Вы тут

Што чакае Швецыю?


У Швецыі прайшлі парламенцкія выбары, па выніках якіх кіраўнічы левацэнтрысцкі блок набраў 40,6 працэнта галасоў, а правацэнтрысцкая апазіцыя атрымала толькі на 0,3 працэнта менш. У той жа час за ўльтраправую партыю «Шведскія дэмакраты» (ШД), якая не ўваходзіць ні ў адзін блок, прагаласавалі 17,6 працэнта выбаршчыкаў, што амаль на пяць працэнтаў больш, чым на папярэдніх выбарах.

ШД фактычна атрымалі «залатую акцыю» і ўжо заявілі пра гатоўнасць сфарміраваць кааліцыйны Дзяржаўны савет караля (так афіцыйна называецца ўрад гэтай скандынаўскай кастытуцыйнай манархіі, у якой на гербе тры кароны — «трэ крунур»). У аднапалатным шведскім парламенце (рыксдагу) 349 дэпутатаў, якія «заступаюць на працу» на чатыры гады. Па выніках апошніх выбараў 2014-га ў краіне быў сфарміраваны ўрад меншасці з удзелам сацыял-дэмакратаў і «зялёных». Што чакае шведаў на гэты раз?


Хот-дог у булачцы

Зусім нядаўна вуліцы шведскіх гарадоў былі залепленыя разнастайнымі перадвыбарнымі плакатамі. Восем парламенцкіх партый змагаліся за галасы выбаршчыкаў. Кампанію галоўнай партыі краіны, Сацыял-дэмакратычнай рабочай (СДРПШ), якая нязменна сярод лідараў на любых выбарах і кіравала Швецыяй 74 гады за мінулае стагоддзе, узначальваў прэм'ер-міністр Стэфан Лёвен.

У перадвыбарчым роліку партыі ён спыняецца каля кіёска фаст-фуду. На пытанне прадаўца «Што вы хочаце?», прэм'ер адказвае: «Я хачу грамадства, дзе надзейнасць важнейшая за зніжэнне падаткаў; каб мы маглі наняць больш медыцынскага персаналу і дапамога заўсёды паспявала своечасова; каб грамадства рабіла больш для моладзі, якая не была б у палоне ў крыміналу; я хачу, каб тыя, хто скончыў прафесійнае жыццё, атрымлівалі пенсію, на якую можна жыць; каб падаткі, якія мы плацім, ішлі сюды, — Стэфан паказвае на дзяцей, якія гуляюць, — а не ў кішэні спекулянтаў і капіталістаў; так, і яшчэ я хачу хот-дог у булачцы. А што хочаш ты?».

Маргот Вальстром, міністр замежных спраў і адзін з лідараў сацыял-дэмакратычнай партыі, заўважала з тысяч перадвыбарчых афіш: «Я не хачу, каб памер твайго кашалька вызначаў, якую медыцынскую дапамогу ты атрымаеш». Відавочна, што яна кажа не пра сябе. Яе праблемы бясплатнай медыцыны не кранаюць. Як адзначылі шэраг экспертаў, займеннік «ты» замест «мы» ў дадзеным выпадку сапраўды вызначае сітуацыю, якая склалася: кар'ерныя палітыкі і лідары кіраўнічай партыі — гэта частка істэблішменту, якая даўно адарвалася ад народа і ўжо нават не ўяўляе сябе яго часткай.

Без малога стагоддзе Швецыя была сусветнай сталіцай сацыял-дэмакратыі. Яшчэ дваццаць гадоў таму гэтая імперыя была ў зеніце ўплыву: сацыялісты былі ва ўладзе ў 11 з тагачасных 15 краін ЕС. Цяпер такіх дзяржаў засталося толькі 5 з 28. А днямі мы сталі сведкамі таго, як сацыял-дэмакратычны праект захістаўся ў сваёй уласнай цвярдыні. Да 1991 года ў СДРПШ было больш за мільён членаў, а зараз партыйных сацыял-дэмакратаў засталося крыху больш за 100 тысяч. Пасля ўвядзення ўсеагульнага выбарчага права партыя нязменна набірала на выбарах ад 40 да 55 працэнтаў галасоў, цяпер яна атрымала ўдвая менш.
А сярод грамадзян маладзейшых за 50 гадоў партыйны рэйтынг ледзь дасягае 20 працэнтаў.

Рэцэпт ад «памяркоўных»

Галоўны апанент сацыял-дэмакратаў — ліберальна-кансерватыўная Умераная кааліцыйная партыя (Mоdеrаtеrnа) — узначальвае альянс з чатырох правых «буржуазных» партый. Яна ўдзельнічала ў выбарах на чале з новым лідарам. Ульф Крыстэрсан настроены даволі радыкальна. Ён адкрыта паказвае на пагрозы, з якімі сутыкаецца нацыя: мігранты, беспрацоўныя, саіскальнікі сацыяльных дапамог, маладзёжныя банды і людзі без адукацыі. Крыстэрсан абяцаў хутка навесці парадак цвёрдай рукой.

Фактычна яго кампанія будавалася на распальванні страхаў сярэдняга класа перад пагрозамі з боку «небяспечных класаў». Ён абяцаў разарваць з логікай «сацыяльнага паразітызму», скараціўшы «залішнія» сацыяльныя праграмы для беспрацоўных, некваліфікаваных і сацыяльна неабароненых. «Трэба ўносіць уклад у развіццё, а не атрымліваць дапамогі» — сцвярджаў адзін са слоганаў правых. «Памяркоўныя» маюць намер перамагчы крымінал не з дапамогай сацыяльнай палітыкі, а павялічваючы колькасць паліцэйскіх і павышаючы патрабаванні да мігрантаў і саіскальнікаў дапамог. Рэцэпты Крыстэрсана адсылаюць да каштоўнасцяў класічнага кансерватызму: закон і парадак, больш ніякай валтузні з залішнім гуманізмам.

«Працягваць пазітыўнае развіццё!» — абвяшчалі перадвыбарчыя афішы «памяркоўных» у прэстыжных катэджных раёнах. «Наперад!» — лаканічна камандавала Ані Лёф, лідар саюзнай ім Партыі цэнтра. Адзінай аўдыторыі правых лібералаў і кансерватараў ясна, што краіна рухаецца ў правільным напрамку: паспяховая частка грамадства выйграе ад росту няроўнасці і дэмантажу рэшткаў «шведскага сацыялізму».

Кіраўнік правацэнтрысцкага альянсу заклікаў урад Швецыі па выніках выбараў пайсці ў адстаўку. «Гэты ўрад вычарпаў сябе, — адзначыў Крыстэрсан. — Альянс большы за чырвона-зялёны блок». У сваю чаргу прэм'ер-міністр Швецыі Стэфан Лёвен абвясціў, што не мае намеру ісці ў адстаўку. «Да адкрыцця сесіі новага парламента засталося два тыдні. Я застаюся на гэты час на пасадзе прэм'ер-міністра», — адзначыў кіраўнік урада. Ён таксама назваў вечар падвядзення вынікаў галасавання пахаваннем палітыкі блокаў.

Вірлівы перыяд

Спакойная і ўраўнаважаная, эканамічна ўстойлівая і сацыяльна збалансаваная, па-паўночнаму павольная і нават у нейкай ступені меланхалічная Швецыя апошнім часам перажывае «вірлівы перыяд», заўважае іz.ru. Прычынай таму скандынаўскія палітолагі бачаць рэзка ўзрослую актыўнасць партыі «Шведскія дэмакраты», якая стаіць на пазіцыях еўраскептыцызму. Іншыя палітычныя партыі імкнуліся не заўважаць ШД, каб не піярыць сапернікаў, якія, зрэшты, і без павышанай увагі да сябе змаглі падняць сваю квоту ў заканадаўчым органе больш чым утрая — з 5,7 да 17,6 працэнта. Пры гэтым яны да апошняга часу заставаліся партыяй, ствараць альянсы з якой не імкнулася ніякая іншая буйная палітычная сіла краіны — ні сацыял-дэмакраты, ні эколагі (Партыя зялёных), ні арганізацыі кансерватыўнага тыпу, якія часткова супадаюць па сваіх поглядах з дэмашведамі.

Звяртаць пільную ўвагу на ШД скандынаўскія СМІ пачалі тады, калі ў Бруселі расчынілі вароты ў ЕС перад лавінай бежанцаў. За пяць гадоў у краіну прыехала звыш 600 тысяч мігрантаў (агульная колькасць насельніцтва краіны складае каля 10 млн чалавек). Па колькасці мігрантаў на аднаго жыхара Швецыя знаходзіцца на другім месцы ў ЕС.

18,5 працэнта насельніцтва нарадзіліся за межамі краіны. Паводле афіцыйнай статыстыкі, у скандынаўскай краіне пражываюць 150 тысяч сірыйцаў, 135 тысяч іракцаў і 71 тысяча іранцаў. Па разліках экспертнай групы па грамадскай эканоміцы, кожны мігрант абыходзіцца ў 74 тысячы крон (8 тысяч долараў) штогод на працягу ўсяго свайго жыцця.

Пры гэтым адзначаецца рост злачыннасці. У краіне да 2017 года з'явіўся 61 «праблемны» крымінальны раён. «Я больш не пазнаю Швецыю: у маёй спакойнай законапаслухмянай краіне разгарнулася бітва вулічных бандаў. У нас з'явілася арганізаваная злачыннасць. Час аб'яўляць ёй вайну», — заўважыў лідар «Шведскіх дэмакратаў» Імі Акесан падчас дэбатаў у прэсе адносна крымінальнай сітуацыі ў скандынаўскім каралеўстве.

ШД занялі стратэгічную антысістэмную нішу. «У Швецыі ўрад і апазіцыя — адно і тое ж» — сцвярджаў адзін з іх перадвыбарчых плакатаў. Перш ШД успрымаліся як партыя аднаго пытання — як праціўнікі масавай міграцыі. Цяпер яны адваёўваюць для сябе значна больш шырокую прастору, не забываючы і пра міграцыйнае пытанне, якое прынесла ім серыю электаральных поспехаў. «Міграцыя не была рашэннем праблем, — кажуць яны ў агітацыйным роліку на фоне кадраў з падпаленымі машынамі, перастрэлкамі, паліцэйскай хронікай, — яна прывяла да таго, што людзі не адчуваюць сябе ў бяспецы, а дзяржава ўсеагульнага дабрабыту ляжыць у руінах». Дэмашведы прэтэндуюць на ролю абаронцаў «шведскай мадэлі».

Рагнарок наблізіўся

Парламенцкія выбары ў Швецыі падвялі краіну да «тыдняў або месяцаў» напружаных перагавораў паміж палітычнымі сіламі, якія не змаглі дасягнуць большасці, піша брытанская газета Thе Guаrdіаn. Так, цяпер лідары асноўных левых і правых парламенцкіх блокаў Швецыі напярэдадні фарміравання новага ўрада краіны. Як сцвярджае дзейны прэм'ер-міністр Швецыі Стэфан Лёвен, у найбліжэйшыя два тыдні ён паспрабуе пабудаваць міжблокавую парламенцкую кааліцыю. Кіраўнік урада мяркуе заручыцца падтрымкай невялікіх партый правацэнтрысцкага, цэнтрысцкага і ліберальнага тыпу. Гэта будзе не проста, адзначае брытанская газета. Гатоўнасць супрацоўнічаць з правацэнтрыстамі ўжо выказалі «Шведскія дэмакраты», і хоць прадстаўнікі блока афіцыйна адмаўлялі такую магчымасць, яна існуе. Калі падобнае адбудзецца, то Швецыя стане другой пасля Аўстрыі еўрапейскай краінай, дзе ўрад будзе сфарміраваны з удзелам нацыяналістаў.

Шведскія СМІ адзначаюць, што працэнты, набраныя ШД, — гэта трывожны знак, з якім прыйдзецца лічыцца. Thе Guаrdіаn піша, што поспехі «Шведскіх дэмакратаў» парушаюць «стабільны еўрапейскі парадак». Як лічаць аўтары выдання, «квітнеючая ліберальная талерантная Швецыя ўваходзіць у незнаёмыя воды папулісцкага супраціўлення, якое становіцца рэальнай палітычнай сілай». Як трапна заўважае ехреrt.ru, палітычны апакаліпсіс — Рагнарок (паводле старажытнаскандынаўскай міфалогіі, дзень, калі свет абрынецца, а багі і людзі загінуць у бітве з пачварамі) — па тэхнічных прычынах не адбыўся. Але, магчыма, наблізіўся.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Тэст для «трэ крунур»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.