Вы тут

Апусцілася заслона 23-й «Белай вежы»


Вось і апусцілася заслона 23-й «Белай вежы». Сёлетні фестываль быў крыху карацейшы за папярэднія, ён працягваўся шэсць дзён замест васьмі. Але ж сустрэча гледачоў з сапраўдным мастацтвам адбылася, і гэта радуе.


Міжнародны форум «Белая вежа» не першы раз адкрываў Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Пра «Рэвізора» ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна і Дзмітрыя Цішко падрабязна расказвала наша газета. Можна толькі адзначыць, што брэсцкая публіка аказалася ўдзячнай, цудоўную ігру Віктара Манаева ў ролі Гараднічага і яго калег у Брэсце ацанілі. А калі галоўны герой вымаўляў фразы ці маналогі, некаторыя гледачы азіраліся на рад, у якім сядзелі кіраўнікі гарадской і абласной вертыкалі: як успрымаюць? Але яны гэтак жа весела смяяліся і шчыра апладзіравалі. Словам, гогалеўскі сюжэт з адаптацыяй на тутэйшае жыццё стаў добрым пачаткам фестывалю.

Многія тэатры гэтага фэсту заслугоўваюць, згадкі. У тым ліку і тэатры аднаго акцёра. Монаспектакляў было гэтым разам некалькі. Містар Піп Утан з Вялікабрытаніі прывёз спектакль пра Маргарэт Тэтчар. Вядомы брытанскі драматург і акцёр два гады таму паказваў на «Вежы» сваю работу «Чаплін». І тады ён атрымаў узнагароду як найлепшы акцёр. Яго цудоўнае ўменне пераўвасаблення дазваляе аднолькава паспяхова прадстаўляць Хемінгуэя, Чапліна, Гітлера. Ніхто і не здзівіўся таму, што містар Піп можа сыграць жанчыну, лэдзі Маргарэт. І гэта яму ўдалося.

Але крыху больш падрабязна хачу сказаць пра спектакль «Пікавая дама» Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Яўгена Вахтангава з Масквы. Насамрэч гэта монаспектакль народнага артыста РФ Яўгена Князева. Думаю, што многія ішлі на яго, бо ведаюць па кіно як выканаўцу ролі Вольфа Месінга. Таму, некаторыя былі трохі расчараваныя. Хацелася сказаць ім: «Гэта ж Пушкін, панове! Вы прыйшлі на твор Пушкіна». Нам давалі класіку без усялякіх пераносаў на цяперашні час, як, напрыклад, у спектаклях «Рэвізор» альбо ў брэсцкіх «Нявольніцах» па Астроўскаму. Акцёр стаіць на сцэне і чытае Пушкіна, у яго з дэкарацый — столік, акуляры, пенснэ ды званок, ну і, вядома, карты. Сам акцёр прызнаўся, што гэты спектакль у Маскве на роднай сцэне выглядае больш дынамічна і цікава. Там прысутнічаюць манекены астатніх герояў, і выканаўца перыядычна звяртаецца да іх. А тут ён іграў усіх ды яшчэ і аўтара. Калі мы апошні раз чыталі Пушкіна? Не вершы, а містычную «Пікавую даму»? Вось і я пра тое. Гэта аповед пра вечнае імкненне чалавека да багацця і нагода задумацца, ці варта ісці да сваёй мэты любой цаной. Тут ёсць і перасцярога тым, хто не ўмее берагчы атрыманае ў спадчыну. А яшчэ разважанні пра старасць, якой цяжкай яна бывае нягледзячы на бестурботную, вясёлую, прыгожую маладосць.

Цікава, што пасля спектакля Яўген Уладзіміравіч узяў мікрафон і звярнуўся да сваіх гледачоў. Расказаў, што ў гэты дзень пачынаецца сезон у яго Вахтангаўскім тэатры, але ён вырашыў прыехаць у Брэст, бо яго ўжо не раз запрашалі. І прыехаў літаральна на некалькі гадзін...

Як мы заўсёды чакаем Ровенскі абласны акадэмічны ўкраінскі музычна-драматычны тэатр! І ніколі не расчараваліся. Вось і гэтым разам яны парадавалі — паказалі работу па п'есе ірландца Марціна МакДонаха «Калека з вострава Інішман». Восем гадоў таму гэту работу паказваў аўтарскі тэатр з Пермі «Каля моста». Тады пермякі зрабілі фурор на «Вежы» і забралі Гран-пры. І было крыху страшнавата, як жа ровенцы справяцца са складаным матэрыялам, тым больш пастаноўка зроблена на ўкраінскай мове. Але ўсе ўсё разумелі. Гэта шчымлівая гісторыя з жыцця вострава Інішман — аднаго з самых загадкавых месцаў Ірландыі. На маленькім востраве з суровым кліматам жывуць людзі, жыццё якіх такое ж беднае на падзеі, як мясцовая прырода. І самы незайздросны лёс у хлопца Білі, які з дзяцінства пакутуе на ДЦП. Ён з цяжкасцю ходзіць, але шмат чытае, мае добрае сэрца і чулую душу. Толькі ўсе яго завуць калекам, што прычыняе яму дадатковыя пакуты. Існаванне жыхароў вострава, якое не мяняецца гадамі, літаральна выбухае, калі сюды прыязджае здымачная група з Галівуда. Усе хочуць трапіць у будучы фільм, але атрымліваецца гэта толькі ў калекі Білі. Ён дабіваецца сваёй мэты неверагоднымі намаганнямі, ён марыць вырвацца ў вялікі прыгожы свет... Але праз некаторы час Білі вяртаецца, бо там, у Галівудзе, пасля проб ён аказваецца нікому не патрэбны. І пасля вяртання ён высветліў галоўную таямніцу жыцця: хто яго бацькі і чаму яны памерлі. Аказалася, што бяспутныя яго бацькі вырашылі ўтапіцца, і дзіця ўзялі з сабою. Каб выратаваць малога, адзін з мясцовых жыхароў Джоніпацінмайк кінуўся ў мора і выцягнуў яго. Потым украў грошы ў сваёй нябеднай алкагалічкі маці і аплаціў лячэнне сіраты. А цёткі Білі аказаліся зусім чужымі людзьмі — яны пашкадавалі і выхавалі калеку, а яшчэ палюбілі яго... Гэта быў спектакль, які прымусіў смяяцца і плакаць, думаць і перажываць. У тым ліку і пра адносіны грамадства да людзей з абмежаванымі магчымасцямі...

Закрыццё фэсту, як і яго адкрыццё, парадавала. П'еса Брэсцкага тэатра драмы «Нявольніцы» ў пастаноўцы маладога маскоўскага рэжысёра Ягора Равінскага стала жыццесцвярджальным акордам. Дзея з ХІХ стагоддзя перанесена ў нашы дні. Стары алігарх жэніцца з маладзенькай прыгажуняй. І пачынаюцца... падазрэнні, здрады, пакуты. Яна, закаханая ў маладога, кідаецца яму на шыю, каб запоўніць пустэчу сваёй душы, якая саспела для кахання. Потым усё аказваецца не так, як намарылася, і каханы зусім не герой, а муж, наадварот, добры і высакародны чалавек. Усё становіцца на свае месцы. І маладая жонка аказваецца не такой ужо дурніцай — яна пачынае адрозніваць сапраўднае ад прывіднага.

* * *

Наступная «Белая вежа», прымеркаваная да 1000-гадовага юбілею Брэста, пройдзе з удзелам гарадоў-пабрацімаў. Пра гэта аб'явіў яшчэ на адкрыцці старшыня аргкамітэта фестывалю, старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр РАГАЧУК.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА

Загаловак у газеце: Сапраўднае і прывіднае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».