Вы тут

Як утвараюцца алмазы?


Усе ведаюць, што алмаз каштуе вялікіх грошай, амаль усе — што гэта самае цвёрдае прыроднае рэчыва. Вашай увазе некалькі фактаў пра ўтварэнне гэтага прыгожага і таямнічага мінералу.


Алмазы ўтвараюцца ў зямной мантыі на глыбінях каля пары сотняў кіламетраў. Там велізарны ціск, і там вельмі горача. Калі алмаз нагрэць да такой тэмпературы на паверхні, то ён згарыць. Бо гэта абсалютна гэткі ж вуглярод, як і ў печы, проста атамы размешчаны па-іншаму. А ў зямной мантыі свабоднага кіслароду няма, вось алмазы і не згараюць.

Вуглярод, з якога складаюцца алмазы, быццам бы не павінен знаходзіцца на такіх глыбінях. Гэта лёгкі элемент, ён распаўсюджаны ў зямной кары, а глыбей залягае тое, што за мільярды гадоў пасля фарміравання планеты, паспела «патануць» у яе нетрах. Мабыць, справа ў субдукцыі — працэсе апускання аднаго блока зямной кары пад іншы. Акіянічная кара, якая складаецца ў асноўным з базальтаў, фарміруецца ў тоўшчы акіянаў, у зонах сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў. Адтуль яна «рассоўваецца» ў супрацьлеглыя бакі. Край кары, які ўпіраецца ў мацярык, падгінаецца пад яго і паступова тоне ў мантыйным рэчыве. Разам з ападкавымі пародамі, у якіх шмат вугляроду. Гэты працэс ідзе з хуткасцю сантыметраў — у год, але бесперапынна.

Блакітныя алмазы вельмі цэняцца ювелірамі і іх пакупнікамі. Гэта амаль звычайны алмаз, афарбаваны невялікай прымессю бору. Бор яшчэ лягчэйшы за вуглярод, і яго наяўнасць на вялікіх глыбінях яшчэ менш верагодная. Як відаць, ён трапляе туды гэтак жа, але ў меншай колькасці. Фарміруюцца блакітныя алмазы на рэкорднай глыбіні — 600—700 кіламетраў. Таму на паверхні яны вельмі рэдкія — іх колькасць складае каля 0,02 % сусветнай здабычы.

Пры крышталізацыі алмаза ўнутры яго часам аказваюцца рэчывы, якія акружалі яго ў гэты момант. Гэта бяда для ювеліра і шчасце для геолага. Справа ў тым, што крышталічная рашотка алмаза з-за сваёй трываласці можа ўтрымаць захопленыя мінералы пры тым жа ціску, пры якім яны знаходзіліся ў момант фарміравання самога «каменьчыка». А гэта істотна, паколькі шматлікія рэчывы па меры змены ціску пераходзяць з аднаго стану ў іншы. Скажам, стабільны пры шасці і больш гектапаскалях сцішавіт пры зніжэнні ціску ператвараецца ў каэсіт, а пры дасягненні паверхні — у добра знаёмы нам кварц. Яго хімічная формула пры гэтым, вядома, не змяняецца — гэта дыяксід крэмнію, SіО2. Акрамя таго па ціску ва ўключэннях можна дакладна вызначыць глыбіню фарміравання алмаза.

На паверхні алмазы трапляюць з кімберлітам — старажытнай магмай, якая калісьці прарвалася на паверхню праз кімберлітавую трубку — адносна вузкае жарало, якое злёгку пашыраецца ўгору. Назвай трубка і мінерал абавязаныя паўднёваафрыканскаму гораду Кімберлі, каля якога ў ХІХ стагоддзі была адкрыта першая такая трубка. Цяпер па ўсім свеце іх вядома прыкладна 1500. На жаль, алмазы ёсць далёка не ва ўсіх, а прыкладна ў кожнай дзясятай. Як мяркуюць геолагі, на долю кімберліту прыпадае каля 90 % сусветных запасаў алмазаў. Астатнія 10 % прымеркаваны да лампраітаў. Гэта таксама вывергнутыя пароды, якія характарызуюцца высокім утрыманнем калію і магнію.

Да адкрыцця кімберлітавых трубак алмазы здабываліся ў россыпах, пераважна рачных. Як цяпер зразумела, яны ўтварыліся пры эрозіі кімберлітавых вулканаў, ад якіх да нашых дзён засталіся толькі трубкі. Россыпаў, якія маюць прамысловае значэнне, у свеце было няшмат. Бразільскі быў практычна вычарпаны да канца
ХVІІІ стагоддзя, індыйскі — на пару стагоддзяў раней. Россыпы ў Паўднёвай Афрыцы былі знойдзены ў ХІХ стагоддзі, і менавіта іх распрацоўка каля Кімберлі ў канчатковым выніку прывяла да знаходкі першай трубкі.

Іван КУПАРВАС

Загаловак у газеце: Народжаныя ў старажытнай магме

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».