Вы тут

Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік адкрыюць для турыстаў?


У сярэдзіне верасня ў Хойніках — плюс 25—27 градусаў, гэта норма. Вее сухі ветрык. Мне, жыхару сталіцы, ён здаецца гарачым. Яшчэ 20—25 хвілін на камфартабельным аўтобусе, і мы пад'язджаем да Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Ахова, калючы дрот, шлагбаум... На тэрыторыі запаведніка цікаўлюся фонам навакольнай радыяцыі. Першы намеснік дырэктара гэтай закрытай зоны Генадзь Гапоненка па-ваеннаму коратка адказвае: 0,46 мікразіверта ў гадзіну. Бяспечным лічыцца ўзровень радыяцыі да велічыні, прыблізна 0,5 мікразіверта ў гадзіну (да 50 мікрарэнтген у гадзіну). Значыць, знаходзіцца тут можна без праблем. Але турыстаў пакуль сюды не пускаюць. Праўда, хутка сітуацыя зменіцца.


Задачу па развіцці турызму ў гэтым рэгіёне нам паставіў кіраўнік дзяржавы падчас наведвання Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, — паведаміў намеснік начальніка Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС МНС Пётр НІКАЛАЕНКА. — Многія турыстычныя кампаніі звяртаюцца да нас з просьбай аб магчымасцях наведвання запаведніка ў турыстычных мэтах. Але, згодна з існуючым заканадаўствам, гэта катэгарычна забаронена. Каб вырашыць гэта пытанне (і шмат спадарожных аб развіцці іншых відаў дзейнасці запаведніка) мы ўнеслі прапановы ў праект новага ўказа. Ён ужо падрыхтаваны, узгоднены з усімі зацікаўленымі ведамствамі і накіраваны на падпісанне кіраўніку дзяржавы. Мы спадзяёмся, што па новым дакуменце будзем працаваць ужо з пачатку наступнага года. Праўда, пасля падпісання Указа трэба будзе прыняць яшчэ закон, які рэгулюе наведванне тэрыторыі запаведніка.

— Як можна будзе тады трапіць на тэрыторыю запаведніка?

— Прадугледжваецца два шляхі: наўпрост — праз арганізацыю наведвання зоны непасрэдна адміністрацыяй запаведніка, а таксама пры дапамозе прыцягнення для гэтых мэт турыстычных фірмаў.

— Гэта будзе экстрэмальны турызм?

— Ніякай нават патэнцыйнай небяспекі пры наведванні запаведніка не будзе. Будуць адпрацаваны такія схемы маршрутаў, якія пралягаюць па тэрыторыі запаведніка з найменшым узроўнем забруджвання, які ні ў якай меры не пагражае здароўю людзей. Напрыклад, мы сёння знаходзімся ў эксперыментальна-гаспадарчай зоне запаведніка. Тут узровень забруджвання (фон) невысокі. На плошчах гэтай зоны цалкам прывольна пасуцца табуны коней, тут устаноўлены нашы пчальнікі. Мёд, атрыманы тут, правяраецца на спецыяльным абсталяванні. Жорстка правяраецца. Пчолы і мёд, які можна ўжываць, — гэта паказчык бяспекі тэрыторыі. Вядома, пры пэўных абмежаваннях.

— Які гэта будзе турызм: пешы, спартыўны, можа быць на конях, спецыяльных машынах?

— Будуць разглядацца розныя варыянты. З часам яны будуць мяняцца ў залежнасці ад попыту. Але, яшчэ раз падкрэслю: тут турызм ніколі не стане экстрэмальным, бо здароўе людзей для нас застаецца галоўным прыярытэтам. Таму асноўныя маршруты будуць пралягаць па асфальтаванай дарозе, дзе менш пылу, дзе яго лягчэй за ўсё змыць. Такая дарога ў нас пракладзеная да самай Прыпяці, дзе была пераправа на тэрыторыю Украіны.

— На Украіне маршруты такога турызму пралягаюць непасрэдна цераз горад-прывід, тое месца, дзе выбухнуў атамны рэактар. Пусты горад з шматпавярховымі дамамі, мёртвы горад...

— У нас такога эмацыянальнага аб'екта няма. На Украіне гэта хутчэй за ўсё і будзе экстрэмальным турызмам, амаль забароненая забаўка. У нас кірунак трошкі іншы — паказаць, як прырода развіваецца ў такой мясцовасці без чалавека. Тут у вялікай канцэнтрацыі знаходзяцца амаль усе чырванакніжнікі краіны. У запаведнік хочуць трапіць усе тыя, хто ўсур'ёз захапляецца сусветнай фаўнай. Для іх наш запаведнік казачнае месца, бо тут вельмі шмат птушак жыве па сваіх спецыяльных законах, якія выключаюць сутыкненне з чалавекам. Вы ведаеце, нават буслы ў дзікай прыродзе паводзяць сябе зусім па-іншаму, яны ў запаведніку вельмі баяцца людзей... Сюды людзі будуць прыязджаць спецыяльна, каб фатаграфаваць жывёл. Тут па закінутых вёсках ходзяць ласі, а за дзікамі палююць велізарныя ваўкі. І ўсё гэта, калі пашанцуе, можна ўбачыць на свае вочы.

— Магчыма, з часам дазволяць не толькі фотапаляванне, але і сапраўднае?

— Усё магчыма. Але вы разумееце, што гэта будзе паляванне без трафеяў. Так, фатаграфія забітага звера — не больш за тое. Таму што мяса дзіка, здабытага тут, будзе «фаніць», як і рогі аленя альбо лася — закрытая зона ўсё ж... Але давайце не будзем паперадзе воза ісці. Спачатку трэба каб быў прыняты новы дакумент аб развіцці радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, а потым будзем будаваць планы.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Коні, ласі, пчолы і мёд...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.

Эканоміка

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Пра што абавязкова трэба падумаць перад тым, як браць на сябе фінансавыя абавязацельствы перад банкам?