Вы тут

Гомель гучна і заўзята адзначыў сваё 876-годдзе


Пакуль асобныя гамяльчане збіралі рэшткі ўраджаю з градак на дачах, абсалютная большасць гараджан у мінулыя выхадныя аддала перавагу святу і перамясцілася ў цэнтр горада над Сожам.


Гомель гучна і заўзята адзначаў сваё 876-годдзе. Адзінаццаты раз тут таксама праходзіў самы значны міжнародны танцавальны фестываль у краіне — «Сожскі карагод». У гэтыя тры дні можна было на іншых паглядзець і сябе паказаць на шматлікіх конкурсах і выстаўках, якія ладзіліся ва ўсіх кутках паўмільённага абласнога цэнтра. Дарэчы, было адчуванне, што насельніцтва Гомеля за гэтыя тры дні значна павялічылася. Ва ўсякім разе, яно сканцэнтравана выйшла на вуліцы, апрануўшы самыя лепшыя сукенкі і строі.

Харэаграфічнае мастацтва завалодала вуліцамі і стадыёнамі. На «Цэнтральным» падчас адкрыцця сцягі краін-удзельніц змянялі адзін аднаго — усяго іх гледачы налічылі 29. Паказаць сваё майстэрства ў розных жанрах прыехалі калектывы з Расіі, Украіны, Кітая, Малдовы, Ізраіля, Азербайджана, Польшчы, Казахстана... Старшыня Гомельскага гарвыканкама Пётр Кірычэнка заўважыў, што Гомель невыпадкова абраны месцам правядзення такога буйнога культурнага форуму:

— Горад над Сожам мае даўнія харэаграфічныя традыцыі. Яшчэ ў 1946 годзе нашу рэспубліку ў Маскве прадстаўляў гомельскі ансамбль танца пад кіраўніцтвам народнага артыста БССР Аляксандра Рыбальчанкі. І сёння, праз дзесяцігоддзі, мы захоўваем і развіваем багатыя традыцыі, закладзеныя папярэднікамі. За 21 год існавання «Сожскі карагод» ужо стаў візітнай карткай культурнага жыцця Гомеля. За гэты час у ім прынялі ўдзел сотні калектываў з больш як 20 краін свету. Мы не толькі сустракаем старых сяброў, але і пашыраем яго межы.

Цырымонія адкрыцця міжнароднага фестывалю харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод».

Сёлета гамяльчане сталі гледачамі выступленняў славутых калектываў: Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі, Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя
Г. Цітовіча, Нацыянальнага акадэмічнага ўкраінскага народнага хору імя Р. Вяроўкі, ансамбля «Песняры», вядучых салістаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі...

Амаль дзве тысячы навучэнцаў з розных устаноў Гомеля паказалі сваё майстэрства ў незвычайных практыкаваннях па адмысловым перасоўванні на прасторы футбольнага поля стадыёна «Цэнтральны». Затое ў гледачоў на трыбунах склалася ўражанне, што яны бачаць выяву вялізарнага бусла, які імкліва рухаецца скрозь час у фестывальную будучыню наступных карагодаў.

Знайшоўся час у межах свята для таго, каб сур'ёзна пагутарыць на тэмы агульных стасункаў не толькі ў галіне культуры. Дэлегацыі з 17 гарадоў-пабрацімаў Гомеля ўзялі ўдзел у палітычным «карагодзе». Падчас афіцыйнага прыёму гасцей старшыня Гомельскага гарвыканкама Пётр Кірычэнка падкрэсліў, што апошнім часам значна ўмацаваўся міжнародны статус горада:

— Гомель — актыўны ўдзельнік руху пародненых гарадоў. У межах партнёрскіх пабрацімскіх стасункаў наладжаны кантакт з 32 гарадамі. Мы праводзім сумесныя спартыўныя мерапрыемствы, супрацоўнічаем у адукацыйнай сферы, гандлі і вытворчай кааперацыі.

Салют у дзень Гомеля.

Тым часам падведзены вынікі міжнароднага творчага фестывалю, які сабраў больш за паўтары тысячы ўдзельнікаў і гасцей. Гран-пры «Сожскага карагода» — статуэтка бусла, які танцуе, вырабленая з выкарыстаннем золата і серабра, сёлета адляцела ў расійскі цэнтр чорнай металургіі Магнітагорск Чалябінскай вобласці. Галоўны прыз фестывалю заваяваў калектыў узорнай студыі «Дзеці Магніткі». Старшыня журы, прафесар, загадчыца кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Святлана Гуткоўская падкрэсліла, што думка судзейскай калегіі была аднадушнай:

— Па-першае, з самага пачатку выступлення калектыў студыі «Дзеці Магніткі» заразіў нас энергетыкай, якая сыходзіла ад выканаўцаў. Па-другое, у намінацыях эстрадны танец і сучасны танец яны прадставілі вельмі цікавыя з балетмайстарскага пункту гледжання нумары. У кожным іх выступленні склалася ўсё: сапраўды падабраны выразныя сродкі, створана і раскрыта мастацкая выява, плюс вельмі эмацыянальнае зачаравальнае выкананне.

Застаецца дадаць, што ў 2020 годзе Гомель наступны раз будзе танцаваць у міжнародным карагодзе.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Фота Алега ЧВАРКОВА

Загаловак у газеце: Бусел паляцеў на Урал

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?