Мікола Гусоўскі


«Многія народы Еўропы, якія маюць дзяржаўную незалежнасць і якія яшчэ спадзяюцца яе атрымаць, з нязвыклай удзячнасцю пакланіліся б ад сябе і ад нашчадкаў таму свайму сыну, які б пакінуў ім у спадчыну падобны твор, незалежна ад мовы, якой такі твор мог быць напісаны. І першымі сярод іх беспамылкова можна было б назваць славян-беларусаў, старажытная культура якіх пакуль што яшчэ вельмі мала вядома адукаванаму свету, але якія яшчэ ў рамках сумеснай сваёй феадальнай дзяржавы з Літвою мелі такога буйнога паэта, як Мікалай Гусавянін з яго «Песняй пра зубра», напісанай на старажытнай латыні», — гэтак пісаў у 1887 годзе нямецкі перакладчык паэмы Артур Лейст. З ХVІ стагоддзя загучалі экспрэсіўныя словы беларускага паэта, імя якога ўжо, здавалася, канула ў небыццё. І толькі ў ХІХ стагоддзі, калі былі адшуканы творы Міколы Гусоўскага, перакладзены на польскую мову і выдадзены, ягонае імя нарэшце заняло сваё пачэснае месца ў сусветнай літаратуры. У даследчыкаў не ўзнікла сумненняў у ягоным беларускім паходжанні.


Мікола Гусоўскі. Мастак Вячка Целеш.

Самі беларусы не ўяўлялі, якім багаццем адарыла іх сляпая прыхамаць гісторыі. Разуменне прыйшло пазней, калі ў 1969 годзе пасля 10-гадовай працы Язэпа Семяжона над перакладам паэмы «Песня пра зубра» выйшла па-беларуску. З таго часу мы пазнаём Міколу Гусоўскага — ягоныя філасофскія, эстэтычныя, рэлігійныя, палітычныя, культуралагічныя погляды і думкі. Вымалёўваецца велічная постаць паэта — мысляра, патрыёта, а вось пра асобу самога Міколы Гусоўскага, на жаль, вядома вельмі мала. Сціплыя звесткі пра яго практычна ўзяты з «Песні пра зубра», дзе ён прыгадвае сваё юнацтва, праведзенае ў лясных нетрах:

«У нетрах лясных на Літве

калі адбывалася гэта,

Часта і я быў раўнёй мужным

у справе сябрам.

Лёс мой каню давяраў,

кідаўся ў Дняпро мнагаводны,

Рэчак віры, калі звер

знікнуць хацеў па вадзе.

Не ад таго, што прыгоды любіў,

пагарджаў небяспекай:

Сорамна проста было

раптам ад хлопцаў адстаць.

Шмат перанёс я нягод

у час паляванняў літоўскіх,

Гэты занятак, скажу,

трохі мяне агрубіў...»

Лічыцца, што Мікола Гусоўскі нарадзіўся ў сям'і лоўчага ці асочніка, магчыма, нават вялікакняжацкага. Ягонае прозвішча магло паходзіць ад назвы роднай вёскі ці мясціны Гусава, Гушчава ці Усы, прынамсі апошнюю назву мае прыток Дняпра, праз які Гусоўскі перапраўляўся на кані.

Змалку бацька навучаў сына паляўнічай справе. «Цікавасць асцярожнага звера, // Ціха, нячутна ступаць, крокам бясшумным, ісці; // Вызначыць, дыша адкуль вятроў ледзь улоўных павеем, // Звер каб цябе не пачуў носам ці вухам сваім, // Добра пацець прымушаў зімой у заснежанай пушчы, // Усклаўшы на плечы мае важкую зброю лаўца». Па сутнасці — гэта адзінае, што расказаў пра сябе Мікола Гусоўскі. Невядома, як ён стаў сакратаром вялікакняжацкага пісара Эразма Цёлка (Вітэлія), дзе вучыўся латыні, і ўвогуле шмат чаго невядома. Можна думаць, што дапытлівы розум і прыродная кемлівасць, паэтычнае пачуццё павялі Гусоўскага з лясных нетраў у шырокі свет. Разам са сваім патронам, калі той стаў плоцкім біскупам, Гусоўскі перабіраецца з Вільні ў Плоцк. Высокая пасада Цёлка прыўзняла і становішча Гусоўскага. Ён суправаджаў Эразма Цёлка ў дыпламатычнай місіі ў Рым у 1518—1523 гадах. Мэтай місіі былі перамовы з папскай курыяй аб стварэнні антытурэцкай кааліцыі. Нядаўна знойдзеная лацінская грамата, напісаная «рукамі Мікалая Гусоўскага, натарыуса» 16 чэрвеня 1519 года ў Гонядзі на Падляшшы, можа сведчыць, што ён прыехаў у Рым пазней.

Перамовы з папскай курыяй зацягнуліся. Пэўна, Гусоўскі нудзіўся ў Вечным горадзе і сумавай па радзіме. І гэты сум ён выкажа ў сваёй паэме «Песня пра зубра». Гісторыя яе напісання расказана самім паэтам. Неяк ён у свіце Эразма Цёлка прысутнічаў у Рыме на карыдзе. Від раз'юшаных быкоў нагадаў Гусоўскаму паляванне на зубра. Ён і расказаў пра магутнага волата паўночных пушчаў. Апавяданне так зацікавіла слухачоў, што яны замовілі літвіну напісаць пра зубра паэтычны твор. Як прызнаецца Гусоўскі, ён без асаблівай ахвоты прыняў замову. Выказвалася думка, што замовіў паэму ажно папа Леў Х.

Такі-сякі паэтычны вопыт Мікола Гусоўскі ўжо меў — некалькі вершаў, сярод якіх узнёслыя духоўныя літаніі да святых Себасцьяна і Ганны — заступнікаў ад пошасцяў і стыхійных навал. У той час Рым перажываў жахлівую эпідэмію чумы. Вершы гэтыя выліліся з душы паэта, як бяссільны пратэст супраць бязлітаснага пакарання людзей страшнымі няшчасцямі. Здаецца, і «Песня пра зубра» была напісана Гусоўскім у адным творчым парыве, як высокае паэтычнае азарэнне. Гусоўскі бліскуча справіўся з пастаўленай задачай. Ён не толькі рэалістычна апісаў зубра, яго постаць, нораў і павадкі, расказаў пра трагічныя, а то і камічныя выпадкі на ловах на гэтага «волата-звера», але надаў яму сімвалічнае значэнне, падымаючы яго вобраз да высокіх алегорый.

Увогуле Гусоўскі стварыў шматпланавы твор з глыбокім філасофскім сэнсам. Узнёсла гучаць радкі, прысвечаныя роднаму краю, у якіх паказана багацце і шчодрасць ягоных лясоў. Паэт гераізуе часы слаўнага Вітаўта, суворага, але справядлівага гаспадара. Захапляльна расказана, як Вітаўт на ловах гартаваў ваяўнічасць і баявы дух моладзі. Горычу напоўнены словы паэта, калі ён піша аб згубнасці войнаў; мацнее ягоны голас, калі асуджае венцаносцаў за развязванне войнаў. «Іхны занятак — вайна на пагібель айчыннаму люду, // Гэтай забаве ліхой цалкам сябе аддаюць».

Гусоўскі, нібыта прарочы вяшчун, узносіць сваю мальбу да нябесных сіл абараніць людзей ад бед і гора. Гэта святое права паэта, і ён скарыстаўся ім.

Пасля смерці ад чумы ў 1522 годзе свайго патрона Эразма Цёлка Гусоўскі пакідае Рым. Невядома, ці чытаў ён сваю паэму святлейшай асобам з папскай курыі. Паэма была надрукавана ў лістападзе 1523 года на сродкі мецэнатаў у кракаўскай друкарні Гераніма Віетэра і прысвечана каралеве Боне Сфорцы. Але спадзяванні, што каралева ацэніць яе, не спраўдзіліся. Тым не менш паэтычны голас Міколы Гусоўскага не змоўк. У 1524 годзе ў той жа друкарні выходзіць паэма «Новая і слаўная перамога над туркамі ў ліпені месяцы», а праз год — паэма «Жыццё і подзвігі святога Гіяцынта», — пра манаха-прапаведніка ХІІІ стагоддзя, які пашыраў хрысціянства ў Польшчы і на Русі. Вобраз святога вылучаецца духоўнай святасцю. Напоўніцу раскрываецца паэтычны дар Гусоўскага ў другой частцы паэмы, дзе ён асуджае пратэстантаў за знішчэнне святога хараства храмаў. Хараство — гэта таксама святыня, уяўная праява Боскасці. Натхнёны і ўзвышаны гэтым хараством чалавек будуе ў душы сваю святыню, каб зрабіцца годным малітвы да Бога. «Святыні ж — прыстанкі, дзе кожны // Можа збаўлення шукаць».

Шчырая рэлігійнасць выдае ў паэце духоўную асобу. А вось у паэме «Новая і слаўная перамога над туркамі ў ліпені месяцы», напісанай Гусоўскім на натхнёным парыве за адзін дзень, ён выступае патрыётам. Паэт услаўляе подзвіг воінаў з народнага апалчэння, якія ў 1524 годзе разбілі над Церамболем грозныя полчышчы туркаў і крымскіх татараў.

Вось так у ягонай душы спалучалася свецкае і духоўнае, прыземленае і ўзнёслае, прагматычнае і шчырае, горычнае і радаснае, грубае і пяшчотнае — усё, што ён аддаў людзям і Богу, злучыўшы іх сваім словам, пакінуўшы сабе толькі імя Мікалай Гусавянін.

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?