Вы тут

Супрацоўніцтва Беларусі і Інданезіі можа быць значна пашырана


Дыпламатычным адносінам нашай краіны і Інданезіі ўжо чвэрць стагоддзя. Аднак у некаторых сферах супрацоўніцтва можа быць значна пашырана. Напрыклад, у турызме: нягледзячы на бязвіз, летась да нас прыляцелі толькі 30 вандроўнікаў з Інданезіі. Беларусы ж у гэтую азіяцкую краіну ездзяць трохі часцей — 378 чалавек за 2017 год, — аднак патэнцыял для развіцця турыстычнай галіны ўсё адно ёсць. Каб абмеркаваць розныя магчымасці ў супрацоўніцтве, парламенцкая дэлегацыя з Джакарты прыляцела ў Мінск.


Беларускі бок на сустрэчы прадстаўлялі парламентарыі на чале з Баляславам ПІРШТУКОМ, намеснікам старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. Ён адзначыў, што на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў паміж дзвюма краінамі склаліся добрыя адносіны. Мінулыя візіты заклалі добры фундамент, і цяпер час напоўніць узаемадзеянне канкрэтнымі справамі. Для нашай краіны, як звярнуў увагу парламентарый, Інданезія вельмі важная як сур'ёзны партнёр у рэгіёне АСЕАН. Сёлета намецілася пэўная дынаміка ў росце тавараабароту, але ён усё адно дастаткова сціплы. На думку Баляслава Пірштука, і з інданезійскага, і з беларускага бакоў прапаноў магло б быць больш. Гандаль мог бы павялічыцца ў некалькі разоў.

Што датычыцца статыстыкі, летась тавараабарот паміж Беларуссю і Інданезіяй склаў 158,4 мільёна долараў ЗША, з іх экспарт — 134,6 мільёна, імпарт — 23,8 мільёна. Дарэчы, у 2017 годзе экспарт беларускіх паслуг склаў 219,8 % да ўзроўню 2016-га (48,7 мільёна долараў ЗША). Асноўныя пазіцыі нашага экспарту — калійныя ўгнаенні, грузавыя аўтамабілі, шыны, поліяміды, медыцынская мэбля. З Інданезіі ў Беларусь па выніках мінулага года паступілі прамыя інвестыцыі на чыстай аснове ў памеры мільёна долараў ЗША, сёлета аднак прамых інвестыцый не паступала. Пакуль што па выніках студзеня — чэрвеня 2018 года тавараабарот склаў 115,7 мільёна долараў ЗША.

Па праграме візіту інданезійская дэлегацыя плануе наведаць некаторыя беларускія прадпрыемствы. «Мы ведаем, што ў вас дастаткова нядрэнна развіта сельская гаспадарка. У нас для гэтага створаны практычна ўсе перадумовы для вытворчасці поўнага цыкла сельгастэхнікі, таксама ўсіх мінеральных угнаенняў, — падкрэсліў Баляслаў Пірштук. — То-бок мы маглі б вельмі шчыльна супрацоўнічаць у гэтым кірунку». Акрамя таго, парламентарый нагадаў, што Беларусь займае трэцяе месца ў свеце па вытворчасці горназдабыўной тэхнікі.

У сферы дагавораў Баляслаў Пірштук звярнуў увагу на тое, што сумесныя дакументы, якія былі напрацаваны, маглі б прасоўвацца больш актыўна. Напрыклад, ужо ўступіла ў сілу пагадненне, якое дае магчымасць пазбегнуць двайнога падаткаабкладання, што вельмі важна для бізнесу. Аднак яшчэ не ратыфікавана пагадненне ў галіне інвестыцый, а таксама шэраг іншых дакументаў. Пасля ўступлення ў сілу дагавора паміж урадамі дзвюх краін наконт супрацоўніцтва ў галіне абароннай прамысловасці будзе сфарміраваны беларуска-інданезійскі камітэт па ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве. У лістападзе ў Мінску плануецца правесці другое пасяджэнне беларуска-інданезійскай рабочай групы па супрацоўніцтве ў галіне навукі, тэхналогій і вышэйшай адукацыі. Нагадаем, што першае яе пасяджэнне праходзіла тры гады таму.

Налета ў нашай краіне будзе арганізаваны вялікі бізнес-форум, які пройдзе адначасова з сёмым пасяджэннем міжурадавай камісіі Беларусі і Інданезіі. Гэта добрая магчымасць, каб інданезійскі бізнес змог у Беларусь прыехаць і знайсці сегмент, які яго зацікавіць. З тым, што дыялог з Інданезіяй патрабуе актывізацыі, пагаджаецца і Уладзіслаў ШЧЭПАЎ, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па эканамічнай палітыцы, кіраўнік рабочай групы Нацыянальнага сходу Беларусі па супрацоўніцтве з парламентам Інданезіі. У нас ёсць праграма, якая дазволіць актывізаваць узаемадзеянне і з парламентам Інданезіі, і ў рэальным сектары эканомікі. Мы настроены павялічыць абарот і паслуг, і тавараў з гэтай далёкай прыгожай краінай. Вядома, мы рады бачыць інданезійскую дэлегацыю ў вялікім складзе», — падкрэслівае Уладзіслаў Шчэпаў. Таксама ён расказаў, што інданезійцы зацікаўлены ў вывучэнні пытанняў па прадухіленні надзвычайных сітуацый. Для іх краіны характэрныя лясныя пажары, таму вельмі важны маніторынг лясных рэсурсаў і сельскай гаспадаркі.

Аданг СУДРАДЖАТ, старшыня інданезійска-беларускай парламенцкай групы дружбы Савета народных прадстаўнікоў (палаты парламен-
ту.Заўв. «Зв.») Інданезіі, расказаў, што цікавіць яго падчас гэтага візіту: «Наколькі я ведаю, у Беларусі вельмі цікавыя ўзоры ваенна-тэхналагічнага комплексу». Акрамя гэтага, ён звярнуў увагу на беларускі вопыт у ядзернай энергетыцы.

Надзея АНІСОВІЧ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Час актывізацыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?