Вы тут

Кіраўнік Пухавіцкага раёна: Нас цікавяць інвестары з перспектыўнай ідэяй


Пухавіцкі раён размясціўся ў самым сэрцы Беларусі. Менавіта тут, паблізу вёскі Антанова, знаходзіцца геаграфічны цэнтр краіны. Пра сённяшні дзень раёна і планы на будучыню старшыня Пухавіцкага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Ленкавец расказаў «Звяздзе».


— Вядома, што ў вашым раёне адзін з самых нізкіх паказчыкаў беспрацоўя ў вобласці. І гэта не дзіўна, бо зарплаты тут набліжаюцца да сталічных...

— Наш рэгіён ужо перавыканаў многія планы і заданні на 2018 год. Створана 150 новых працоўных месцаў пры запланаваных 102. Узровень беспрацоўя ў раёне складае 0,7 %. Пры гэтым сярэдні заробак у сельскай гаспадарцы — 670 рублёў, а агульны па рэгіёне за першае паўгоддзе гэтага года — 812 рублёў.

Вы спытаеце, чаму. На тэрыторыі рэгіёна знаходзіцца 17 прамысловых прадпрыемстваў, і яны прыносяць добры прыбытак. За першае паўгоддзе 2018 года падатковыя паступленні ў мясцовы бюджэт ад прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу ў Пухавіцкім раёне склалі 290 мільярдаў рублёў. Сёння перад прадпрыемствамі стаіць задача замацавання са сваёй прадукцыяй на рынках СНД. Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі ў іх на цяперашні момант з'яўляюцца Расія, Кітай, Украіна, Польшча і Літва. Варта адзначыць, што ў гэтым годзе прамыя замежныя інвестыцыі толькі за паўгода склалі 44 мільёны долараў пры заданні ў 19 мільёнаў у год. Сёлета наш рэгіён ушчыльную наблізіўся да поўнага самафінансавання, а з 2019 года Пухавіцкі раён перастане быць датацыйным.

Актыўна развіваецца дробны і сярэдні бізнэс. У бягучым годзе зарэгістравана 117 індывідуальных прадпрымальнікаў, у мінулым годзе за аналагічны перыяд гэты паказчык склаў 98. У бюджэт ад прадпрымальніцкага сектара ўжо паступіла 23,5 мільёна рублёў. Летась за такі ж перыяд раённы бюджэт атрымаў 13,5 мільёна рублёў.

Нас цікавяць інвестары, якія хочуць працаваць у Пухавіцкім раёне, у якіх ёсць перспектыўная ідэя для вытворчасці. Спадзяёмся, што дзякуючы новым прадпрыемствам будуць арганізаваныя новыя працоўныя месцы з добрай заработнай платай.

— Кажуць, у вас развіваецца такі новы кірунак у медыцыне, як платныя паслугі для замежнікаў?

— У раённага медабслугоўвання ёсць альтэрнатыўныя крыніцы даходаў. Цяпер трэба проста ўмець іх узяць. Так, большасць замежнікаў маюць медыцынскую страхоўку. Аказваючы медыцынскую дапамогу замежным грамадзянам, мы атрымліваем ад страхавых кампаній грашовыя сродкі. За кошт супрацоўніцтва з гэтымі страхавымі кампаніямі за сем мінулых месяцаў у бюджэт раёна паступіла ўжо больш за 7,5 тысячы долараў.

Таксама дзякуючы паспяховай працы ў нас ёсць магчымасць накіроўваць рэсурсы на развіццё сацыяльнай сферы — мы клапоцімся пра адукацыю, медыцыну і жыллёва-камунальную гаспадарку. У Пухавіцкім раёне працуе 54 навучальныя ўстановы, у тым ліку 24 школы і 18 дзіцячых садоў. Прычым адміністрацыя раёна дбае не толькі пра інфраструктуру ўстаноў адукацыі, але і пра атрыманне якасных ведаў.

Не менш значнае і пытанне аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву Пухавіцкага раёна. У раёне працуе 40 устаноў медыцынскай дапамогі. Аднак цэнтральным месцам аказання меддапамогі з'яўляецца менавіта раённая бальніца, дзе неўзабаве завяршаецца рэканструкцыя пяціпавярховага корпуса. Тут размешчана шэсць аддзяленняў на 226 бальнічных месцаў.

— Раскажыце пра перспектывы турызму ў рэгіёне.

— Найбольш цікавымі для турыстаў, зразумела, будуць два буйныя комплексы — «Дудуткі» і «Дукорскі маёнтак». Але ёсць і іншыя аб'екты, якія могуць прыцягнуць турыстаў і экскурсантаў. У Мар'інай Горцы, напрыклад, захавалася сядзіба міністра ўнутраных спраў Расіі Льва Макава. Яна пабудавана ў другой палове XІX стагоддзя і лічыцца помнікам эклектычнай архітэктуры. У пачатку XX стагоддзя ў гэтым будынку размяшчаўся Дом творчасці пісьменнікаў Беларусі. Тут некаторы час працавалі класікі беларускай літаратуры Янка Купала і Якуб Колас. У раёне 25 аграсядзіб, якія за мінулы год прынялі больш за 14 тысяч гасцей. Сёння ідзе актыўная работа па стварэнні кластара і канцэпцыі па развіцці турызму.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».