Вы тут

Што вядома пра будучы Мінскі міжнародны кінафестываль?


Ужо некалькі гадоў «Лістапад» фарміруе асобны слоган і візуальную канцэпцыю, у суправаджэнні якіх праходзіць фестываль. На нашай памяці дэвізы «Ісціна ў кіно», «Такое рознае кіно», «Асалода для вачэй», «Насустрач натхненню». Летась фестываль адсылаў да класічнай стужкі індыйскага рэжысёра Раджа Капура і пераймаў назву аднаго з яго фільмаў «Ісціна, любоў і прыгажосць». Гэтым разам мінскі кінафестываль прысвячаецца Кіры Муратавай і бярэ сваім слоганам «Пазнаючы белы свет» — аб чым «Лістапад» абвясціў на днях.


Кіра Муратава, што не так даўно пайшла з жыцця, з'яўляецца адным з любімых аўтараў «Лістапада». Прынамсі пяць карцін — «Захапленні», «Чэхаўскія матывы», «Наладчык», «Мелодыя для шарманкі», «Вечнае вяртанне» — былі паказаны фестывальнай публіцы. Апошнюю, дарэчы, прадстаўляла ў Мінску сама рэжысёр у той час, калі Кіра Муратава ўжо амаль не прымала запрашэнні кінафестываляў.

Апроч прысвячэння, слоган, як звычайна, служыць і пэўным ключом да спосабу глядзець кіно на «Лістападзе». «Пазнаючы белы свет», як і сёлетняя візуальная канцэпцыя, прапануе ісці глыбей за паверхню фільма і браць з яго адпаведную інфармацыю. На фестывальным постары — кінаафішы пад тоўшчай напластаванняў, што сімвалізуюць 25-гадовую гісторыю «Лістапада» і той факт, што да галоўнага ў кіно трэба дакапацца.

Больш за тое, стала вядома, што на «Лістападзе» адбудзецца беларуская прэм'ера апошняй карціны скандальнага правакатара Ларса фон Трыера «Дом, які пабудаваў Джэк». Менавіта той карціны, на якой гледачы Канскага кінафестывалю, па чутках, не вытрымлівалі жорсткіх сцэн і сыходзілі з залы.

«Новы фільм Ларса фон Трыера можа выглядаць спробай разабрацца з уласнымі дэманамі. Тут радыкальная кінамова, абсалютная бязлітаснасць, прытым у першую чаргу да самога сябе, правакацыйнае дасканалае маляванне людзей, чые жыццёвыя прынцыпы ляжаць «па той бок дабра і зла», — кажа праграмны дырэктар фэсту Ігар Сукманаў. — У гэтым мастацтва фон Трыера — яго кіно нікога не пакідае абыякавым: адных яно захапляе, іншых адштурхоўвае. Тая частка публікі, якая спяшаецца абвінаваціць рэжысёра ў жорсткасці, выпускае з-пад увагі, што фільм датчаніна наскрозь іранічны, і што нялюдскі трылер, якім нас усіх палохаюць, з'яўляецца перш за ўсё сатырай на тэму сучаснай светабудовы. Праз мастацкую форму рэжысёр скануе чалавечую існасць і дваістую прыроду мастацтва, што робіць яго роўнавялікім, напрыклад Інгмару Бергману».

Нарэшце, фестываль падрыхтаваў адну з самых папулярных секцый «Лістапада» — «Кіно пра кіно». Яна адбірае дакументальныя карціны, галоўным інтарэсам якіх з'яўляецца якраз кінасфера. Мінскі вялікі экран ужо расказваў пра Рамана Паланскі, Міхаэля Ханеке, Брыжыт Бардо, Алега Янкоўскага, Тоні Кёрціса і іншых.

Гэтым разам карціна «Масты часу» літоўца Аўдруса Стоніса засяродзіцца на рэжысёрах кіно балтыйскіх краін, якое, па словах праграмнага дырэктара «Лістапада» Ірыны Дзям'янавай, «заўсёды мела свой твар і інтанацыю». Альбо, напрыклад, «Параджанаў Таркоўскі Анціпенка. Светлацені» Андрэя Осіпава раскажа пра найцікавейшага савецкага аператара Аляксандра Анціпенку, што працаваў з Параджанавым і быў прыяцелем з Андрэем Таркоўскім.

У цэлым жа дакументальнае кіно «Лістапада» сёлета дапаможа праз аналіз мінулага зразумець сённяшні дзень. «Яно пакажа, што чалавек і дзяржава непарыўныя, што, даследуючы прыватнае жыццё, што цікава само па сабе, праз узіранне ў героя і яго асяроддзе можна зразумець кантэкст еўрапейскай і нават сусветнай гісторыі апошніх дзесяцігоддзяў. І справакуе пытанні, ці міласэрная дзяржава ў адносінах да чалавека і наколькі талент, амбіцыі, дабрыня і самаахвярнасць у ім запатрабаваныя», — кажа Ірына Дзям'янава.

25-ы Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» пройдзе з 2 да 9 лістапада. Асноўнымі пляцоўкамі стануць кінатэатры «Цэнтральны», «Мір», «Піянер», «Масква», «Беларусь», Falcon Club Буцік Кіно.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: «Лістапад» прапануе «пазнаць белы свет»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».