Вы тут

З кім у Магілёве ўзгадняюць высечку дрэў


Магілёў — горад прыгожы, нават, можна сказаць, святочны. За сезон тут высадзілі паўтара мільёна штук кветак! Традыцыйная для нашай краіны чысціня на вуліцах і добраўпарадкаванне паркаў — усё гэта праца многіх гарадскіх структур. А Магілёўская гарадская інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя нярэдка выступае арганізатарам і каардынатарам праектаў, накіраваных на стварэнне камфортнага асяроддзя ў горадзе. Пра супрацоўніцтва з гарадскімі службамі і актывістамі-эколагамі распавёў намеснік начальніка Магілёўскай інспекцыі
Ігар БАРОДЗЬКА.


— Цяпер вядуцца работы па фарміраванні новага парку адпачынку гараджан Падніколле. А што адбываецца ў Пячэрскім лесапарку, які да нядаўняга часу быў адзінай тэрыторыяй у межах горада, прызначанай для баўлення вольнага часу на прыродзе?

— Рашэннем Магілёўскага гарвыканкама ў 2017 годзе зямельны ўчастак для абслугоўвання Пячэрскага лесапарку пераведзены з катэгорыі земляў населеных пунктаў у землі ляснога фонду. У сувязі з адсутнасцю неабходных прававых дакументаў інспекцыя прыпыніла работы на тэрыторыі Пячэрскага лесапарку да зацвярджэння лесаўпарадкавальнага праекта. Цяпер КПУП «Магілёўзелянбуд» распрацавала гэты нарматыўны дакумент, які прайшоў дзяржаўную экалагічную экспертызу. Згодна з праектам, праводзяцца ачыстка ад захламленасці тэрыторыі лесапарку, выбарачныя санітарныя рубкі. Суцэльныя санітарныя рубкі, паводле матэрыялаў лесаўпарадкавання, не прадугледжаныя.

Сваімі рукамі інспекцыя можа далёка не ўсё, а вось прыцягнуць да супрацоўніцтва спецыялістаў, каб справа была пастаўлена на прафесійныя рэйкі, — гэта ў нашых сілах. Мы шукаем аднадумцаў сярод неабыякавых, тых, хто любіць свой горад.

Так, па патрабаванні інспекцыі «Магілёўзелянбуд», установа, якая абслугоўвае Пячэрскі лесапарк, запрасіла спецыялістаў Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі, каб яны абследавалі лесапарк. Высветлілася, што дрэвы пакутуюць на караеда. Гэта пошасць, як вядома, распаўсюдзілася па ўсёй Еўропе. Хворыя дрэвы падлягаюць выбарачнай санітарнай высечцы, і калі яе не правесці, то вельмі хутка ў парку не застанецца здаровых дрэў — вось гэта мы тлумачылі насельніцтву. Навукоўцы з Інстытута эксперыментальнай батанікі выявілі ў парку некалькі чырванакніжнікаў. Увосень рыхтуецца яшчэ адно абследаванне. Зноў жа актывісты прапануюць увесь парк прыняць пад ахову, але наколькі гэта рацыянальна для месца масавага адпачынку гараджан? На мой погляд, статус асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыі неабходны для асобных участкаў парку. Пытанне аб прысваенні статусу ААПТ будзе разглядацца пасля правядзення навукоўцамі абследавання. Цяпер у штаце «Магілёўзелянбуда» ўведзена пасада спецыяліста па лесаўпарадкаванні.

— Высечка дрэў ажыццяўляецца не толькі ў парку. І нярэдка гэта прыярытэтная тэма мясцовых актывістаў. Ці атрымліваецца знаходзіць з імі агульную мову?

— На жаль, пры будаўніцтве тых ці іншых аб'ектаў даводзіцца ахвяраваць дрэвамі. Мы прапануем забудоўшчыку правесці кампенсацыйныя пасадкі дрэў, а не выплату за знесеныя. Усё проста: знеслі тры дрэвы — пасадзілі дзевяць, адразу заўважны вынік.

Інспекцыя актыўна супрацоўнічае з грамадскасцю, якой неабыякава, у якім асяроддзі мы жывём. Напрыклад, у горадзе створана ініцыятыўная грамадская група «Выратуем Пячэрскі лесапарк». Мы стараемся знаходзіць узаемапаразуменне. Так, пасля праведзеных кансультацый прадстаўнікі ініцыятыўнай групы выказалі меркаванне, што правядзенне работ па выдаленні сухастойных, заражаных шкоднікамі дрэў і кустоў неабходна. Між тым пры ачыстцы ўчасткаў лесу ад захламленасці магчыма пашкоджанне жывога надглебавага покрыва, што, у сваю чаргу, можа прывесці да знішчэння месцаў росту раслін, уключаных у Чырвоную кнігу Беларусі. Па выніках сумеснага абследавання прынята рашэнне не праводзіць у меркаваных месцах росту чырванакніжнікаў работы па ачыстцы лесу ад захламленасці да таго часу, пакуль навукоўцы не правядуць ацэнку Пячэрскага лесапарку ў якасці патэнцыйнай ААПТ. А пакуль сухая і хворая расліннасць выдаляецца непасрэдна ў месцах масавага наведвання насельніцтвам (уздоўж прагулачных дарог, сцежак, побач з будынкамі і г. д.).

— Заглыбленыя кантэйнеры для смецця даўно не навінка ў Еўропе. Раскажыце, Ігар Васілевіч, як яны з'явіліся ў вашым горадзе?

— Па ўсёй краіне заварваюць смеццеправоды ў шматпавярховых дамах. Гэта правільна, але ўзнікае пытанне: а куды падзець адходы? Вядома ж, па праекце дваровых тэрыторый у старым жылым шматпавярховым фондзе кантэйнерныя пляцоўкі не прадугледжаны. Разам з Аператарам другасных матэрыяльных рэсурсаў вырашылі выкарыстаць вопыт краін Еўропы і ўжо ўсталявалі ў горадзе 85 заглыбленых у грунт смеццевых кантэйнераў для збору цвёрдых камунальных адходаў і ДМР.

Асноўны прынцып гэтага метаду — вертыкальнае размяшчэнне кантэйнера, які на 2/3 знаходзіцца пад зямлёй, а на паверхні застаюцца толькі кампактныя і прыгожыя смеццепрыёмнікі. Асноўныя перавагі гэтай тэхналогіі — назапашванне і часовае захоўванне адходаў — бясспрэчныя. Так, заглыблены кантэйнер аб'ёмам 5 м3 роўны па ёмістасці 7 металічным кантэйнерам і 5 еўракантэйнерам. Пад уласнай вагой смецце прасуецца і да моманту вывазу займае аб'ём меншы, чым звычайна. Герметычнасць кантэйнераў прадухіляе забруджванне навакольнага асяроддзя, не прапускае непрыемныя пахі, а паніжаная тэмпература грунту на глыбіні перашкаджае распаўсюджванню бактэрый. Спецыяльнае вечка прадухіляе доступ бадзяжных жывёл і птушак. Канструкцыя кантэйнераў забяспечвае чысціню на пляцоўцы: смецце пры выгрузцы не рассыпаецца і не разлятаецца. Апаражненне кантэйнераў адбываецца пры дапамозе смеццявозаў, забяспечаных кранава-маніпулятарнай устаноўкай, пры гэтым сам смеццявоз можа не пад'язджаць да месца выгрузкі ўшчыльную.

Жыхары станоўча ацанілі такія кантэйнеры. Цяпер заглыбленыя кантэйнеры ўсталёўваюцца каля кожнай новабудоўлі. Эксперымент атрымаўся, і да канца года ў горадзе з'явіцца яшчэ 60 такіх кантэйнераў.

Таксама хачу адзначыць, што ў горадзе 80 гаражных кааператываў, якія на 100 % ахоплены дамовамі на вываз ЦКА. І ў цэлым мы кантралюем выкананне прыродаахоўнага заканадаўства на такіх тэрыторыях. Адным словам, робім усё магчымае, каб павялічыць бытавую культуру насельніцтва і пераканаць людзей берагчы прыроду.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Ігар Бародзька: «Шукаем аднадумцаў сярод неабыякавых»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».