Вы тут

Айчынныя прадпрыемствы прадставілі Прэзідэнту навінкі вытворчасці


Снегаўборачныя і лёдазалівачныя машыны, спартыўнае абсталяванне і музычныя інструменты прэзентаваны на адмысловай выстаўцы. Адна з асноўных задач для ўсіх вытворцаў-удзельнікаў — імпартазамяшчэнне.


Адкрывалі экспазіцыю снегаўборачныя і лёдазалівачныя машыны, ратракі (транспартны сродак для падрыхтоўкі лыжных трас), створаныя на базе трактароў МТЗ, і снегагенератары ААТ «МІСОМ». «Цалкам беларуская» — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка ў дачыненні да тэхнікі.

— Да наступнай зімы павінен быць чыста беларускі ратрак, гэта не праблема. Самае складанае ў вас ёсць: энергетычны сродак, кабіна, кіраванне. А ўсё астатняе — элементарна. Сёлета вы забяспечваеце неабходны аб'ём, які патрэбны біятланістам, лыжнікам, з таго, што ёсць. У наступным годзе гэта тэхніка павінна быць выключна беларускай, — адзначыў Прэзідэнт.

У зале выставачнага комплексу «БелЭкспа», які ў народзе з-за сваёй формы атрымаў назву «Рамонак», прадстаўлена абсталяванне для заняткаў спортам і культурнага адпачынку.

Спартыўны інвентар створаны ў асноўным для дзіцячых спартыўных школ, устаноў адукацыі і аматараў — на званне распрацовак для прафесіяналаў не прэтэндуюць.

Прадпрыемства «Марка» прадставіла Аляксандру Лукашэнку свае лыжныя чаравікі для язды класічным і каньковым ходам. Больш за 3600 пар такога абутку паставяць у спартыўныя школы ў якасці спонсарскай дапамогі.

Асвоена вытворчасць і мацавання для лыжаў. Па якасці не саступаюць замежным канкурэнтам, а ў цане і выйграюць.

— Тое, што зрабілі гэтыя мацаванні, малайцы. Толькі не спыняйцеся. Удасканальвайце і абыходзьце гэтыя заходнія кампаніі. Зрабіце лепш, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паказалі Прэзідэнту таксама лыжныя палкі, мазі і айчынныя лыжаролеры. У вытворчасці лыжаў пакуль не ўсё дасканала. Айчынныя прадпрыемствы ў гэтым кірунку плануюць супрацоўнічаць з замежнымі кампаніямі.

Далей размясцілася экспазіцыя музычных інструментаў: піяніна, гітары, баяны, гармонікі, цымбалы, домры, балалайкі, дуда.

Справа па вырабе інструментаў досыць тонкая і патрабуе ручной працы, таму аб'ёмы майстэрняў невялікія. Звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, што неабходна не толькі ствараць новыя, але і аднаўляць старыя інструменты.

Самі музыканты таксама сцвярджаюць, што некаторыя інструменты могуць «раскрыцца» толькі праз гады.

Першую скрыпку ў вытворчасці гэтага інструмента ў Беларусі зайграў майстар Аляксандр Сурба. Сярод лідараў у вытворчасці домраў і балалаек пінчук Руслан Макарэвіч. Яму Прэзідэнт даручыў захаваць школу па стварэнні гэтых інструментаў:

— Прыцягвай да работы столькі чалавек, колькі трэба. Таму што гэты інструмент трэба будзе яшчэ адрамантаваць, мабыць. За табой — школа. Пакуль ты адзін, але ў цябе павінна быць больш памочнікаў.

Вытворцы баянаў і гармонікаў з Маладзечна прэзентавалі сваю навінку — бескантактавую медыясістэму. Яна ўяўляе сабой баян, які з дапамогай Wі-Fі перадае гук на калонкі і можа імітаваць разнастайныя інструменты. Створана пакуль толькі чатыры такія баяны-аркестры.

Прэзідэнт даручыў дапамагчы і вытворцам гітар і цымбалаў: «Трэба зрабіць так, каб годная ў іх была вытворчасць, каб не сорамна было».

Аляксандр Лукашэнка ацаніў якасці і айчыннага піяніна, якое пакуль складаецца з імпартных дэталяў.

— Палічыце, колькі трэба грошай на ўсё, пра што мы гаварылі, без празмернасцяў. Да 1 кастрычніка скажыце. Асноўнае мы павінны вырабіць у сябе. Што трэба па імпарце пакуль закупіць — мы закупім. Але мы сабраліся для таго, каб вырабляць усё ў сябе. І дадаткова тыя інструменты, якія тут не прадстаўлены. Гэтая праграма павінна быць рэалізавана адсоткаў на 90—95 ужо ў 2019 годзе, — падвёў вынікі сустрэчы Прэзідэнт.

Грошы на годную справу абавязкова будуць, бо ўсё гэта робіцца для дзяцей. А здаровая, спартыўная, таленавітая і ўсебакова развітая моладзь — гарант шчаслівай будучыні нашай краіны.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Цалкам беларускае!

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.