Вы тут

vouk.by – сайт, які робіць беларускі інтэрнэт лепш


Воўчы блог заваяваў “серабро” па выніках адкрытага інтэрнэт-галасавання на пляцоўцы “Дбай: інтэрнэт людзей”.

Воўчы блог. Фота vouk.by

Праект vouk.by нарадзіўся з Міжнароднай прыродаахоўнай праграмы ў падтрымку запаведнасці, якую падпісалі нацыянальны парк “Белавежская пушча”, грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Франкфурцкае заалагічнае таварыства (Германія). Згодна з адным з накірункаў дзейнасці ў межах праграмы, некалькі ваўкоў былі памечаны спецыяльнымі GPS-ашыйнікамі, якія праз пэўны час падавалі сігналы. Так навукоўцы за імі наладзілі назіранне – дзе яны ходзяць, чым харчуюцца, з кім сустракаюцца.

– Інфармацыі паступала вельмі шмат, і яна была цікавай не толькі для даследчыкаў, але і для іншых людзей, – расказвае каардынатар праграмы Віктар Фянчук. – Таму мы вырашылі ёй падзяліцца. Так і ўзнік сайт vouk.by.

Сёння “Воўчы блог” – гэта пяць ваўкоў з Белавежскай пушчы, пяць вучоных-даследчыкаў, рэгулярныя навіны ад імя “шэрых драпежнікаў”. На інтэрактыўнай карце можна ўбачыць маршруты перамяшчэнняў усіх герояў праекта. А кожная адзначаная на ёй кропка – невялікі рэпартаж з месца падзей, дапоўнены навуковымі фактамі з жыцця ваўкоў.

– Воўк аказаўся міжнародным аб’ектам назірання, – адзначае Мікалай Чэркас, спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях АПБ. – Так, у мінулым годзе памечаныя драпежнікі пайшлі на ўсход (на жаль, яны былі забітыя). Сёлета ж адзін з іх накіраваўся ў Польшчу, другі – ва Украіну. Там ваўкі абзавяліся сем’ямі і такім чынам далі падставу для больш глыбокіх (генетычных) даследаванняў.

***

Пляцоўку “Дбай: інтэрнэт людзей” запусціла кампанія hoster.by – тэхнічны адміністратар нацыянальных даменных зон – да дня нараджэння дамена .BY. Яна заклікана дапамагчы ўспомніць пра праекты, створаныя для людзей і пра людзей.

“Калі з’явілася ідэя звярнуць увагу на некамерцыйныя, карысныя і проста добрыя сайты, мы рыхтаваліся да пытанняў пра крытэрыі адбору, аб’ектыўнасць галасавання і да таго падобных рэчаў, – расказаў генеральны дырэктар hoster.by Сяргей Павалішаў. – А потым проста вырашылі – якая розніца? Мы хочам не параўноўваць, а падтрымліваць тое, што выклікае павагу, натхняе, матывуе ці проста прымушае ўсміхнуцца. І ацаніць водгукі карыстальнікаў, каб зразумець, якіх рэсурсаў не хапае беларускаму інтэрнэту.

Сайты, якія ўдзельнічалі ў галасаванні, былі адабраны на аснове апытання больш за 200 беларускіх журналістаў, бізнесменаў, спартсменаў, кіраўнікоў некамерцыйных арганізацый, блогераў. На аснове іх адказаў быў складзены шорт-ліст для адкрытага галасавання.

Безумоўным лідарам стала платформа “Зручны горад”, больш вядомая як petitions.by – праект грамадскай актыўнасці. На гэтым сайце можна ствараць звароты, збіраць подпісы, а таксама атрымаць юрыдычную падтрымку па самых розных пытаннях, якія сёння хвалююць людзей. Праект даў старт 1500 народным ініцыятывам, за што і атрымаў амаль 44% усіх галасоў.

Кіраўнік вэб-платформы "Зручны горад" (petitions.by) Уладзімір Кавалкін. Фота hoster.by

На трэцім месцы – гісторыя настаўніцы малодшых класаў, аўтара, рэдактара і выдаўца Ганны Граноўскай, якая не баіцца гаварыць з дзецьмі на роўных і ў адзіночку паспяхова на працягу пяці гадоў выпускае “Паласатую газету”.

Усяго ўдзельнікі атрымалі больш за 3500 галасоў, якія размеркаваліся наступным чынам:

1. "Зручны горад", petitions.by – 43,7%

2. "Воўчы блог", vouk.by – 11,3%

3. "Паласатая газета", polosataya.by – 9,2%

4. Часопіс “КІТ”, journalkit.by – 8%

5. "БелЯма", belyama.by – 7%

6. "Мой Горад", 115.бел – 6,6%

7. Funny nose, funnynose.by – 6%

8. #Матолькадапамажы, мотолькопомоги.бел – 3,7%

9. TEDxMinsk, tedxminsk.by – 2,1%

10. "Згубленыя рукавіцы", lonelymittens.by – 1,9%

Прадстаўнікі сайтаў у даменнай зоне .by, якія, згодна з народным галасаваннем, робяць беларускі інтэрнэт лепш. Фота hoster.by

Часопіс “КІТ”, journalkit.by – гэта анлайн-часопіс і пляцоўка для размоў, якія дапамагаюць творчым людзям атрымаць зваротную сувязь, а інфармацыйнаму полю – новыя імёны.

"БелЯма", belyama.by – адзін з першых у Беларусі прыкладаў народнай кааперацыі, просты інструмент кантролю якасці дарог. Сайт дапамагае скласці зварот у ДАІ з патрабаваннем ліквідаваць праблему.

"Мой Горад", 115.бел – вядомы партал для мінчан і жыхароў некаторых іншых гарадоў краіны для адпраўкі запытаў, звязаных з ЖКГ і гарадской гаспадаркай. За гэты час у праекце прынялі ўдзел амаль 70000 карыстальнікаў, удалося вырашыць 150000 праблем – ад разбітых лесвіц да адкрытых люкаў.

Funny nose, funnynose.by – гэта маладыя ўрачы і псіхолагі, якія збіраюць каманды клоунаў для працы ў дзіцячых бальніцах. Праект быў створаны ў Гомелі, але сёння, дзякуючы валанцёрам і анлайн-навучанню, ён ахоплівае ўсё больш гарадоў краіны

#Матолькадапамажы, мотолькопомоги.бел – “Тэорыя малых спраў” у дзеянні. Якасная праца з чыноўнікамі, добрыя і простыя інструкцыі “што рабіць, калі…” і мяккае прывіццё любові да ведання законаў – так характарызуюць свой праект аўтары.

TEDxMinsk, tedxminsk.by – беларускі варыянт міжнароднай праграмы лакальных падзей у духу і стылі канферэнцыі TED. У канферэнцыях па шматлікіх тэматычных накірунках удзельнічаюць спікеры з розных кропак зямнога шара. Падчас іх можна пачуць цікавыя ідэі, гісторыі, завязаць карысныя знаёмствы.

"Згубленыя рукавіцы", lonelymittens.by – цёплы сайт, дзе людзі размяшчаюць аб’явы пра прапаўшыя і знойдзеныя рукавіцы.

Вераніка КОЛАСАВА

Сёння на сайце 24d.by ёсць магчымасць прапанаваць свае варыянты для другога сезону “Дбай”.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».