Вы тут

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне


Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні. Сёлета яно з'яўляецца фінальным этапам у сістэме баявой, аператыўнай і мабілізацыйнай падрыхтоўкі войскаў. Яго тэма прадугледжвала падрыхтоўку і выкарыстанне сіл для адбіцця агрэсіі супраць нашай краіны. Яна была вызначана з улікам узнікнення ў сусветнай практыцы новых выклікаў і пагроз дзяржаве.


Што ж правяралася на вучэннях, якія доўжыліся цэлы тыдзень? Перш за ўсё, увага звярталася на ўзровень таго, як жа органы кіравання і вайсковыя фарміраванні абучаны сваім спецыяльнасцям і наколькі яны здольны кіраваць выдзеленымі сіламі і сродкамі падчас выканання пастаўленых перад імі задач. Да 7500 ваеннаслужачых паказвалі свае ўменні і здольнасці. На палігонах грукаталі 260 адзінак бранятанкавай тэхнікі. А ў неба ўзняліся
30 самалётаў і верталётаў.

Вучэнне было разлічана на два этапы.

На першым з іх меркавалася адпрацаваць кіраванне падначаленымі злучэннямі і воінскімі часцямі пры выкананні пастаўленых задач, у тым ліку — падчас барацьбы з незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі і дыверсійнымі групамі праціўніка. Для прыкрыцця важных ваенных і дзяржаўных аб'ектаў нарошчваліся групіроўкі ВПС і войскаў ППА. Яны адначасова вялі паветраную разведку і спынялі дастаўку грузаў для дыверсійна-разведвальных груп і незаконных узброеных фарміраванняў. Так, на палігоне «Ружанскі» войскі, якія абаранялі рубеж, атрымалі ў дапамогу авіяцыйныя сродкі паражэння. А падраздзяленні сіл спецыяльных аперацый адпрацоўвалі барацьбу з дыверсійна-разведвальнымі групоўкамі праціўніка.

У гэты ж час на Барысаўскім палігоне камандзіры і іх падначаленыя адпрацоўвалі тактыку вядзення бою ў абароне. Умовы актыўнай фазы вучэнняў былі максімальна набліжаны да баявых. Разведчыкі далажылі аб тым, што да нашых пазіцый падбіраецца аэрамабільны дэсант праціўніка. Перад незаконным узброеным фарміраваннем стаіць задача: выбіць нашых мотастралкоў з займаемых імі пазіцый і авалодаць тэрыторыяй. Але дзе там — загучалі стрэлы зенітна-ракетных комплексаў.

Цэлі ў небе знішчаны. Баі працягваюцца ўжо на зямлі. Займаючы пазіцыю для абароны, агрызаюцца агнём танкі. Абстаноўка дынамічная і змяняецца вельмі хутка, ледзь не кожную хвіліну. У такіх умовах камандзіры падраздзяленняў адточваюць майстэрства зладжанай работы. Тут патрабуюцца нестандартныя падыходы, каб вырашыць вучэбна-баявыя задачы. А для гэтага, у сваю чаргу, трэба вельмі скрупулёзна ведаць узбраенне і вайсковую тэхніку. А яшчэ — вельмі хутка арыентавацца ва ўмовах абмежаванага часу і недахопу інфармацыі.

— Перад вайскоўцамі была пастаўлена задача знішчыць аэрамабільны дэсант праціўніка сіламі падраздзяленняў 19-й асобнай механізаванай брыгады з баявой стральбой, — зазначыў камандуючы войскамі Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання генерал-маёр Андрэй Жук. — Агнявую падтрымку забяспечвалі артылерыйскія падраздзяленні групы артылерыі і 231-й артбрыгады. Вялікае значэнне мы надалі тылавому і медыцынскаму забеспячэнню. Пастаўленыя задачы былі выкананы.

— Камандна-штабное вучэнне Узброеных Сіл, якое зараз праводзіцца, не падпадае пад катэгорыю назіраемага ў адпаведнасці з палажэннямі Венскага дакумента 2011 года. Мы абавязаліся запрашаць назіральнікаў на вучэнні большага маштабу, — паведаміў начальнік упраўлення верыфікацыі дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Міністэрства абароны Беларусі Андрэй Царык. — Разам з тым мы хочам прадэманстраваць сваю адкрытасць, прыхільнасць прынцыпу ўзаемнасці. Таму Беларусь запрасіла для назірання за гэтым вучэннем вайсковых назіральнікаў з суседніх краін, у прыватнасці з Латвіі, Літвы, Украіны. Ад кожнай з краін прыехалі па два прадстаўнікі.

Агулам жа за вучэннямі назіралі акрэдытаваныя ў нашай краіне аташэ і назіральнікі амаль з 20 краін свету. Як яны ацэньваюць іх узровень?

— Я вельмі рады, што магу паглядзець на актыўную фазу асноўнага этапу камандна-штабнога вучэння, — сказаў ваенны аташэ Рэспублікі Балгарыя ў Беларусі палкоўнік Станіслаў Генкаў. — Мы пабачылі разнастайныя баявыя дзеянні па ўтрыманні абарончага рубяжа і знішчэнні праціўніка, а таксама авіяцыйную і агнявую падтрымку. Узровень зладжанасці вельмі высокі. Нягледзячы на тое, што вучэнне было неназіраемае, я і мае калегі — аташэ з іншых краін — былі запрошаны сюды. За гэта ад свайго імя і ўсіх сваіх калег дзякую кіраўніцтву Узброеных Сіл Беларусі.

— Гэта першае мерапрыемства ў Беларусі, у якім я ўдзельнічаю як ваеннаслужачы сваёй краіны, — адзначыў аташэ па пытаннях абароны Рэспублікі Сербія палкоўнік Саша Мамчылавіч. — Думаю, што вучэнні добра арганізаваны, спланаваны і вельмі добра рэалізаваны. Разнастайныя роды Узброеных Сіл рэалізуюць пастаўленыя перад імі задачы. Я лічу, што яны гэта робяць на высокім узроўні.

А падпалкоўнік Генеральнага штаба Германіі Свэн Хільгефорт зазначыў, што двухбаковая адкрытасць вучэнняў — гэта вельмі важная рэч у любых двухбаковых стасунках. На вучэнні ў Германіі таксама запрашаюцца назіральнікі.

Барысаўскі палігон стаў толькі адным з шасці, чыя вучэбна-матэрыяльная база была задзейнічана для таго, каб выканаць усе пастаўленыя перад органамі ваеннага кіравання, злучэннямі і вайсковымі часцямі задачы. І толькі палігонамі вучэнні не абмежаваліся. Раёны і ўчасткі мясцовасці ў Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях таксама былі выкарыстаны для ваенных мэт.

Камандаваў вучэннямі начальнік Генеральнага штаба — першы намеснік міністра абароны Беларусі генерал-маёр Алег Белаконеў.
Пасля таго як актыўная фаза вучэнняў скончылася, ён уручыў ваеннаслужачым, якія вызначыліся найлепшым узроўнем падрыхтоўкі, памятныя падарункі. Ацэнку ваенныя атрымалі станоўчую.

Як жа пачуваюць сябе салдаты, якія яшчэ некалькі хвілін таму дзейнічалі ў максімальна жорсткай баявой абстаноўцы?

Камандзіру аддзялення 191-й групы артылерыі 19-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады Сяргею Верасовічу споўнілася не так даўно 27 гадоў. Ён служыць ужо 16 месяцаў. Менш чым праз 60 дзён яго чакае дэмабілізацыя. Дома на Віцебшчыне яго чакаюць жонка і чатырохгадовая дачка. Перад войскам кіраваў малочна-таварным комплексам. А па выніках вучэнняў яго ўзнагародзілі медалём.

— У складзе кантрольнай групы мы вымяралі дальнасць і карэктавалі стральбу. Я засякаў разрывы і перыядычна рабіў даклады. Гэта першае маё вучэнне. Было вельмі цікава. Самі выбухі таксама вельмі эфектныя. Раней такое бачыў толькі ў кіно, а тут усё ў рэжыме, як кажуць, нон-стоп.

А вось у намесніка камандзіра ўзвода 3-й роты 19-й асобнай механізаванай брыгады Сяргея Патапенкі, які таксама служыць 16 месяцаў, гэтыя вучэнні першымі не сталі.

— Наводчык-аператар карэктаваў маю стральбу, каб я дакладна пацэліў ва ўсе мішэні. Страляў з гарматы і кулямёта. Да таго ў красавіку ўдзельнічаў у брыгадна-тактычных вучэннях на Абуз-Лясноўскім палігоне. Ноччу мы абаранялі свой лагер ад нападзення праціўніка. Сам я з Полацка. Хутка паеду ўжо дадому. Там мяне чакаюць бацькі і сястра.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Дыверсантам пастаўлены заслон

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.