Вы тут

Асцярожна — кошкі!


Яе зваць Айша. Гэтае імя дала ёй тры гады таму я. Айша — кошка. Трохкаляровая. Або, як іх яшчэ называюць з‑за адметнай афарбоўкі — чарапахавая. Гэта калі колеры зліваюцца і трохі белых плям. Такая афарбоўка вызначаецца, як кажуць спецыялісты, выключна генетычнай камбінацыяй. Кончыкі лап і шыя ў Айшы — белыя. Такіх кошак ў беларускіх вёсках чамусьці называюць «рыскамі». Яна і жыла ў невялічкай вёсцы Яцкаўшчыне, што хаваецца ў гушчы старых клёнаў, бяроз і дубоў пры гасцінцы паміж Клецкам і Ляхавічамі кіламетраў 30 ад Нясвіжа. Тут і хата, што засталася мужу ў спадчыну ад бацькоў, куды нам падабаецца прыязджаць на выхадныя. Хоць і 160 км ад Мінска, але яно таго варта. Хата стаіць у старым яблыневым садзе, прыхаваная ад вачэй падарожнікаў велізарным кустом язміну ў кветніку ды разгалістымі дрэвамі грэцкіх арэхаў, якія пасадзіла мая свякроў-нябожчыца Вольга Рыгораўна Ждановіч. Усё тут нагадвае пра бацькоў мужа, якія даўно пайшлі ў іншы свет: і хата, і яблыні, і кусты парэчкі, і стары маліннік… І нават кошка. Такія «рыскі» вадзіліся у гаспадароў. Катоў трымалі, бо трэба ж лавіць мышэй ды крыс, якіх пры вясковых хатах заўсёды была процьма. І кошкі выдатна спраўляліся. За гэта іх частавалі тым харчам, які елі самі гаспадары. Ды і свойскага малака хапала…


 Мне не забыцца, як аднойчы, стаяла цёплая восень, яна прыйшла да нас і села ля парога на ўваходзе ў хату. Што цікава, ня выдала ніводнага гуку, нібы чакала, як пастаўлюся да яе візіту. А калі я звярнулася да яе з пытаннем: ты чыя, то адказала кашлем…

Кошка была хворая. І вельмі галодная. Я пакарміла яе хлебам і сырам, падагрэла малака. Яна прагна піла ды піла яго, і яе худыя бакі раздзімаліся. Нечаканая госця хоць і наелася, але не адышла ад міскі, пакуль усю яе ня спустошыла. А потым пайшла. Назаўтра ранкам з’явілася зноў. У ход пайшлі адварныя яйкі, тварог ды зноў было цёплае малако… І толькі, калі паснедала, кошка змагла скрозь кашаль выціснуць удзячны гук, гэткую спробу памуркатаць.

Год 2016‑ы выдаўся яблычным, і мы да маразоў ездзілі, каб набраць антонавак. Кошка прыходзіла кожны раз. Яна ўжо адгукалася на «Айшу», церлася аб ногі і з задавальненнем прымала маю ласку. Праўда, яшчэ кашляла. І мы не ведалі, ці перажыве яна са сваім каціным бранхітам зіму. Падумвалі нават: ці не ўзяць яе з сабой у Мінск і аддаць, як кажуць, у добрыя рукі.

«Ды не хвалюйся, мы тут яе кормім, — супакоіла мяне наша суседка, пенсіянерка цётка Вольга Круглік. — Яна і да мяне прыходзіць, ляжыць на ганку, а то, здараецца, і ў хляве спіць».

Цётка Вольга паказвала на кошкін посуд, прыгаворваючы: «Вось толькі як ад вас прыйдзе, нос ад супу верне…». Я прызнаюся, што мы Айшу песцім: і вараную каўбаску «Радзівілаўскую» ў Клецку ёй купляем, і малако ў малочніцы бярэм.

Ад цёткі Вольгі я даведалася, што кошку высадзілі з машыны, якая праязджала праз вёску, нейкія людзі. Тое іншыя суседзі, кажа, бачылі. Адразу было зразумела, што кошка не з вясковых. Бо вясковыя каты, сама назірала не аднойчы, ад чужых людзей звычайна ўцякаюць, прызнаючы толькі сваіх гаспадароў. А гэтая адразу да людзей пайшла…

У мяне не ўкладваецца ў галаве, як гаспадары маглі адмовіцца ад такой дружалюбнай істоты. Так, вядома, думаць аб дрэнным не хочацца: ці мала што ў жыцці здараецца. Вунь, да прыкладу, былы генеральны пракурор ЗША Джон Эшкрафт трохкаляровых кошак нават баяўся: ён верыў, што яны былі знакам д’ябла. А гаспадары нашай, пэўна, вырашылі выкінуць яе таму, што падумалі: кошка стала заразнай… Можа й не захацелі вазіцца з лячэннем… Але, як прынята казаць у народзе, Бог ім суддзя. Мы з цёткай Вольгай сыходзімся на тым, што нам больш падабаецца думаць пра тое, што трохкаляровая кошка, якой Айша і з’яўляецца — сімвал шанцавання для ўсёй нешматлюднай вёскі, як прынята лічыць і ў фальклоры некаторых культур. Больш за тое, у наш час, у 2001 годзе трохкаляровыя кошкі былі абвешчаныя афіцыйнымі кошкамі амерыканскага штата Мэрыленд. Увогуле пра трохкаляровых і чарапахавых кошках шмат чаго цікавага можна паглядзець у інтэрнэце. У прыватнасці, цэняць іх японскія маракі: бяруць з сабой у падарожжа, мяркуючы, што трохкаляровыя кошкі будуць абараняць іх у моры. У Злучаных Штатах, як і ў нас, кошкі з такім спалучэннем колераў называюцца кошкамі грашовымі.

Муж неяк пажартаваў: вось трэба было яе забраць да сябе ў горад, сямейны бюджэт бы і павялічыўся. Жарты жартамі, але, на жаль, мы гэтага зрабіць не маглі: сваіх двое катоў, за якіх адказныя, бо прыручылі яшчэ 9 гадоў таму.

Калі новай вясной мы прыехалі ў вёску, не спадзяваліся, што Айша з’явіцца: зіма была халоднай. І вялікая была мая радасць, калі на сцежцы, якая вядзе ад брамкі да ўваходу ў хату, я ўбачыла, як у маладой траве мільганула знаёмая афарбоўка. А калі паклікала яе, Айша стрымгалоў падбегла да мяне — і давай выдаваць гукі радасці. Яна ўжо не кашляла і была цяжарная. І як жа я радавалася: кошка выжыла! Разумніца мая суседка, падумала я. «Ды не я, — сказала мне цётка Вольга, — гэта ўсё Валік. Гэта ён Тыгру ў зіму падтрымаў. Прыязджаў час ад часу, ежу ёй пакідаў. У яго хляўчук добры, капітальны, дык ён там аўчыны прама ў склепе наслаў, кошка там і зімавала. На вуліцы мароз, а ў склепе, казаў, плюсавая тэмпература. І да мяне іншы раз яна прыходзіла…». Аказалася, маю Айшу Валік назваў — Тыграй. За розум, хітрасць і спрыт — не толькі за афарбоўку. Як потым ён сам распавядаў, кошка, як толькі з’явілася ў Яцкаўшчыне, каб выжыць, цягала ежу з міскі суседскага сабакі Жука. Гляджу, кажа, ідзе да будкі, схопіць костку ды бягом на дрэва, сядзе на тоўстую галіну ды грызе…

А ўжо ў мінулую зіму мы для яе ў цёткі Вольгі сухі корм пакідалі, ела яго Айша з апетытам, зрэшты, як і ўсё астатняе. Характар у яе — цудоўны: яна рахманая ды ласкавая. І нават байцоўскі цётчын Вользін певень на яе не нападаў, дазваляў хадзіць сярод курэй: яна ж на іх не звяртала ніякай увагі. Айша — кошка-дыпламат: яна не мяўкае, не рыкае, а размаўляе. Гук, які выдае, калі з’яўляецца або просіць ежы, месціцца ў дзве літары, калі перавесці на чалавечую мову каціныя гукі. Гэта ўсяго толькі кароткае «мр», з працяглым «р». А ўжо калі ласціцца, то муркоча тады ціха-ціха і пяшчотна.

І цяперашняй вясной яна цешыла нас. Прыходзіла не толькі, каб паесці, але і мець зносіны. Ляжа на траўцы і адпачывае, памуркваючы нават тады, калі на яе зірнеш. А ўлетку прывяла кацянят. Чацвёра іх аказалася. Маўляў, любіце мяне — любіце і маіх дзетак. Мы пабачылі іх у гаражы пры хаце, калі ў чарговы раз прыехалі на выхадныя. Кацяняты былі дзікаватыя, нас баяліся, але, здавалася, што Айша вучыла іх не толькі ёсці каўбасу ды піць малако, але і не надта пужацца нас, людзей. Стане каля гаража ды кліча: мрр… мррр… мрр… Быццам пераконвае, што «гэтыя» не ўяўляюць з сябе ніякай небяспекі. А потым глядзіць упэўнена: ну ашчасціла ж нас тым, забраўшы іх сюды. Кацяняты выскачаць ды круцяцца вакол яе, а мы здаля назіраем. І захапляемся. За пару выхадных гэтая дзятва амаль што наблізілася да нас метры на два… А цётка Вольга смяялася, казала: «І што яна іх усё цягае: то ў Валіка былі, то зніклі, ён казаў…»

Валік, Валянцін Лойка — мінчанін, пенсіянер. І таксама наш сусед па Яцкаўшчыне. Узімку жыве ў Мінску, а з вясны да восені ў бацькоўскай хаце, а дакладней — дзедавай ды бабінай. Тут і гарод у яго ёсць экалагічны, уладкаваны па тэхналогіі безадвальнага земляробства. Гэта калі ўсё, што неабходна, саджаецца ў неразараную зямлю, а вакол высцілаецца саломай. Такім чынам, вырошчваецца экалагічна чыстая гародніна. Прызнаюся, градкі такія з цыбуляй, часнаком, пятрушкай, салатай, бульбай, памідорамі ды кабачкамі і перцам, эстэтычна глядзяцца. І шмат кветак у яго на падворку. З жонкай Ірынай, кажа, саджалі.

Валянцін Лойка ўлетку заўсёды ў вёсцы

Падарожнічае з Валянцінам у вёску і яго кошка гарадская, дачка Тыгры ад першага яе вясковага памёту. Таксама прыгажуня, ды таксама трохкаляровая, толькі большай часткай — белая. Любіць сядзець у хаце на падваконні. А Валянцін у мінулым скончыў школу МУС ды працаваў у гэтай сістэме. А яшчэ, як і мой муж, вучыўся ў Жарабковіцкай сярэдняй школе класам старэй. Не так даўно чула іх успаміны пра тое, як зімой на катку на санках каталіся, і як іх у школу на санях у Гулічы, суседнюю вёску, вазілі. Маці Валянціна, Аляксандра Іванаўна, была першай настаўніцай майго мужа. А яшчэ ён распавядаў, што Валянцін валодае фенаменальнай памяццю: адразу сто слоў мог запомніць ды нават праз пару месяцаў іх усе назваць. Сусед, як і мы, кашатнік. Таму з’язджалі мы з Яцкаўшчыны з лёгкім сэрцам: яшчэ лета, кацяняты падрастаюць, кошка-разумніца навучыць іх лавіць мышэй. А ежы ды пітва ім пакінулі на тыдзень на падносе ў гаражы — хлеба нарэзалі паўбохана на квадрацікі, з печанню траскі ды тунцом з іншай банкі перамяшалі. І пачак смятаны ў місачку выціснулі ды літр малака ў іншую — налілі. Былі ўпэўненыя, што кошка ў хуткім часе дзіцянятаў карміць сваім малаком перастане — яна зноў была ў чаканні новага прыплоду. А там, калі будуць галодныя, мышак ім падкіне, альбо да Валіка перавядзе. Балазе, мы з ім на адным баку вуліцы. А мышкаваць асцярожная Айша хадзіла праз дарогу: злева ад хаты цёткі Вольгі — поле… Такі быў ход нашых разважанняў. Але ў жыцці ўсё склалася інакш.

22 ліпеня Айшу збіў грузавік. Калі мы зноў праз два тыдні прыехалі ў вёску, мая прыгажуня, мая сяброўка ўсё не ішла. І кацянят у гаражы не было. Адчуваючы нядобрае, чакала яе з кучай гасцінцаў: іх было на цэлых пяць ратоў, больш чым звычайна. Калі пад вечар пайшла да цёткі Вольгі, паглядзела на поле, з якога ўжо прыбралі ўраджай. Здавалася, яно кішэла мышамі… Падумала: напэўна, Айша мая мышэй наелася: таму не ідзе да нас. А можа ўжо акацілася…

Бывае такі стан, калі дакладна ведаеш, што адбылося. Вось і я ведала: кошкі больш няма, хоць і думала, сябе супакойваючы, па-іншаму. Што пацвердзіла і Круглічыха, так Вольгу Канстанцінаўну называюць у вёсцы. Яна плакала, калі распавяла пра тое, як кошку пахавалі. Выйду, кажа, на ганак, і, здаецца ўвесь тыдзень, што яна ляжыць тут на сонейку. А кацяняты, дык тыя да Валіка сышлі… Ён іх убачыў, як сядзелі ў цемры ля суседскага калодзежа: некалькі пар вачэй свяціліся ў цемры нібы светлячкі…

Пайшлі ж і мы да яго, захапіўшы гасцінцы. Ужо на чатыры каціных раты. Змяркалася. Здалёк убачылі, як адно з кацянят, шэранькае, насілася па дрэве — знізу ўверх і назад… Уледзеўшы нас, шмыганула ў дзірачку ў дзверы хлеўчука, спецыяльна спілаваныя клапатлівым гаспадаром.

Валік, як і мы, таксама гараваў: бо шмат душы ўклаў у сваю Тыгру, маю Айшу. Ён і расказаў нам, што яго сусед Ігар з Гомеля, ён таксама з жонкай прыязджае ў бацькоўскую хату, знайшоў кошку нежывою… Казаў, што кіроўца вельмі стараўся яе аб’ехаць, ледзь у дуб не ўрэзаўся, галіны па гэты час валяюцца… Разважалі мы з Валікам: разумее ж чалавек, наколькі карысная кошка ў вясковай гаспадарцы. Разумецьто разумее, кажу, але хуткасць 60 км у гадзіну і праз вёску — немалая. А тут, гэта мы добра ведаем, вадзіцелі носяцца, перавышаючы яе. І прыходзім да высновы, што і папераджальныя знакі перад вёскамі трэба ставіць не толькі з выявамі кароў, але і з кошкамі. Я выказваю ўпэўненасць, што такі знак абавяжа кіроўцаў зменшыць хуткасць да мінімуму. Бо ў многіх цывілізаваных краінах падобныя знакі нікога ўжо не здзіўляюць, больш таго — дапамагаюць своечасова. Муж неяк прачытаў: толькі ў 10 развітых краінах свету жыве каля 200 мільёнаў катоў!!! Я тут жа лезу ў інтэрнэт і знаходжу гэтую інфармацыю, як і тое, што рэйтынг краін, у якіх жыве самая вялікая колькасць кошак, апублікаваў геаграфічны сэрвіс World Atlas. Дарэчы, муж дабіўся ў свой час, каб у Мінску па вуліцы Кнорына ўздоўж Севастопальскага парку, які раскінуўся па абодва бакі дарогі, паставілі таблічкі, якія звяртаюць увагу вадзіцеляў: на гэтым адрэзку варта зменшыць хуткасць. Там вавёрак шмат, яны па вясне тут часта перабягалі дарогу. І ў апошнія гады тры мы тых мілых звяркоў загінулымі не бачылі.

Цямнее, а мы з Валянцінам усё гаворым ды гаворым пра ТыгруАйшу, паўтараючыся так, як гэта ўласціва кашатнікам. Успамінаем яе звычкі, характар. І не разумеем як такая асцярожная кошка не зарыентавалася. Ды разважаем, што ж рабіць з яе малымі. «Пакуль я тут, пракармлю, — кажа Валік. — І потым прыязджаць буду. І вы таксама прыходзьце, калі прыедзеце. Да халадоў яны падрастуць… А склеп у мяне цёплы…». Вочы нашага суразмоўцы ўвільгатняюцца. А я зусім не магу стрымаць слёз. На тым і расстаёмся да наступнай сустрэчы.

…Ведаю, што ў Яцкаўшчыне, як і цяпер, калі пішу гэтыя радкі, зноў буду сумаваць ды ўспамінаць Айшу. І зноў куплю ў Клецку каўбасу «Радзівілаўскую », якую так яна любіла. Для кацянят. І буду думаць, што зрабіць, каб у хуткім часе дарожныя знакі з кошкамі з’явіліся на нашых дарогах пры вёсках ды мястэчках. Бо кошкі таго заслугоўваюць.

Валянціна Ждановіч

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Палітыка

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

Сёлетнія выбары кіраўніка дзяржавы — шостыя па ліку.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.