Вы тут

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі


75 гадоў таму, 23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын Палескай (Гомельскай) вобласці. З гэтага дня пачаўся доўгі і цяжкі шлях выгнання варожых акупантаў з гераічнай і непакорнай беларускай зямлі.


Бай­цы вя­дуць бой на Дняп­ры, во­сень 1943 го­да.

...Восенню 1943 года састаўной часткай бітвы за Днепр з'явілася Чарнігаўска-Прыпяцкая наступальная аперацыя, праведзеная 26 жніўня — 30 верасня 1943 года войскамі Цэнтральнага фронту (перайменаванага ў кастрычніку 1943-га ў Беларускі фронт) пад камандаваннем генерала арміі К. К. Ракасоўскага. З непрыхаваным хваляваннем і радасцю рыхтаваліся ўступіць на родную зямлю, ачысціць яе ад фашыстаў тысячы воінаў-беларусаў, якія мужна змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Рэспубліканская газета «Савецкая Беларусь» ад 9 жніўня 1943 года змясціла «Зварот воінаў-беларусаў да партызан і партызанак, да ўсяго беларускага народа». «Перад будучымі вырашальнымі баямі з ворагам, — гаварылася ў гэтым дакуменце, — мы клянёмся вам, што не пашкадуем ні крыві, ні жыцця свайго ў барацьбе за святую справу, за разгром фашысцкіх катаў. Разам з братамі сваімі, рускімі і ўкраінцамі, разам з воінамі ўсіх народаў Савецкага Саюза мы прынясём вызваленне роднай зямлі, вернем свабоду і радасць роднаму і шматпакутнаму нашаму беларускаму народу». Неўзабаве 200 тысяч экзэмпляраў брашур, лістовак і 20 тыс. экзэмпляраў газет са Зваротам былі накіраваныя ва ўсе партызанскія фарміраванні рэспублікі. У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны беражліва захоўваюцца пажоўклыя ад часу газеты, лістоўкі і іншыя віды друкаванай прадукцыі, выдадзенай у той суровы час адважнымі патрыётамі. Ад імені народных мсціўцаў і насельніцтва БССР было паслана «Пісьмо ў адказ ад партызан, партызанак і жыхароў Беларусі» воінам-беларусам, на якім паставілі свае подпісы сотні тысяч партызан і жыхароў рэспублікі. Толькі ў адной Мінскай вобласці «Пісьмо ў адказ» падпісалі 337 тысяч чалавек.

Пачаткам вызвалення Беларусі стала жорсткая бітва за Днепр. Пераадоленне Дняпра ажыццяўлялася ў цесным узаемадзеянні ўсіх родаў войскаў і авіяцыі. Вялікую знаходлівасць і мужнасць праяўлялі салдаты і афіцэры інжынерных падраздзяленняў і часцей. Артылерысты сваім агнём падаўлялі варожую абарону і падтрымлівалі войскі, якія перапраўляліся, а авіяцыя прыкрывала іх з паветра. Дапамогу войскам аказвалі партызаны і жыхары вызваленых раёнаў Прыдняпроўя, якія рамантавалі дарогі, аднаўлялі ўзарваныя масты, збіралі і рыхтавалі мясцовыя пераправачныя сродкі, паказвалі байцам зручныя месцы для перапраў і дзейнічалі ў якасці праваднікоў.

Першыя ў Беларусі з ходу фарсіравалі Днепр войскі 13-й арміі генерал-лейтэнанта М. П. Пухава. За суткі 23 верасня яны прасунуліся цераз міжрэчча Дняпра і Прыпяці і захапілі плацдарм на правым беразе ракі Прыпяць. Потым цераз Днепр пераправіліся з баямі злучэнні 60-й і частка сіл 61-й арміі. Фарсіраванне ажыццяўлялася на падручных сродках, самаробных плытах, рыбацкіх лодках. Вялікую дапамогу войскам аказалі партызаны, якія захапілі некалькі перапраў на Дняпры і Прыпяці.

Арміі правага крыла фронту (48-я і 65-я), якія наступалі на гомельскім напрамку, выйшлі да ракі Сож і авалодалі двума невялікімі плацдармамі на яе правым беразе.

Ге­не­рал-лей­тэ­нант М. П. Пу­хаў.

Потым войскі Цэнтральнага фронту, адбіўшы шалёныя контратакі праціўніка, замацаваліся на захопленых плацдармах на рэках Днепр, Прыпяць і Сож, забяспечылі іх надзейнае ўтрыманне і працягнулі барацьбу за іх пашырэнне. Пра гэта піша ў мемуарах «Успаміны і роздум» маршал Савецкага Саюза Г. К. Жукаў: «Да канца верасня, збіўшы атакі варожых войскаў, нашы войскі фарсіравалі Днепр на ўчастку 700 кіламетраў, ад Лоева да Запарожжа, і захапілі шэраг найважнейшых плацдармаў, з якіх меркавалася развіваць наступ далей на захад».

Фарсіраванне Дняпра і іншых рэк з ходу на такой вялікай прасторы і галоўным чынам на падручных сродках з'явілася яшчэ адной яркай старонкай у гераічным летапісе савецкіх Узброеных Сіл.

Уступленне Чырвонай Арміі на тэрыторыю БССР і разгортванне ваенных дзеянняў па вызваленні беларускай зямлі ад нямецка-фашысцкага прыгнёту мабілізавалі беларускі народ, шматлікія партызанскія сілы для яшчэ больш актыўнай падтрымкі надыходзячых злучэнняў і часцей Чырвонай Арміі. На гэта нацэльвае «Зварот Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, Савета Народных Камісараў БССР і Цэнтральнага Камітэта КП (б) Беларусі да беларускага народа», апублікаваны ў рэспубліканскай прэсе 29 верасня 1943 года. «Надышоў час поўнага вызвалення роднай Беларусі і ўсяго беларускага народа ад іга захопнікаў... — гаварылася ў гэтым дакуменце. — Пры набліжэнні часцей Чырвонай Арміі ўстанаўлівайце з імі сувязь, актыўнае ўзаемадзеянне, асабліва пры захопе населеных пунктаў, перапраў. Дапамагайце надыходзячай Чырвонай Арміі аднаўляць масты, пераправы і дарожную маёмасць...» У дакуменце гучала папярэджанне беларускага народа аб смяротнай пагрозе з боку фашысцкіх войскаў, якія адступалі, заклік усіх працоўных да актыўнай і самаадданай барацьбы з гітлераўцамі. Асаблівая ўвага ўдзялялася выратаванню мірнага насельніцтва ад знішчэння і згону ў нямецкае рабства, абароне ўсімі сіламі і сродкамі ад разбурэння акупантамі беларускіх гарадоў і вёсак, важных народнагаспадарчых аб'ектаў. У загадзе кіраўніцтва Беларускага штаба партызанскага руху ад 21 верасня 1943 года ставілася задача ўзмацніць удары па тылах акупантаў, не даць магчымасці рабаваць народнае багацце і вывозіць савецкіх людзей у Германію. Сярод сельскага насельніцтва рэспублікі разгарнуўся патрыятычны рух «Ні грама хлеба нямецка-фашысцкім захопнікам!», прымаліся меры, каб надзейна схаваць убранае збожжа. У барацьбе за ўраджай 1943 года партызанскія атрады арганізоўвалі ўзброеную ахову населеных пунктаў, мірных жыхароў, якія знаходзіліся ў палях на ўборачных работах, правялі нямала аперацый па выратаванні насельніцтва ад разбою і грабяжу.

Яркім прыкладам аператыўна-тактычнага ўзаемадзеяння партызанаў з часцямі Чырвонай Арміі пры вызваленні ўсходніх раёнаў Беларусі з'яўляецца другі этап «рэйкавай вайны» пад кодавай назвай «Канцэрт», праведзены восенню 1943 года. У гэты перыяд беларускімі партызанамі было падарвана больш за 90 тысяч рэек, звыш тысячы эшалонаў, разбураны 72 чыгуначныя масты, знішчана 400 км тэлефонна-тэлеграфных ліній. Гэта была адна з самых значных аперацый у партызанскай дзейнасці.

Герой Савецкага Саюза камандзір партызанскага злучэння палкоўнік Раман Навумавіч Мачульскі ва ўспамінах паказвае, што «...Брыгады «Штурмавая», «Народныя мсціўцы», «Жалязняк», атрады Бягомльска-Барысаўскай зоны і брыгады імя М. В. Фрунзэ Вілейскай вобласці за перыяд з 15 жніўня да 1 лістапада 1943 года перабілі на ўчастку Маладзечна—Мінск звыш 2,5 тысячы рэек».

23 верасня 1943 года байцы 360-га стралковага палка 74-й стралковай дывізіі 13-й арміі пад камандаваннем падпалкоўніка М. І. Сташака вызвалілі першы раённы цэнтр Беларусі — гарадскі пасёлак Камарын Палескай (цяпер Гомельскай) вобласці. Вось што ўспамінаў пра гэтыя падзеі камандзір палка Сташак:
«Я пакінуў адзін батальён для лжывай дэманстрацыі фарсіравання Дняпра на поўнач ад г. п. Камарына, а галоўныя сілы палка з прыдадзенымі падраздзяленнямі ўтойліва перакінуў на 3-4 км на поўдзень ад Камарына. ... У выніку імклівага ўдару да двух пяхотных батальёнаў праціўніка, якія абаранялі Камарын і чыгуначны мост, былі разгромленыя. Іх рэшткі паспешліва сталі адыходзіць асобнымі групамі ў паўночна-заходнім напрамку».

У наступных баях полк ваяваў за пашырэнне і ўтрыманне плацдармаў на рацэ Прыпяць. Дваццаці воінам, якія вызначыліся пры фарсіраванні Дняпра ў раёне Камарына, у тым ліку і падпалкоўніку М. І. Сташаку, было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У Паваенны час Мікалай Іванавіч стаў Ганаровым грамадзянінам гарадскога пасёлка Камарын Брагінскага раёна Гомельскай вобласці. У фондах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны захоўваецца фотаздымак адважнага афіцэра і Грамата з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб прысваенні Мікалаю Іванавічу Сташаку высокага звання Героя Савецкага Союза.

Паспяховыя баявыя дзеянні савецкіх часцей і злучэнняў па вызваленні тэрыторыі Беларусі былі з вялікай радасцю сустрэтыя ўсім беларускім народам, натхнялі працоўных на яшчэ больш рашучую барацьбу супраць фашысцкіх захопнікаў.

Савецкія войскі грознай лавінай насоўваліся на ворага, у кровапралітных баях крок за крокам вызваляючы тэрыторыю роднай Беларусі. 26 верасня 1943 года воіны 108-й і 110-й стралковых дывізій 50-й арміі, якімі камандавалі палкоўнікі П. А. Церамаў і Т. М. Тарасаў, вызвалілі гарадскі пасёлак Хоцімск — раённы цэнтр Магілёўскай вобласці.

У дні вызвалення Беларусі народны паэт Беларусі Якуб Колас у вершы «Байцам і камандзірам Чырвонай Арміі» пісаў:

Якія словы, песні хвалы

Злажу я вам, багатыры?

І слоў маіх, і песень мала,

Каб вам прыняць іх за дары.

...І толькі вашы рукі, плечы

Такі цяжар падняць маглі:

Ён вышай сілы чалавечай

І вышай сіл другой зямлі.

Мікалай Шаўчэнка,

падпалкоўнік у адстаўцы, член Беларускага саюза журналістаў


У нядзелю ў Камарыне пройдзе святочная праграма, прысвечаная 75-годдзю вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першага населенага пункта Беларусь.

Пасля разгрому фашыстаў на Курскай дузе немцы прыступілі да будаўніцтва так званага «Усходняга вала», які праходзіў па лініі Орша—Гомель і далей па рэках Сож і Днепр. Галоўнай перашкодай для савецкіх войскаў нямецкае камандаванне лічыла Днепр.

У тыя дні газета «Правда» пісала: «Гітлераўскія разбойнікі не разумелі, што для ўсяго савецкага народа Днепр — не проста шырокая і глыбокая рака, а рака — святыня, рака — калыска нашай культуры, рака — носьбіт народных былін і думак. Пачалася расплата немцаў за спробу выкарыстаць Днепр для сваёй абароны».

Перамога дасталася дарагой цаной. У цэнтры пасёлка Камарын у брацкай магіле пахаваны 627 савецкіх воінаў і партызан, сярод іх — 6 Герояў Савецкага Саюза. Менавіта сюды будуць ускладзены кветкі. Побач, каля абеліска воінам-вызваліцелям, пройдуць жалобныя мерапрыемствы.

Як расказалі ў Брагінскім райвыканкаме, у мясцовай царкве адбудзецца літургія ў памяць пра загінулых. Таксама ў гарадскім пасёлку пройдуць хросны ход, святочнае шэсце працоўных калектываў, удзельнікаў «Маршу міру». Жыхароў Камарына ўразяць паказальныя выступленні сіл спецаперацый Узброеных Сіл РБ, а таксама святочныя канцэрты. Сюды прыязджаюць аркестр Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, Гомельская філармонія і Гомельскі абласны драматычны тэатр. Вечарам самы паўднёвы населены пункт Беларусі чакае святочны канцэрт аркестра Гомельскай пагранічнай групы і феерверк у гонар 75-й гадавіны вызвалення Камарына ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: «Я пакінуў адзін батальён для лжывага фарсіравання Дняпра...»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.