Вы тут

Што паглядзець у Заслаўі і на «Лініі Сталіна»?


Праехаць па тэрыторыі старажытнага Полацкага княства, дакрануцца да рэшткаў падмурка сярэднявечнага замчышча, спусціцца ў дзот 30-х гадоў мінулага стагоддзя, пастраляць з вінтоўкі ці пакатацца на танку... Усё гэта можна зрабіць падчас гісторыка-архітэктурнага і ваенна-гістарычнага падарожжа ў Заслаўе і на «Лінію Сталіна». У адной экскурсіі ўдалося спалучыць старажытныя легенды і сучасную зброю.


Крывія Х стагоддзя

Да Заслаўя, якое ўпершыню згадваецца ў 985 годзе, мы едзем па землях старажытнага Полацкага княства, дзе жылі нашы продкі крывічы. Гісторыкі нават прапанавалі назваць гэтую частку Беларусі Крывіяй. На жаль, цяпер ад старажытнага Заслаўя, што можа паспрачацца за трэцяе месца сярод гарадоў, якія ўзнікалі ў эпоху Полацкага княства ў Х стагоддзі, мала што засталося.

Гістарычная частка горада — замчышча — крыху на ўзвышшы. З тых часоў ад збудавання, якое лічыцца першым на Беларусі бастыённым замкам, захавалася толькі частка падмурка, валы і роў вакол яго. Будавалася замчышча ў ХІ стагоддзі і неаднаразова перараблялася. А шыльда сведчыць, што тут ахоўваюцца дзяржавай «рэшткі вялікай замкавай брамы ХVІ стагоддзя».

Перш чым узняцца на гістарычны вал, праходзім каля Спаса-Праабражэнскай царквы. Праваслаўнай яна стала ў ХVІІІ стагоддзі, а ў ХVІ уваходзіла ў кальвініскі збор роду Глебавічаў. Яе цэнтральная вежа падобна да ўмацаванай вежы замка, і раней у ёй былі нават байніцы. Лічыцца, што на валах быў востры драўляны частакол, а вось рвы былі без вады. Мясцовыя жыхары нават пабудавалі ў іх дамы.

Тысячагоддзе таму і пасланне ў 2085-ы

Мы пераязджаем на старажытную рынкавую плошчу, якая цяпер выглядае як звычайны сквер. Тут, каля помніка Ізяславу, сыну Рагнеды, экскурсавод Аксана расказвае гісторыю стварэння горада. Ізяслава з маці адправіў сюды Уладзімір Ясна Сонейка, які гвалтам узяў яе ў жонкі, забіўшы ў Полацку братоў і бацьку князёўны. Спадзеючыся адпомсціць, яна, ужо маючы некалькі дзяцей ад заваёўніка, спрабавала забіць мужа, пакуль ён спаў. Угневаны, ён хацеў пакараць Рагнеду, аднак за яе заступіўся маленькі Ізяслаў, за што  Уладзімір і саслаў абодвух у мясціны, дзе і быў заснаваны горад. А яшчэ на рынкавай плошчы ёсць незвычайны камень, які паставілі ў 1985 годзе. Пад ім ляжыць пасланне да нашчадкаў у 2085-ы.

40 хвілін падарожжа па Заслаўі пралятаюць імгненна. Тым больш што пасля рынкавай плошчы мы назіраем горад толькі з вокнаў аўтобуса. Вось мы ўжо ў новай частцы Заслаўя, якую ад старой аддзяляе цэнтральны рынак. Разварот, каб паглядзець на помнік, дзе адлюстраваны легендарны момант, калі Ізяслаў абараняе Рагнеду ад раз'юшанага бацькі, — і мы едзем на «Лінію Сталіна».

Узбраенне па гусце

Комплекс «Лінія Сталіна» ўмоўна падзелены на дзве часткі: гістарычны маршрут фартыфікацыі Савецкага Саюза 30-х гадоў і пляцоўкі з тэхнікай для самастойнага агляду. Падчас усёй вандроўкі па «Лініі Сталіна» чуюцца стрэлы. Гэта аматары зброі страляюць з вінтоўкі Мосіна, аўтамата ППШ, а некаторыя бавяцца нават супрацьтанкавым ружжом і страляюць з гарматы па танку, які спецыяльна стаіць у полі. Гукі і дым пры гэтым ствараюць рэалістычнае ўражанне, што ты сапраўды трапіў у варожую тэхніку. Я таксама не стрымалася і апрабавала кулямёт «Максім», а мая сяброўка па вандроўцы Вольга з прадпрыемства «Аўтаматызаваныя тэхналогіі турызму» — мінамёт.

Тут, дарэчы, можна нават пакатацца на брані танка Т34. Дзеля гэтага, кажуць, сюды спецыяльна прыязджаюць суседзі-расіяне. Нават з коштам праезду ў Беларусь ім гэта больш выгадна, чым такая ж забаўка на радзіме. Некалькі хвілін такога задавальнення — каля 200 рублёў на групу ад 10 чалавек. Пры гэтым не заўжды такі адпачынак і даступны, бо тэхніка старая, а запчасткі да яе, самі разумееце, ужо не выпускаюць. Частка машын, якія выстаўлены на пляцоўцы для агляду, таксама дагэтуль на хаду.

Дзот, яжы і зубы дракона

Наш мясцовы экскурсавод Валянцін у салдацкай форме часоў Вялікай Айчыннай вайны расказвае пра гісторыю стварэння мемарыяльнага комплексу. Фартыфікацыйныя ўмацаванні ўзводзілі ў 30-я гады мінулага стагоддзя ўздоўж старой заходняй мяжы Беларусі. Іх мэта — стрымаць праціўніка на 15 сутак, пакуль мабілізуецца армія. Рабілася гэта, паколькі Савецкі Саюз пасля Першай сусветнай вайны жыў у прадчуванні наступнай. Да Мінскага ўмацаванага раёна (умацраёна) працягласцю 140 кіламетраў немцы падышлі 25 чэрвеня. Ён пратрымаўся чатыры дні.

Узброіўшыся гістарычнымі ведамі, мы накіраваліся да артылерыйскага паўкапаніра — дзота, мэта якога — абстрэл дарогі ўздоўж мяжы. Да дарогі было два кіламетры, да мяжы — чатыры. Дзот размешчаны на пліце таўшчынёй 80 сантыметраў. Верхняе перакрыцце дзота — 1,1 метра, а сцяны — 1,5 метра ў шырыню. Такая моц дазваляла вытрымліваць прамое пападанне снарадаў. Збудаванне ўмяшчала 300 снарадаў, якія, між тым, пры інтэнсіўнай стральбе расходаваліся за гадзіну-паўтары.

Спусціўшыся ў паўкапанір, бачым нізкую столь, невялікія памяшканні: каземат з байцамі, калідор са снарадамі, цэлы пакойчык з вугальнымі фільтрамі, якія выводзілі парахавыя газы ад стрэлаў...

Пасля па траншэях кіруемся да зенітнай гарматы, мімаходам зазіраючы ў бліндаж, спускаемся ў кулямётны дзот, глядзім на супрацьтанкавыя агароджы: металічныя, бетонныя, драўляныя. Тут вам і супрацьтанкавыя яжы, і зубы дракона — пірамідкі, якія пад зямлёй звязаны паміж сабой адзіным падмуркам.

Што і казаць, уражвае, здзіўляе, вымушае задумацца, што не варта ставіцца да гісторыі легкадумна.

— Кожны павінен ведаць сваю радзіму. Экскурсіі, дзе можна пазнаёміцца са сваім краем, сваёй гісторыяй — старажытнай, як у Заслаўі, або больш сучаснай, як на «Лініі Сталіна», — дапамагаюць больш даведацца пра Беларусь, — мяркуе Марына ГНЕДАЯ, дырэктар прадпрыемства «Аўтаматызаваныя тэхналогіі турызму». — І добра пачынаць такія падарожжы з маленства, каб склалася ўяўленне, што такое Радзіма, з'явілася адказнасць за яе і стаўленне да сваёй краіны. Думаю, мы пэўным чынам таксама спрыяем вывучэнню краю, бо той, хто заказвае ў нас чатыры экскурсіі, пятую атрымлівае ў падарунак.

Наступным разам мы зоймемся аздараўленчым турызмам у санаторыі «Прыморскі» і раскажам, як спалучыць адпачынак з лячэннем.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Горад Ізяслава і Мінскі ўмацраён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?