Вы тут

Былы міністр прамысловасці атрымаў новую пасаду


Віталь Воўк, які са снежня 2014 года да 15 жніўня 2018-га працаваў на пасадзе міністра прамысловасці, быў прызначаны памочнікам Прэзідэнта Беларусі — інспектарам па Віцебскай вобласці.


"Віталь, што датычыцца цябе, дык тут размоў будзе куча, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Адны будуць радавацца, іншыя будуць шкадаваць. У нас жа нямала людзей, якія так рукі паціраюць — вось, чыноўніку галаву б адсекчы, павесіць кагосьці і так далей. Розныя будуць пазіцыі і пункты гледжання".

Беларускі лідар падкрэсліў, што Орша застаецца за Віталем Воўкам, гэта яго зона адказнасці. "На гэтай пасадзе ў цябе ёсць магчымасць многія пытанні ўзяць на кантроль, падказаць і арганізаваць, як іх вырашыць, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Галоўнае, каб вопыт быў перанесены туды".

На думку Прэзідэнта, у Віцебскай вобласці першапачаткова некаторыя будуць разглядаць Віталя Воўка з такой пазіцыі, маўляў, раней ён быў міністрам, а цяпер стаў памочнікам, хоць — на што кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу — гэта пазіцыі роўныя, а інспектар нават вышэй, чым міністр.

Лукашэнка запатрабаваў, каб Віталь Воўк "жалезабетонна праводзіў у Віцебскай вобласці лінію Прэзідэнта", выконваў свае абавязкі, у прыватнасці, трымаў на кантролі кадравую сітуацыю. Беларускі лідар выказаў упэўненасць, што для такога вопытнага чалавека гэта не складаная работа.

"Усе будуць задаваць пытанне: чаму Воўк, чаму Воўк? Мне проста шкада Воўка як кіраўніка прадпрыемства, бо добры быў у цябе завод. Добрае было прадпрыемства, прыемна паглядзець, ніякіх пытанняў не было, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба з цябе выціснуць для Беларусі па максімуме нешта. Страціць спецыяліста проста, а вось вырасціць, знайсці такога будзе складана".

На яго думку, усе недахопы і няўдачы Віталя Воўка — аб'ектыўныя і ад яго ў нейкай ступені не залежалі. "Думаю, табе гэта быў урок і на новай пасадзе ты карысць для краіны прынясеш", — дадаў Прэзідэнт

***.

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы прызначыў начальніка галоўнага кадравага ўпраўлення Міністэрства замежных спраў Васіля Марковіча на пасаду Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Латвіі.

Латвія — гэта краіна, з якой у Беларусі нядрэнныя адносіны, "у адрозненне ад літоўскіх суседзяў яны разумеюць, што з Беларуссю трэба не проста мірна жыць, трэба супрацоўнічаць, таму што занадта шмат што нас звязвае", адзначыў Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, у Латвіі неабходны чалавек гаспадарскі. "Пасол, якога вы рэкамендуеце, справіцца з гэтымі функцыямі і абавязкамі?" — спытаў беларускі лідар у міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея. Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства запэўніў, што Марковіч — жорсткі, прынцыповы і валявы кіраўнік, які абавязкова справіцца з пастаўленымі задачамі.

Акрамя таго, Уладзімір Макей адзначыў, што цяпер у Беларусі з Латвіяй складваецца нармальны і палітычны, і гандлёва-эканамічны дыялог, ідзе рост таваразвароту і беларускага экспарту — нават без уліку нафтапрадуктаў і ўгнаенняў. Але мяжа яшчэ дакладна не дасягнутая. Перспектыўныя сферы супрацоўніцтва — партовая інфраструктура, інвестыцыі, сфера высокіх тэхналогій. "Вельмі важны палітычны дыялог. Ёсць запрашэнне вам, дачакаемся выбараў у кастрычніку гэтага года ў Латвіі і ў першай палове наступнага года будзем рыхтаваць рэзультатыўны візіт кіраўніка дзяржавы", — адзначыў Уладзімір Макей.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што выхаду да мора ў Беларусі няма, таму ў выпадку адсутнасці зацікаўленасці ў супрацоўніцтве з боку Літвы, упор трэба зрабіць на Латвію.

***

Яшчэ адна перастаноўка: намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення еўразійскай інтэграцыі галоўнага ўпраўлення Расіі, краін СНД і еўразійскай інтэграцыі МЗС Аляксей Самасуеў стаў Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Фінляндыі і па сумяшчальніцтве ў Даніі.

Што датычыцца Фінляндыі, то Аляксандр Лукашэнка адзначыў, тут пазіцыі Беларусі дрэнныя, хаця краіна вельмі цікавая для нашай дзяржавы, ёсць абсалютна падобныя кірункі ў эканоміцы, асабліва дрэваапрацоўка. "Нам трэба працаваць у тым кірунку, каб вопыт Фінляндыі ў найлепшых сектарах эканомікі прыўнесці на тэрыторыю Беларусі", — падкрэсліў беларускі лідар.

Ён дадаў, што трэба працаваць і на палітычнае збліжэнне, але галоўнае, каб быў вынік у эканоміцы. Уладзімір Макей адзначыў, што ў тым ліку і з гэтай мэтай туды накіроўваецца Аляксей Самасуеў. Адказны і ўедлівы — так ахарактарызаваў яго кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

***

У рабочым парадку Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў і іншыя кадравыя перастаноўкі. Так, намеснікам старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю быў прызначаны Васіль Герасімаў, які раней з'яўляўся памочнікам Прэзідэнта Беларусі — інспектарам па Брэсцкай вобласці.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Нігерыі і па сумяшчальніцтве ў Гане і Камеруне Вячаслаў Брыль быў прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Кот-д'Івуары па сумяшчальніцтве.

Намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама стаў Барыс Яфрэмаў, які раней займаў пасаду старшыні Лепельскага райвыканкама. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Іван Маркевіч быў узгоднены беларускім лідарам на пасаду намесніка старшыні Мінскага аблвыканкама.

Начальнік упраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі па Віцебскай вобласці Алег Сталярчук быў узгоднены на пасаду члена Віцебскага аблвыканкама, а начальнік упраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі па Мінску і Мінскай вобласці Дзмітрый Рэуцкі — на пасаду члена Мінскага аблвыканкама і Мінскага гарвыканкама.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.