Вы тут

Кардыяграма з пытальнікаў


Кардыяграма з пытальнікаў

Для прыцягнення ўвагі аўдыторыі твор мастацтва павінен мець зразумелую мову і прымушаць чалавека думаць. Сучаснае мастацтва часцей задае пытанні, чым на іх адказвае, і, напэўна, гэтым і прываблівае. Калі жыццё, з усімі сваімі брудам і шчырасцю, набіраецца смеласці і выходзіць на кінаэкраны, сэрца гледача прапускае ўдар.

«Арытмія» (2017) Барыса Хлебнікава: дактары, складаная любоўная лінія, героі, якія топяць свае праблемы ў алкаголі, хаваюць іх ад сяброў і бацькоў.

Сюжэт фільма нелінейны. Свет падзяляецца на дзве паралельныя плоскасці: праца і асабістае жыццё. Галоўны герой Алег (Аляксандр Яцэнка) існуе ў гэтых паралелях, амаль не змяняючы выраз твару, але ўспрымаецца абсалютна гэта па–рознаму: калі вынаходлівы ўрач хуткай дапамогі, прафесіянал, выклікае спагаду і сімпатыю, то звычайны чалавек Алег Міронаў, які ўвесь час п’е і не звяртае ўвагі на сваю жонку, наўрад падаецца хоць каму–небудзь прыемным. Патрэбны некаторы час, каб зразумець, што на галоўных герояў нельга ляпіць цэтлік «добры/дрэнны», іх ўчынкі не ўмяшчаюцца ў трывалыя межы звычайнай логікі — яны проста жывыя людзі.

Алег працуе ў брыгадзе хуткай дапамогі і кожны дзень сутыкаецца з рэлігійнымі забабонамі, недасведчанасцю калег, новымі правіламі, якія ўводзіць начальства. І кожны раз яму даводзіцца выбіраць паміж тым, як правільна для яго, і тым, што правільна па дакументах. І калі тут ён хаця б усведамляе, як правільна менавіта для яго, то на свае адносіны з жонкай, іх стыхійнасць і эмацыйныя ўсплёскі, ён глядзіць з вечным неразуменнем. Сумная постсавецкая рэчаіснасць: людзі не ўмеюць размаўляць пра свае адносіны і выражаць свае пачуцці. Гэта прыводзіць да праблем, якія адзін не разумее, а другі не можа растлумачыць. Логіка падзей і рэакцый у гэтай сюжэтнай лініі абсалютна загадкавая. І насамрэч ніякія праблемы не вырашаюцца: шэраг начэй на матрасе ў кухні, спробы паразмаўляць, гістэрыкі і сыходы з дому прыводзяць герояў у адкрытую канцоўку з адзіным здабыткам — разуменнем, што яны ўсё–ткі хочуць быць разам. І для гэтага неабходна штосьці рабіць, але гэтае «штосьці» застаецца за кадрам, пакідаючы гледачам толькі надзею.

Фільм невясёлы, крызісны, тым і закранае. Ён нагадвае тое, што чакае за дзвярыма кінатэатра, ва ўласных ці здымных кватэрах і зранку на працы. Адзіная жыццярадасная сцэна — гэта вечар з сябрамі. Гераіня Ірыны Гарбачовай танчыць пад «Наша лета» Валянціна Стрыкала — песню іх юнацтва, а муж глядзіць на яе, узгадваючы, чаму яе кахае. Кадр пабудаваны асабліва прыгожа: сілуэт дзяўчыны адбіваецца ў аконным шкле побач з тварам Алега, быццам успаміны і рэальнасць сыходзяцца ў адно цэлае.

Такіх яскравых метафар у фільме зусім няшмат. Сілуэты ў кадры з’яўляюцца рэдка, перавага аддаецца буйным і агульным планам, глядач амаль заўсёды бачыць твары герояў. Галоўнай рысай карціны і з’яўляецца рэалістычнасць, канкрэтыка — часам нават грубая і цынічная. Але пры гэтым складваецца ўражанне, што аўтар застаецца па–за дзеяннем, на пазіцыі назіральніка. Ёсць сітуацыі, учынкі, рэакціі — але добрыя яны або дрэнныя глядач вырашае сам.

Арытмія — не толькі парушэнне сардэчнага рытму, але і своеасаблівы творчы метад, адмаўленне ад сіметрыі ў арганізацыі вобразнай прасторы. Гэта пункт, у якім фільм апраўдвае назву. Яго структура — кругазварот жыцця, нервовы і нерэгулярны. Фільм размывае межы чорнага і белага, гэта бясконцыя спробы барацьбы з атрыманай шэрасцю.

Гэта пытанні, якія нельга прымаць за адказы.

Дар’я Смірнова

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.