Вы тут

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»


За час правядзення (а ўпершыню ён прайшоў у аграгарадку Ляскавічы, што ў Петрыкаўскім раёне, у 2010 годзе) этнафэст стаў вядомым далёка за межамі Беларусі. Таму, каб паўдзельнічаць у ім, сюды прыехалі фальклорныя калектывы і народныя ўмельцы з Украіны, Малдовы, Расіі, Прыбалтыкі, Польшчы, а таксама з Індыі і Кітая. Усяго 1700 артыстаў. Ну а мясцовыя выканаўцы размясціліся на доўгай вуліцы пад назвай «Палеская вобласць» з лозунгам «У сваім краі, як у раі».


Свята для палешукоў атрымала прывітанне ад Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі. У ім гаворыцца: «Гэты творчы форум з'яўляецца адной з крыніц захавання і развіцця назапашаных традыцый беларускага народа.

За шматвяковую гісторыю нашы продкі пакінулі нам багатую і самабытную культурную спадчыну. Але і сёння мы працягваем напаўняць яе матэрыяльным і духоўным зместам. Упэўнены, што ў Год малой радзімы каларыт фестывальных мерапрыемстваў нагадае вам пра ўласныя карані і вытокі, пра месца, дзе вы нарадзіліся, выраслі, дзе засталася часцінка вашай душы».

Ку­хар­ка Та­ма­ра Швед з жыт­ка­віц­ка­га рыб­га­са «Бе­лае».

На падворках танцы перамяжаліся з народнымі рамёствамі, прысмакамі і спевамі. Адным словам, прадстаўнікі Гомельскай і Брэсцкай абласцей імкнуліся здзівіць іншых і сябе паказаць з самага выдатнага боку.

На Столінскім падворку давялося пагутарыць з Іванам Супрунчыкам з вёскі Цераблічы. Народны майстар высякае свае скульптуры з дрэва. Прынамсі, карыстаецца толькі адной сякерай. Мастак увасабляе ў жыццё легенды і паданні свайго роднага сяла:

— Я іх запісваю, збіраю і ілюструю ў сваіх жывапісных, графічных работах і драўляных скульптурах. Вось гэта — скульптурная група пад назвай «Сватанне». Некалі кідалі лапці ў хату і казалі: «Шуры-буры — лапці ў хату». Калі жаніх спадабаўся — запрашалі ў хату, а калі не, то адтуль выкідалі лапці і казалі: «Не шурай, не бурай, свае лапці забірай».

Алімпійскі чэмпіён Раман Пятрушэнка

Майстар-класы па вырабе ручнікоў і выцінанцы разгарнуліся на суседнім падворку. Тут вучылі не толькі іголку ў руках трымаць, але і разумець таямнічыя ўзоры продкаў. А ў самым канцы вуліцы ўстанавілі палявую кухню. Але ж прапанавалі нетрадыцыйную кашу. У 120-літровых катлах — юшка. А як інакш, калі падворак ладзіць вядомы жыткавіцкі рыбгас «Белае». Дзе, расказвае кухарка Тамара Швед, не толькі рыбу вырошчваюць, але і спажыўцам па ўсёй краіне пастаўляюць. Тут рыба ўвогуле замест бульбы. З яе і шашлык робяць, і соляць, і смажаць, і запякаюць:

— Юшка вельмі смачная. Зроблена без нейкіх сакрэтаў, але ж з любоўю. Пераканайцеся самі, што самая смачная рыба — карп.

Пераконваюся з задавальненнем і далей знаёмлюся на Мазырскім падворку з юнай гамяльчанкай Веранікай Карчагінай. Дзяўчына засвоіла майстэрства пляцення з лазы і гатовая яго прадэманстраваць іншым і нават навучыць ахвотных.

Па традыцыі два выхадцы з Беларускага Палесся на фестывалі названы «Ганаровымі палешукамі». Сёлета такое званне атрымалі нязменны кіраўнік заслужанага народнага аматарскага ансамбля «Выцінанка» Столінскага дома культуры з Брэсцкай вобласці Пётр Астапчук і вядомы беларускі байдарачнік, алімпійскі чэмпіён, сяміразовы чэмпіён свету, заслужаны майстар спорту Беларусі Раман Петрушэнка. Малады чалавек нарадзіўся ў Калінкавічах і гаворыць, што гэта ўзнагарода стала для яго нечаканай, але вельмі прыемнай:

— Я ганаруся, што нарадзіўся і жыву на палескай зямлі. Вядома, дзе б я ні быў, малая радзіма — заўсёды ў сэрцы.

Міністр культуры Беларусі Юрый Бондар, які вітаў удзельнікаў этнафэсту ў Ляскавічах, адзначыў, што мерапрыемства адкрывае патаемныя куткі багатай беларускай культуры:

— Вельмі рады, што ў культурным жыцці краіны ёсць такая яркая падзея, як «Кліч Палесся». Фестываль атрымаў жыццё дзякуючы ініцыятыве кіраўніка дзяржавы. З кожным годам форум развіваецца, яго праграма адкрывае самыя патаемныя куткі багатай беларускай культуры, якая з'яўляецца асновай нашай нацыянальнай ідэнтычнасці. Думаю, што ў гэтага фестывалю вялікая будучыня.

У сярэдзіне дня рэзка змянілася надвор'е, але і яно не перашкодзіла ўсім, хто прыехаў на свята, пазнаёміцца з самабытным мастацтвам палескай зямлі. Напрыклад, на пляцоўцы бытавога танца «Танчым па-даўнейшаму» можна было вывучыць асноўныя рухі «Лявоніхі», «Каробачкі», «Падэспаня», а таксама акунуцца ў атмасферу традыцыйных народных гульняў і забаў ці пазнаёміцца з прэзентацыяй беларускага народнага тэатра «Батлейка.bу». Тут можна было вырабіць рэквізіт, лялькі для батлеек, убачыць новыя пастаноўкі батлейшчыкаў Гомельскага і Брэсцкага рэгіёнаў.

У межах фестывалю прайшоў конкурс «Палеская прыгажуня — 2018». Яго пераможцай стала Юлія Герасіменка з Петрыкава. Між тым дзве прыступкі побач занялі дзяўчаты з таго ж райцэнтра Гомельшчыны: першай віцэ-міс названа Маргарыта Валодзькіна, другой Аляксандра Папок.

Наталля Нікановіч з Буда-Кашалёўшчыны дэманструе майстэрства джыгітоўкі

На­род­ны май­стар Іван Су­прун­чык з вёс­кі Це­раб­лі­чы Сто­лін­ска­га ра­ё­на.

— Гэта ж цэлы год радасці! — кажа жыхарка вёскі Мышанка Петрыкаўскага раёна, пенсіянерка Валянціна Паддубная. — Я не нарадуюся. Наш фестываль патрэбны ўсім палешукам — для шчасця.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».