Вы тут

Як у Бабруйску вырашаецца праблема адходаў


Чыстыя і дагледжаныя вуліцы — першае, на што звяртаюць увагу госці Бабруйска. А шматлікія кантэйнеры для збору смецця, здаецца, гавораць пра тое, што ў гэтым горадзе і работа па абыходжанні з адходамі таксама вядзецца на высокім узроўні. Каб даведацца, ці так гэта, разам з галоўным спецыялістам Бабруйскай гаррайінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Марынай Абрамавай і начальнікам аддзела кантролю абыходжання з адходамі Магілёўскага абласнога камітэта ПРіАНА Андрэем Сідаруком накіроўваемся на мясцовыя палігоны.


Перавозка адходаў без тэнта — распаўсюджанае правапарушэнне.

Чалавечы фактар — самы важны

Першы ў нашым спісе — палігон цвёрдых камунальных адходаў «Бабіна» УКВП «Прамадходы» праектнай магутнасцю 1530 тысяч метраў кубічных. Гэты аб'ект працуе больш за 30 гадоў — усяго з пачатку эксплуатацыі тут захавана больш за 1603 тысячы тон адходаў, і сёння яму патрэбная замена. Пакуль ідуць перамовы паміж райвыканкамам і «Аператарам другасных матэрыяльных рэсурсаў» па магчымым будаўніцтве ў раёне смеццеперапрацоўчага завода, сюды звозяцца цвёрдыя камунальныя адходы ад насельніцтва і юрыдычных асоб.

Па словах Марыны Абрамавай, праблемы ўзнікаюць са смеццем усіх гэтых катэгорый. Але калі з недапрацоўкамі юрыдычных асоб змагаюцца метадам штрафных санкцый, то адходы ад насельніцтва — вялікі галаўны боль інспектараў. Некаторыя бабруйчане да сёння кідаюць другасныя рэсурсы разам з іншым смеццем. Крыху палепшыць сітуацыю дапамагае лінія сартавання ААТ «Спецаўтапрадпрыемства», якая працуе на палігоне «Бабіна» з 2015 года і сартуе адходы з жылфонду. Так, за восем месяцаў 2018 года на палігоне захавана каля 38 тыс. тон камунальных адходаў ад насельніцтва і юрыдычных асоб. Пры гэтым на лінію сартавання паступіла больш за 8800 тон змяшаных адходаў, у якіх доля выбраных ДМР (на 12.09.2018) складае 6,8 %.

Майстар палігона «Бабіна» Андрэй Дзяцюк расказвае, што за дзень сюды заязджае каля 70 адзінак транспарту са смеццем. Вось і падчас нашага візіту трактары і смеццявозы амаль па чарзе перасякаюць межы палігона. Большасць з іх — тэхніка ААТ «Спецаўтапрадпрыемства», якая перавозіць змяшаныя адходы з жылфонду на лінію сартавання.

— Чаму ў вас адходы не накрытыя тэнтам? — гэта пытанне Андрэй Сідарук задае многім кіроўцам транспарту, якія заязджаюць на палігон. У адказ чуе амаль адно і тое ж: «пра правілы перавозкі (якія патрабуюць забяспечваць прадухіленне шкоднага ўздзеяння адходаў на наваколле. — Заўв. аўт.) ведаю, але ж... «баюся тэнт парваць», «тут ехаць недалёка», «гэтыя адходы не пыляць». У выніку кожны з такіх кіроўцаў атрымлівае павестку ў гаррайінспекцыю для размовы са спецыялістам наконт свайго парушэння.

На жаль ці на шчасце, падчас рэйду нам не ўдалося сустрэць тых, хто выгрузіў на палігон адходы з ДМР ці паспрабаваў гэта зрабіць. Але, па словах Марыны Абрамавай, такія выпадкі ўсё ж бываюць. Сёлета ў Бабруйскім раёне выяўлена 7 фактаў захавання ДМР і
6 спроб гэта зрабіць. Да адказнасці было прыцягнута 13 парушальнікаў (з іх 12 — службовыя асобы) на суму 1972,25 рубля. Па вобласці за аналагічныя парушэнні было складзена 49 пратаколаў, сума штрафаў — 9,5 тысячы рублёў.

— Калі падчас праверкі ў нас ёсць сумненне, што тая ці іншая машына не вязе ДМР, мы дазваляем ёй выгрузіць смецце непасрэдна на палігоне, але пры гэтым на месцы вывучаем склад адходаў, — адзначае Марына Уладзіміраўна. — І калі другасныя матэрыяльныя рэсурсы ўсё ж выяўляюцца, выпісваем штраф за іх захаванне.

Па словах інспектара, здараюцца выпадкі, калі ДМР трапляюць на палігон не толькі ад пабочных арганізацый, але і з лініі сартавання. Таму спецыялісты цяпер абмяркоўваюць, як узмацніць кантроль за гэтай часткай адходаў.

— Чалавечы фактар прысутнічае на ўсіх этапах абыходжання з адходамі, — упэўнены Андрэй Сідарук. — Таму на 100 % выключыць выпадкі захавання ДМР немагчыма, але старацца не дапускаць гэта неабходна.

Жыхары Бабруйска маюць магчымасць здаваць на перапрацоўку і старую бытавую тэхніку.

Калі пакаранне на карысць

На палігоне прамысловых адходаў «Вішнёўка», які знаходзіцца за 25 км ад Бабруйска, значна цішэй. Па словах кантралёра-прыёмшчыка Валерыя Катлярова, сюды штодзень прыязджаюць усяго каля 17—20 машын. Яны прывозяць адходы ЦЭЦ-1 і іншыя.

Нягледзячы на лепшыя ўмовы для агляду грузаў, часам і на «Вішнёўцы» некаторыя прадпрыемствы спрабуюць захаваць каштоўны рэсурсы. У такім выпадку супрацоўнікі палігона афармляюць зварот грузу і паведамляюць пра факты парушэння заканадаўства ў гаррайінспекцыю. Сумесная праца дае добрыя вынікі — на сёння, па словах Валерыя Катлярова, прысутнасць ДМР у адходах прамысловасці значна знізілася.

Але пры гэтым ёсць і іншыя праблемы — напрыклад, нядобрасумленнае афармленне дакументаў. Так, адна з машын філіяла «Бабруйскі гаррайпалівазбыт» прывозіць на палігон пілавінне і іншыя драўняныя адходы. А ў суправаджальным пашпарце гэта змёт пасля ўборкі тэрыторыі прадпрыемства. У выніку машына з няправільным грузам накіроўваецца назад. За гэта таксама прадугледжваюцца адміністрацыйныя санкцыі.

— Меры адміністрацыйнага ўздзеяння аказваюць станоўчы эфект на дзейнасць прадпрыемстваў, — упэўнена Марына Абрамава. — З іх дапамогай за апошні час значна зменшылася колькасць парушэнняў, у тым ліку і ў вобласці захавання ДМР. Пры гэтым на месцах узмацніўся кантроль па арганізацыі паасобнага збору адходаў.

А з насельніцтвам лепш працуюць іншыя механізмы — устаноўка большай колькасці кантэйнераў для паасобнага збору адходаў, адкрыццё прыёмных пунктаў ДМР, а таксама растлумачальная работа.

У кожнага адходу — свой кошт

Што датычыцца прыёмных пунктаў другаснай сыравіны, то іх у раёне даволі шмат. Адзін з іх знаходзіцца непасрэдна на палігоне «Бабіна», у Бабруйску такія аб'екты працуюць на базе кожнага ЖЭУ, буйных гандлёвых кропак і інш. Каля пяці гадоў дзейнічае і пляцоўка для паасобнага збору другасных бытавых адходаў ад насельніцтва УКВП «Прамадходы».

— Мы прымаем макулатуру, пластык, адпрацаваныя маслы, шкло, старую бытавую тэхніку (халадзільнікі, тэлевізары, газавыя пліты і інш.), а таксама энергазберагальныя лямпы і батарэйкі, — расказвае нарыхтоўшчык Вячаслаў Баранаў. — За здачу ўсіх гэтых відаў адходаў (акрамя элементаў сілкавання) людзі атрымліваюць грошы згодна з прэйскурантам. Сабраная другасная сыравіна накіроўваецца на перапрацоўку як на мясцовыя, так і іншыя прадпрыемствы.

Па словах спецыяліста, апошнім часам значна больш людзей стала здаваць ДМР у прыёмныя пункты. Пры гэтым інтэнсіўнасць іх здачы залежыць не толькі ад сезона, але і канкурэнтаздольнасці саміх прыёмных пунктаў — людзі шукаюць больш выгадныя прапановы.

* * *

Вырашэнне праблемы вымання другасных матэрыяльных рэсурсаў залежыць ад многіх фактараў. І галоўны з іх — адказнасць за свой участак работы кожнага спецыяліста. Бо калі хоць адна ПЭТ-бутэлька трапіць на палігон ці не будзе выкарыстана, поспеху ў гэтай складанай місіі чакаць доўга.

Галоўнымі інспектарамі па ахове навакольнага асяроддзя Мінпрыроды і яго тэрытарыяльных органаў узмоцнены кантроль за недапушчэннем захавання другасных матэрыяльных рэсурсаў. У жніўні — верасні інспектары праводзяць рэйды па ўсіх палігонах і міні-палігонах ЦКА. Асаблівая ўвага ўдзяляецца недапушчэнню разгрузкі аўтатранспарту, які ўтрымлівае ДМР.

Вераніка КОЛАСАВА

Загаловак у газеце: Не закапаць прыбытак

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?