Вы тут

Новая праграма «Цыркі свету» прадстаўлена ў Мінску


Сёння Белдзяржцырк прадставіў новую праграму. На сталічным манежы да 9 снежня будуць выступаць найлепшыя артысты з розных цыркаў свету. Праграма не звязаная адзіным сюжэтам, гледачы ўбачаць самыя эфектныя нумары розных жанраў з Нацыянальнага цырка Бухарэста, Вялікага Маскоўскага цырка, Маскоўскага цырка Нікуліна на Каляровым бульвары, Нацыянальнага цырка Будапешта, Нацыянальнага цырка Пхеньяна, Цырка д'Івер Бугліён, Сталічнага цырка Астаны, Нацыянальнага цырка Украіны і, вядома, Белдзяржцырка.


Праграма насычана захапляльнымі нумарамі паветраных гімнастаў, выступяць акрабаты на падкідных дошках, арыгінальны французскі жанглёр, эквілібрысты на сігвеі, клоўны. Не абыдзецца, вядома, і без жывёл. На мінскім манежы беларусы змогуць убачыць дрэсіраваных львоў, тыграў, коней, сабак і катоў. Іх прадстаўленні не пакінуць абыякавымі ні дзяцей, ні дарослых.

Адзначым, што адзіным беларускім нумарам у праграме "Цыркі свету" стала выступленне наезнікаў ("Беларускія наезнікі") пад кіраўніцтвам Барыса Лазарава. Тлумачэнне простае. Пакуль у Мінску гасцююць замежныя артысты, беларускія цыркачы выступаюць за мяжой. Мастацкі кіраўнік Белдзяржцырка Вітаўтас Грыгалюнас адзначыў, што апошнім часам у яго падапечных пачалася актыўная гастрольная дзейнасць, у тым ліку артысты нашага цырка выступаюць на розных фестывалях і займаюць там прызавыя месцы.

На прэм'еру праграмы "Цыркі свету" прыехаў міністр культуры Венгрыі Петэр Фекетэ. Пасля прадстаўлення ён падзяліўся меркаваннем пра беларускае цыркавое мастацтва. "Беларускае цыркавое мастацтва дало многае гэтаму свету. Летась вы арганізавалі выдатны міжнародны фестываль. Дзякуючы гэтаму на беларусаў звярнуў увагу ўвесь свет. Для замежных артыстаў адкрылася ваша краіна. Яны зразумелі, што да вас можна прыязджаць на гастролі і працаваць у камфортных умовах. Беларускія цыркачы працавалі і ў нас. Гледачам спадабаліся іх нумары".

Цяперашні сезон для Белдзяржцырка юбілейны, 60-ы. Праграма "Цыркі свету" яго толькі адкрывае. Да Новага года для беларускіх гледачоў падрыхтуюць праграму якуцкіх артыстаў. Лютаўская праграма будзе прысвечана першай праграме на мінскім манежы, якая была паказана 11 лютага 1959 года. Не пакіне без увагі беларускі цырк і ІІ Еўрапейскія гульні. Да іх будзе падрыхтавана праграма цырка Нікуліна. У верасні 2019-га ў Мінску пройдзе другі фестываль цыркавога мастацтва.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.