Вы тут

68 працэнтаў удзельнікаў рэгіянальнага праекта ЕС-ПРААН — жанчыны


Беларусь ідзе па сваім шляху развіцця, беручы на ўзбраенне і вопыт суседзяў, і еўрапейскія ініцыятывы. Несумненна і тое, што кожная праграма ў рамках дзяржавы (дзе б ні пераймаўся вопыт) павінна быць адаптаваная да мясцовых асаблівасцяў і ўмоў. У афіцыйных дакументах такая пазіцыя носіць назву тэрытарыяльна-арыентаваны падыход. Аб вопыце яго прымянення ў нашай краіне гаварылі на высокім узроўні ў рамках выніковай канферэнцыі праекта ЕС-ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» (з нагоды заканчэння праграмы) прадстаўнікі міністэрстваў, ЕС, ПРААН, абласных і раённых выканаўчых камітэтаў, некамерцыйных арганізацый і бізнесу.


Фота БЕЛТА

Намеснік міністра эканомікі Аляксандр ЧАРВЯКОЎ (які кіраваў Каардынацыйным саветам праекта на першапачатковым этапе) падзяліўся гісторыяй стварэння і распрацоўкі праекта ў нашай краіне:

— У рэалізацыю праекта закладваліся чатыры ключавыя аспекты, якія маюць прынцыповае значэнне для рэгіянальнага развіцця. Праводзіўся маштабны эксперымент, у якім у кожным раёне распрацоўваліся канцэпцыі, а затым 30 найбольш актыўных стратэгій мясцовага развіцця атрымалі пашпарты тэрыторыі апераджальнага развіцця. Гэта быў першы крок да стратэгічнага планавання на мясцовым узроўні. Значным з'яўляўся і сам працэс распрацоўкі пашпартоў, у які ўключаліся ўсе зацікаўленыя (як прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх арганізацый, бізнес-супольнасці, так і простыя мясцовыя жыхары), гэта значыць, распрацоўвалася методыка самога стратэгічнага дакумента. Яшчэ адзін аспект — мясцовыя ініцыятывы, ідэі і прапановы з месцаў. Для паспяховасці трэба быць кансалідаванымі з усімі ўдзельнікамі працэсу. Вельмі важным з'яўляецца фарміраванне дыялогу з мясцовай уладай, бізнесам і насельніцтвам, каб разам вызначаць стратэгіі развіцця, вылучаць прыярытэты і вызначаць шляхі рашэння праблем у канкрэтнай мясцовасці. Праект ЕС-ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» на мікраўзроўні закранаў увесь цыкл стратэгічнага планавання генерацый ідэй, трансфармацыі іх у канкрэтныя праекты і іх далейшую рэалізацыю. З боку дзяржавы (у падтрымку далейшага развіцця ініцыятыў) сёння створаны камфортныя для прадпрымальніцкага асяроддзя ўмовы, для гэтага дзяржава зрабіла вялікі ўклад. Быў прыняты пакет нарматыўных дакументаў (Дэкрэт № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва», указы Прэзідэнта аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, рамеснай дзейнасці, развіцці аграэкатурызму, аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб і іншыя). Усе гэтыя дакументы ўзмацняюць механізмы самарэгулявання бізнесу, яго адказнасці за сваю працу перад грамадствам, пры гэтым захоўваецца мінімальна неабходны ўзровень кантролю з боку дзяржавы. Дзеянне дакумента ахоплівае сферы, у якіх засяроджана каля 95 працэнтаў малога і сярэдняга бізнесу.

Ініцыятывы, якія ідуць знізу ўверх, вядуць да развіцця патэнцыялу на месцах, калектыўнай адказнасці і, як следства, мабілізацыі сіл і рэсурсаў рэгіёна.

Андрэа ВІКТАРЫН, кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Рэспубліцы Беларусь, адзначыла ў якасці прыкладу паспяховай рэалізацыі праекта Смілавічы:

— Мне было вельмі прыемна ўбачыць, як змяніўся гэты гарадскі пасёлак, што там з'явіліся новыя аб'екты інфраструктуры, і як добра сёння скаардынаваны дзеянні ўдзельнікаў нашага праекта і іншых праектаў і праграм. І яшчэ адзін прыклад — вёска Уваравічы ў Гомельскай вобласці, дзе жыхары захацелі стварыць спартыўную пляцоўку — і стварылі.

Кіраўнік прадстаўніцтва ЕС назвала некалькі ўражальных лічбаў і фактаў:

— За чатыры гады ў Беларусі было рэалізавана 243 ініцыятывы ў самых розных галінах, на падтрымку гэтых ініцыятыў было выдаткавана 3 606 049 еўра (сафінансаванне склала 1 001 935 еўра); створана 30 ініцыятыўных груп, распрацавана 118 канцэпцый развіцця раёнаў; створана 30 пашпартоў ТАР (тэрытарыяльна арыентаваны падыход да развіцця) і план дзеянняў на пяць гадоў; створаны 24 новыя прадпрыемствы і 143 новыя працоўныя месцы; створана 352 аб'екты інфраструктуры. У тысяч беларусаў з'явіліся новыя магчымасці для адукацыі, занятасці, атрымання якасных сацыяльных і медыцынскіх паслуг у малых гарадах і сельскай мясцовасці. Акрамя таго, — асабліва падкрэсліла спадарыня Віктарын, — мне прыемна расказаць, што 68 працэнтаў усіх удзельнікаў праекта — жанчыны. 90 тысяч чалавек па ўсёй краіне атрымалі магчымасці для дадатковай адукацыі, а больш за 180 тысяч чалавек змаглі скарыстацца новымі інфраструктурнымі аб'ектамі і паслугамі ў галіне аховы здароўя і здаровага ладу жыцця. Было створана больш за 130 магчымасцяў для занятасці беларусаў, адкрыты новыя аб'екты і паслугі ў сферы турызму, у тым ліку безбар'ернага, для больш чым 350 000 жыхароў краіны. Новымі паслугамі ў сацыяльнай сферы ўжо могуць скарыстацца 60 тысяч чалавек па ўсёй краіне.

Андрэа Віктарын анансавала новы праект «Мясцовае эканамічнае развіццё», назвала яго «прамым працягам папярэдняга праекта» і агучыла бюджэт — 7 млн еўра (мінулы праект меў бюджэт у 5 млн еўра). Асноўны змест праекта — падтрымка малога і сярэдняга бізнесу, стартапаў.

Іаана Казана-Вішнявецкі, пастаянны прадстаўнік праграмы развіцця ААН у Беларусі, назвала «краевугольным каменем супрацоўніцтва мясцовага насельніцтва і ўладаў, без якога нельга было дасягнуць поспеху ў рэалізацыі праекта». Яна расказала, што бачыла ў Дрыбіне Школу шапавалаў, у Пружанах — керамічную майстэрню, і адзначыла:

— Фінансаванне Еўрапейскага саюза і суправаджэнне развіцця мясцовых супольнасцяў камандай ПРААН у Беларусі далі магчымасць многім жыхарам раёнаў навучыцца браць вырашэнне праблем у свае рукі і атрымаць доступ да міжнароднай тэхнічнай дапамогі.

Вольга ПРАЛЮК

Загаловак у газеце: Вялікія ініцыятывы малых гарадоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?