькі гадоў праводзіцца ў розных краінах па ініцыятыве аднаго з кангрэсменаў ЗША. Галоўнымі тэмамі дыскусій тут з'яўляюцца актуальныя выклікі і пагрозы сусветнай бяспецы і тая роля, якую павінны адыграць у іх прадухіленні Злучаныя Штаты і Еўропа.

На палях форуму, які праходзіў сёлета летам у Берліне, адбылася сустрэча з амерыканскімі кангрэсменамі, якія цёпла і пазітыўна адазваліся пра Беларусь і выказалі зацікаўленасць наведаць краіну. Мы накіравалі ім адпаведнае запрашэнне. Не выключана, што да канца года гэты візіт адбудзецца. У любым выпадку нашы кантакты працягнуцца, паколькі нас ужо запрасілі прыняць удзел у чарговым парламенцкім форуме, які пройдзе ў снежні ў Вашынгтоне.

— Уладзімір Паўлавіч, вы з'яўляецеся ўпаўнаважаным кіраўніка дзяржавы па Віцебскай вобласці. Якімі вам бачацца сацыяльна-эканамічныя перспектывы рэгіёна ў цэлым і Аршанскага раёна ў прыватнасці, паколькі сітуацыя ў раёне знаходзіцца пад пільнай увагай Прэзідэнта?

— З пункту гледжання перспектыў развіцця ўсе рэгіёны Беларусі знаходзяцца прыкладна ў роўных умовах. Зразумела, у кожнага з іх свае праблемы, але ёсць і бясспрэчныя канкурэнтныя перавагі. Вось на іх і трэба рабіць стаўку ў першую чаргу. На гэта пастаянна ўказвае кіраўнік дзяржавы.

Прыклад Оршы гаворыць пра тое, што кожны кіраўнік павінен няўхільна выконваць даручэнні Прэзідэнта. Галоўны крытэрый ацэнкі работы нашай эканомікі — стварэнне высокаэфектыўных рабочых месцаў, павышэнне прадукцыйнасці працы і, як следства, даходы.

Другі важны момант — жорсткая кіраўніцкая, выканальніцкая і тэхналагічная дысцыпліна. Прычым гэта датычыцца не толькі тых, хто непасрэдна прымае рашэнні. Кожны грамадзянін незалежна ад узросту, прафесіі, дастатку або месца жыхарства павінен адчуваць прыналежнасць да лёсу сваёй Радзімы. Толькі агульнымі намаганнямі мы зможам супрацьстаяць няпростым выклікам часу, забяспечыць эканамічны рост, а значыць, і павышэнне дабрабыту насельніцтва Беларусі.

Загаловак у газеце: «Толькі агульнымі намаганнямі мы зможам супрацьстаяць няпростым выклікам часу»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.