Вы тут

Людзі жывуць у чарках...


Спачатку пра смешнае. На нядаўніх дажынках у Высокім давялося назіраць сцэну, якую бадай што можна ўставіць у спектакль будучай «Белай вежы» ці іншага тэатральнага фестывалю. Дык вось, за сталом аднаго з павільёнаў сядзяць два, на выгляд вясковыя, дзядзькі, святочна апранутыя і ў добрым настроі. Перад імі — налітыя невялікія пластыкавыя кілішкі і закуска ў аднаразовых белых талерках. Адпачываюць людзі за няспешнай гутаркай, як і многія на тым свяце. І такія ж вясёлыя прадаўцы кафэ пад адкрытым небам для настрою ўключылі музыку. Гучыць песня беларускага дуэта NAVІBAND «А дзе жывеш ты?»


Там ёсць словы: «Людзі жывуць у песнях, людзі жывуць у вершах, у шматпавярховых дамах». І потым... «людзі жывуць у чоўнах, людзі жывуць у чэргах». Дык вось слова «чэргах» гучыць не вельмі выразна, яно крыху губляецца ў музычных акордах. Будзе нагода, паслухайце! І вось адзін з нашых герояў кажа другому: «Чуў, што спяваюць: «Людзі жывуць у чарках»! — «Чаму ж не чуў, — адказвае таварыш. — Але ж гэта не пра нас, мы ж не п'ём кожны дзень, а так, час ад часу, болей — па святах». Тут падышла мая чарга, я разлічылася за гарбату і не чула працягу іх цікавых разважанняў.

А дома некалькі разоў праслухала песню. Усміхнулася. І прыйшла да высновы, што міжволі тыя вясковыя дзядзькі вывелі формулу цэлай грамадскай заганы, хваробы, якая, на жаль, паражае і маладзейшае пакаленне. Не кажу зараз пра тых, страчаных для грамадства асоб, якія адрозніваюцца асацыяльнымі паводзінамі і жывуць у прамым сэнсе ад выпіўкі да выпіўкі, зранку нервова пераступаючы з нагі на нагу, чакаюць адкрыцця найбліжэйшага гандлёвага пункта. У іх, як правіла, няма сям'і альбо яны сталі цяжкай ношай, вечнай карай для сваіх сямейнікаў. Ім ужо амаль нічым не дапаможаш.

Я зараз пра тых, якія працуюць альбо на пенсіі, вядуць звычайны лад жыцця, але без выпіўкі не ўмеюць ці зусім развучыліся будаваць сваё жыццё. Паўсядзённае жыццё. Гэтым грашаць цяпер нават вясковыя пенсіянеры. Некаторыя з іх і жывуць ад пенсіі да пенсіі, набраўшы ў мясцовай краме прадуктаў наперад. А пасля атрымання пенсійных выплат, разлічыўшыся за даўгі, зноў кожны паход па прадукты робяць маленькім святам, купіўшы ну хоць бы таннага віна. Пакуль грошы не скончацца. Некаторыя з такіх гаспадароў усё ж трымаюць дамашнюю скаціну, апрацоўваюць агарод, іншыя зводзяць ушчэнт дамашнюю гаспадарку, а сэнс жыцця ператвараюць у пастаянную выпіўку. Адна справа — пенсіянеры: адпрацавалі сваё, дзяцей выгадавалі. Да іх, на жаль, падцягваецца і маладзейшае пакаленне. Такія людзі не затрымліваюцца доўга ў калгасе, іх пераводзяць з работы на работу, а потым звальняюць зусім. На жаль, праслойка гэтых вяскоўцаў не становіцца меншай.

Асобныя гарадскія, на першы погляд, прыстойныя сем'і з дзецьмі таксама выклікаюць трывогу. Адкуль у нас столькі п'яных за рулём, такія вялікія лічбы гібелі грамадзян пры розных абставінах, але менавіта ў нецвярозым стане? Гэта з тых жа гарадскіх звычайных сем'яў. Днём яны ходзяць на работу, адводзяць дзяцей у садок і школу, забіраюць іх увечары. Потым заходзяць па дарозе ў супермаркет, бяруць прадукты на вячэру, у лепшым выпадку, бяруць дзіцяці шакаладку ці цукерку і пляшку — сабе. Заўважаю такіх пакупнікоў нямала. А нядаўна ў нашым супермаркеце проста разанула сцэна каля касы. Высокая, стройная маладзіца гадоў трыццаці, нармальна апранутая, з малым сынам прыйшла разлічвацца. У карзіне — бутэлька таннага віна, малако, батон. Хлопчык нешта ціхенька папрасіў, яна толькі зірнула, і дзіця замаўчала. А потым пасля разліку касір працягнула чэк, і малы з дзіцячай цікаўнасці, відаць, хацеў узяць паперку, але маці проста зашыпела на сына: «Гэта нам не трэба», і ён спалохана-разгублена кінуў чэк. Неяк страшна стала за таго малога.

Як і за дзяцей іншых бацькоў. Ну, напрыклад, таго, пра якога многа пісалі ў сеціве. Жонка аформіла крэдыт і ўзяла новую машыну. А ён два разы папаўся п'яны за рулём, і машыну забралі. Крэдыт, зразумела, застаўся... Пачынаецца ўсё ў такіх сем'ях нібы звычайна і прыстойна: пікнікі, застоллі з любой нагоды, госці. Але ўсё добрае ў меру. Калі мера знікае, людзі не заўважаюць, як пачынаюць «жыць» у чарцы. А гэта ўжо знак бяды. Можа і правільна заклікаў на апошняй сесіі Брэсцкага гарадскога Савета дэпутат Валадзько скараціць гандаль спіртным. Ёсць, праўда, іншае меркаванне: маўляў, свіння ўсё роўна лужыну знойдзе. З аднаго боку, так. Але ж занадта даступная ў нас гарэлка. Яна прадаецца ўсюды, на запраўках, у супермаркетах, у магазінах крокавай адлегласці днём і ноччу. Нібы спакушае слабавольных. А яны і рады паддавацца спакусе. І папаўняюць шэрагі тых, хто не ўяўляе сваё жыццё без чаркі. Жыве ў ёй...

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.