Вы тут

Якіх педагогаў хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?


Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект. Пакуль яна існуе, яе ніхто быццам бы не заўважае, але як толькі яна знікне, гэта стане відаць усім і адразу. Дадатковая адукацыі не проста дапамагае знайсці сябе — яна мае магутны выхаваўчы патэнцыял, папулярызуе сярод дзяцей і падлеткаў сучасныя прафесіі, развівае іх творчыя і інтэлектуальныя здольнасці, засцерагае ад негатыўнага ўздзеяння вуліцы, ад падлеткавай агрэсіўнасці і дэструктыўных паводзін. Вопыт, праблемы і перспектывы ўстаноў дадатковай адукацыі аказаліся ў цэнтры ўвагі міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, якая прайшла на базе Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Сваімі напрацоўкамі з беларускімі калегамі падзяліліся педагогі з Украіны, Расіі і Кыргызстана.


Права, а не абавязак

Сёння ў краіне дзейнічаюць 284 установы дадатковай адукацыі (гэта менш, чым было, скажам, яшчэ некалькі гадоў таму) з агульнай колькасцю навучэнцаў больш за 390 тысяч чалавек. Ахоп дадатковай адукацыяй школьнікаў складае 58 працэнтаў.

— Жыццё ў сучасным грамадстве патрабуе ад маладых людзей гнуткасці ў паводзінах і ўмення хутка адаптавацца да сітуацыі, якая пастаянна змяняецца. Гнуткай і мабільнай павінна быць і сістэма дадатковай адукацыі, каб хутка і кропкава рэагаваць на сучасныя адукацыйныя запыты, адпавядаць чаканням дзяцей і моладзі, — падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард ТАМІЛЬЧЫК. — Заняткі ў сістэме дадатковай адукацыі дазваляюць выхаванцам адчуць сябе паспяховымі, што павышае іх самаацэнку, набыць уласны ўнікальны досвед, паспрабаваць рэалізавацца ў розных сферах дзейнасці. Там яны знаходзяцца ў сяброўскім асяроддзі. Цяжка пераацаніць і ролю педагога дадатковай адукацыі.

Ні для каго не сакрэт, што паміж школьным настаўнікам і педагогам дадатковай адукацыі існуе прынцыповая розніца. Калі першага дзеці не выбіраюць, а хадзіць у школу па веды — гэта іх, так бы мовіць, галоўная жыццёвая задача і нават абавязак, то прымусіць дзяцей наведваць гурток ці секцыю, калі ім там нецікава, проста немагчыма. Педагогаў, пад кіраўніцтвам якіх яны займаюцца сваёй любімай справай, дзеці выбіраюць сабе самастойна. Яны вельмі тонка адчуваюць фармалізм і не даруюць абыякавасці дарослым.

— Відавочна, што ў сістэме дадатковай адукацыі ўжо недастаткова быць проста добрым спецыялістам у той ці іншай сферы творчай дзейнасці. Важна сфарміраваць асобу дзіцяці, уцягваючы яго ў сумесную творчасць, — падкрэслівае дырэктар рэспубліканскага вучэбна-метадычнага цэнтра эстэтычнага выхавання «Балажан» (г. Бішкек, Кыргызстан) Дарыя МУСІНА. — Педагог дадатковай адукацыі ХХІ стагоддзя павінен прапанаваць новыя творчыя падыходы да выхавання і адукацыі маладога пакалення. Праведзенае намі даследаванне паказала, што для дзіцяці важна, каб педагог быў адкрыты для стасункаў (пра гэта з 300 апытаных дзяцей заявілі 56 %), мог падтрымаць у цяжкую хвіліну (58 %), добра ведаў сваю справу (72 %), валодаў пачуццём гумару (43 %), быў мабільны, умеў здзіўляцца і здзіўляць (61 %). А для бацькоў выхаванцаў важнай аказалася патрэба педагога ў пастаянным прафесійным самаўдасканаленні (на гэта ўказалі 78 працэнтаў апытаных), яго гатоўнасць ісці насустрач дзіцяці (81 %), высокі ўзровень майстэрства ў той сферы, дзе ён выкладае (93 %).

Інавацыйныя кірункі

Хтосьці лічыць заняткі ў гуртках і аб'яднаннях па інтарэсах не больш чым хобі або проста баўленнем часу, але для многіх яны вызначылі прафесійны выбар на ўсё жыццё. І нават калі маладыя людзі ў выніку выбіраюць іншы кірунак сваёй прафесійнай самарэалізацыі, яны ўсё роўна больш прыстасаваныя да жыцця, і тыя здольнасці, якія яны развівалі ў аб'яднаннях па інтарэсах, абавязкова дапамагаюць ім у іншых сферах.

Між іншым педагогам, якія працуюць у аб'яднаннях па інтарэсах, не вельмі падабаецца сам тэрмін «дадатковая адукацыя»: маўляў, няправільна разглядаць гэтую сферу як нейкі дадатак да асноўнай адукацыі. Таму яны пазіцыянуюць сваю галіну як адукацыю для жыцця. Той жа турызм — гэта яшчэ і цудоўная школа выжывання, уменне жыць у калектыве, працаваць у камандзе...

Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Сяргей САЧКО лічыць галоўнай задачай дадатковай адукацыі зрабіць усё, каб выпускнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі былі запатрабаваныя ў новых умовах. Сучасны рынак працы патрабуе развіцця інжынернага мыслення. Таму сёння ў цэнтры прадстаўлены такія новыя кірункі, як нейрапілатаванне, прататыпаванне, тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў, графічны вэб- і інжынерны дызайн, сістэмнае адміністраванне, дапоўненая рэальнасць, якія знаходзяцца на стыку фізікі, мікраэлектронікі, мехатронікі, штучнага інтэлекту, механікі і праграмавання. Эксперыментальна-інавацыйная дзейнасць на цяперашні момант — адзін з самых актуальных кірункаў развіцця дадатковай адукацыі.

У Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства адным з ключавых праектаў у бягучым навучальным годзе стане стварэнне галоўнага рэсурснага цэнтра "Зялёная школа": у яго рамках будуць распрацаваны адукацыйныя праграмы дадатковай адукацыі для дзяцей і моладзі па праблемах біяразнастайнасці, энергазберажэння, водазабеспячэння, абыходжання з адходамі, маніторынгу паветра і іншыя.

Прафарыентацыя па-за школай

Па словах дырэктара Рэчыцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Святланы ЧЫГРЫНЁВАЙ, іх выпускнікі штогод выбіраюць прафесію па профілі аб'яднанняў па інтарэсах. А некаторыя з іх ужо вярнуліся ў Цэнтр і цяпер з'яўляюцца педагогамі дадатковай адукацыі.

— У нас створаны ўсе ўмовы для самарэалізацыі і прафесійнага самавызначэння навучэнцаў, — запэўнівае яна. — Сёлета асабліва ярка склаўся «прафарыентацыйны» шлях выхаванак майстэрні моды і стылю «Шэй дэ Пары», якія сталі абсалютнымі пераможцамі на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства JunіоrSkіlls Bеlаrus у намінацыі «Дызайн і мадэляванне адзення». Усе тры прызавыя месцы былі занятыя нашымі навучэнцамі. А на рэспубліканскім этапе яны заваявалі дыплом ІІІ ступені. Адна з дзяўчынак ужо стала навучэнкай Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа швейнай вытворчасці па прафесіі «Закройшчык, кравец».

Штогод на базе Рэчыцкага цэнтра творчасці арганізоўваюцца летнія прафарыентацыйныя лагеры дзённага знаходжання. Кожны кабінет у Цэнтры мае свой прафарыентацыйны пашпарт аб'яднання. Навучэнцы і бацькі могуць у свабодным доступе азнаёміцца з інфармацыяй пра тое, дзе можна працягнуць навучанне па профілі гуртка і якую кваліфікацыю атрымаць.

Найважнейшы складнік дзейнасці Рэчыцкага цэнтра — гэта аказанне дапамогі ў прафесійным самавызначэнні не толькі навучэнцам Цэнтра, але і падлеткам і моладзі ўсяго горада і раёна. На гэта быў нацэлены праект «Турагенцтва шостага дня», які рэалізоўваўся ва ўзаемадзеянні з установамі агульнай сярэдняй адукацыі. Адным з пунктаў падарожжаў па планеце Шостага дня была «РR — Прафесійная Рэспубліка». Асноўная ідэя — знаёмства дзяцей 10—14 гадоў з рознымі прафесіямі. А для старшых школьнікаў быў створаны асобны праект пад назвай «Акадэмія ўніверсальных прафесіяналаў».

Дарэчы, псіхолагі лічаць, што бацькі ні ў якім разе не павінны аказваць ціск на сваё дзіця пры выбары таго ці іншага гуртка, клуба або секцыі. Толькі занятак па душы можа прынесці рэальную карысць. А вызначыцца з выбарам адразу могуць не ўсе. Знаходзіцца ў працэсе пошуку — гэта нармальны стан любога дзіцяці, якое жадае самарэалізавацца. Бо, напэўна, не ўсім дадзена стаць інжынерам ці канструктарам, захапіцца арніталогіяй або касмічнай біялогіяй, скалалажаннем ці турызмам. Дзесьці патрабуецца максімальная канцэнтрацыя і ўважлівасць, а дзесьці, наадварот, трэба быць разняволеным... У сілах бацькоў дапамагчы дзіцяці, штосьці яму падказаць, параіць, але іх погляды і жыццёвы вопыт не павінны быць вырашальнымі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Пачуццё гумару, адкрытасць і прафесіяналізм

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.