24 верасня, чацвер

Вы тут

Гутарка з адзінай у Смалявічах і раёне кіроўцай таксі


Яе стаж за рулём — больш за дзесяць гадоў, а сямейнае прадпрыемства, дзе Наталля Гапеенка саўладальніца, — служба таксі «Дэльфін» — працуе ўжо больш за восем. За гэты даволі працяглы тэрмін у жанчыны за плячыма не адзін дзясятак тысяч кіламетраў, але ні адной сур'ёзнай аварыі. А ў асабістай скарбонцы — мноства цікавых людскіх гісторый. Мая суразмоўніца — адзіная ў Смалявічах і раёне кіроўца таксі жаночага полу.


Прызнаецца, што нават і не падазравала, што лёс прывядзе ў гэтую сферу. Па адукацыі Наталля — кухар, некаторы час працавала па спецыяльнасці. Даводзілася быць і прадаўцом. Падчас навучання ў аўташколе адзін з інструктараў сказаў, што з яе атрымаецца добры кіроўца.

— Быццам бы напрарочыў, — смяецца Наталля.

Зараз у Смалявічах ужо ніхто не здзіўляецца, калі бачыць за рулём таксі маладую прывабную жанчыну. Пастаянныя кліенты спакойна давяраюць ёй сваіх дзетак, а дзяўчаты-пасажыры адчуваюць сябе ў большай бяспецы, чым з кіроўцамі-мужчынамі. Прадстаўнікі ж моцнай паловы чалавецтва раз-пораз робяць кампліменты адносна яе вадзіцельскіх навыкаў, а маладзейшыя з іх яшчэ і з захапленнем распытваюць пра нюансы работы.

— Яна ўвогуле не самая спакойная... Што ўжо казаць пра кіроўцу-жанчыну! Як вы выходзіце са складаных сітуацый? Не бывае страшна? — пытаюся я.

— Дыспетчарам ужо пры заказе таксі часта зразумела, што гэта будзе за паездка, што за людзі тэлефануюць... І на патэнцыяльна небяспечныя выклікі мяне не накіроўваюць. У самым крайнім выпадку ўжо на месцы я магу адмовіцца ад паездкі і папрасіць дыспетчара накіраваць да кліентаў іншую машыну, — адказвае Наталля. — На шчасце, за ўвесь час працы ў мяне амаль не было канфліктных сітуацый з пасажырамі. Калі кліент паводзіць сябе агрэсіўна, раблю ўсё, каб заспакоіць яго. Жадае пагаварыць — з задавальненнем падтрымаю размову. Увогуле, маё жыццёвае крэда — ставіцца да людзей так, як хацела б, каб ставіліся да мяне. Гэта ў значнай ступені дапамагае працаваць. Мяркую, што пасажыры адчуваюць мой добразычлівы настрой і ў іх знікае ўсякае жаданне канфліктаваць.

Суразмоўніца прызнаецца, што нярэдка адчувае падтрымку з боку кіроўцаў-мужчын і прадстаўнікоў Дзяржаўтаінспекцыі.

— Аднойчы, у самым пачатку маёй работы, калі ў аўтамабілях яшчэ не было навігатараў і магчымасці выйсці ў інтэрнэт, я паехала на выклік у Мінск і... заблукала. Намагаючыся знайсці патрэбны адрас, праехала шмат лішніх кіламетраў, у машыне скончыўся бензін. Стаяла на ўзбочыне, намагалася знайсці выйсце са становішча. І ў гэты момант да мяне пад'ехалі супрацоўнікі ДАІ. Даведаўшыся аб праблеме, адразу ж з'ездзілі на найбліжэйшую АЗС, набылі каністру бензіну і заправілі маю машыну. Прайшло шмат часу, а я дагэтуль удзячная тым людзям.

Зараз Наталля Гапеенка не так часта выязджае ў рэйсы. Бо яна — жонка, маці траіх дзяцей, гаспадыня... І ўсе будзённыя клопаты яе, як і ўсякую жанчыну, не абыходзяць.

Паліна ПРАКАПЕНЯ, студэнтка І курса факультэта журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Камплімент для таксіста

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як бяздзетнай пары завесцi дзiця?

Як бяздзетнай пары завесцi дзiця?

У гэтым праекце знаёмім вас з бяздзетнымi парамi, якiя хацелі, але праз стан свайго здароўя не маглі мець дзяцей.

Культура

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Працягваем публікаваць урыўкі з кнігі.

Грамадства

Марына Мулявiна: Пасля разводу бацькi заставалiся блiзкiмi людзьмi

Марына Мулявiна: Пасля разводу бацькi заставалiся блiзкiмi людзьмi

Дачка галоўнага «песняра» распавяла пра сямейныя традыцыi.