Вы тут

У супрацоўніцтва Беларусі і Узбекістана — вялікія перспектывы


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка з афіцыйным візітам наведаў Ташкент і правёў перагаворы са сваім калегам Шаўкатам Мірзіёевым. Сустрэча лідараў адбылася ў дзяржаўнай рэзідэнцыі «Блакітны палац», дзе бакі абмеркавалі прапановы па сумесных прадпрыемствах.


Фота БЕЛТА

«Вам прыйшлося разграбаць завалы ўнутры краіны — і аб'ектыўныя, і суб'ектыўныя рэчы. Усё-такі прыкладна трыццаць тры мільёны насельніцтва — гэта гіганцкая рэспубліка, і ўвесь народ трэба накарміць. Патрэбна розныя плыні, рэлігійныя, нацыянальныя і іншыя, захаваць і аб'яднаць, накіраваць. Таму я вам адразу сказаў, што мы пад павелічальным шклом разглядаем усё, што вы робіце.

І мы за вас рады, асабліва за тое, што вы выбудавалі адносіны з суседзямі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да Шаўката Мірзіёева. Ён падзякаваў за падтрымку беларускай дыяспары ва Узбекістане (а гэта каля 19 тысяч нашых суайчыннікаў).

Шаўкат Мірзіёеў адзначыў, што Беларусь для іх краіны «блізкі сябра і надзейны партнёр». Прэзідэнт Узбекістана звярнуў увагу: «У апошнія паўтара-два гады нашы адносіны ва ўсіх сферах, я думаю, перасягнулі ўсе чаканні. Гэта паказвае, што магчыма зрабіць пры жаданні і волі кіраўніцтва краі-
ны». Рост тавараабароту працягваецца і сёлета. «Гэта гаворыць пра тое, што мы, дзве дзяржавы і два народы, засумавалі адно па адным», — лічыць кіраўнік усходняй краіны. Па яго меркаванні, у перспектыве тавараабарот паміж дзвюма дзяржавамі можа дасягнуць аднаго мільярда долараў. Аляксандр Лукашэнка таксама лічыць гэта магчымым.

Што датычыцца супрацоўніцтва, Шаўкат Мірзіёеў прапанаваў сумесна перапрацоўваць бавоўну і гандляваць з еўрапейскімі краінамі. З Узбекістана — сыравіна, з Беларусі — тэхналогіі ў перапрацоўцы. У сельскай гаспадарцы размова ішла пра сумесны кластар. Кіраўнік Узбекістана звяртае ўвагу: «У нас насамрэч сяло ў цяжкім становішчы, таму што рыначныя механізмы яшчэ не створаны. А калі іх сёння ўкараняць, то сельская гаспадарка не будзе рэнтабельная і канкурэнтаздольная». Ён зноў жа акцэнтаваў на тым, што Узбекістан мае сыравіну ў гэтай галіне, а Беларусь — тэхналогіі. З экспартам можна выходзіць на трэція краіны. Таксама паступіла прапанова беларускаму боку паўдзельнічаць у распрацоўцы нафтавых радовішчаў, а яшчэ адкрыць некалькі філіялаў ВНУ. Аляксандр Лукашэнка адказаў, што мы не канкурэнты адзін аднаму і ў нас ёсць вопыт падобнага супрацоўніцтва. «Калі вас будзе штосьці цікавіць — калі ласка, мы гэта зробім», — рэзюмаваў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Пасля трохгадзінных перагавораў у фармаце «адзін на адзін» Аляксандр Лукашэнка падвёў вынікі. «Мы дамовіліся, што ў нас у Беларусі няма закрытых тэм не толькі для абмеркавання, але і для далейшых дзеянняў. Калі штосьці нашы ўзбекскія браты ўбачаць у Беларусі патрэбнае, гэта будзе неадкладна зроблена: ці перанесена вытворчасць на вашу тэрыторыю, ці створым сумеснае прадпрыемства», — рэзюмаваў Прэзідэнт. Ён таксама прывёў прыклад па магчымым стварэнні прадпрыемства ў сферы лёгкай прамысловасці па перапрацоўцы бавоўны і нагадаў, што ў савецкія часы гэта сыравіна з Узбекістана перапрацоўвалася на баранавіцкім камбінаце. Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу кіраўніцтву беларускіх міністэрстваў і буйных прадпрыемстваў знайсці ва Узбекістане для рэалізацыі канкрэтныя праекты і даручыў віцэ-прэм'еру Міхаілу Русаму пракантраляваць яе выкананне.

Акрамя таго, на перагаворах у пашыраным складзе Аляксандр Лукашэнка заявіў, што абедзве краіны могуць разам выходзіць на рынак Афганістана. «Мы вельмі зацікаўлены, каб узбекскія браты дапамаглі нам супрацоўнічаць з Афганістанам. Але мы не жадаем ісці туды адны, жадаем з вамі туды прыйсці з нашай прадукцыяй. Таму, ствараючы ва Узбекістане прадукцыю, у тым ліку складаную, машынабудаўнічую, давайце разам пойдзем і дапаможам афганцам», — сказаў беларускі Прэзідэнт і дадаў, што для нашай вытворчасці, якая расце, патрэбны рынкі. Вакол Узбекістана каласальны рэгіён.

Мадэрнізацыя ваеннай тэхнікі таксама з'яўляецца адным з перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва. «Мы сёння дамовіліся, што не толькі адрамантуем, мадэрнізуем вашу тэхніку, лятальныя апараты, бронетэхніку, але і тут, на вашай базе, можам ствараць адпаведныя заводы і мадэрнізаваць і Су, і МіГ, і БТР, і танкі — у гэтым рэгіёне мора падобнай тэхнікі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што ў сферы бяспекі ў Беларусі няма сакрэтаў ад Узбекістана.

Па выніках перагавораў бакі падпісалі 16 дакументаў. Ключавыя дамоўленасці адлюстраваны ў міжурадавым дагаворы аб сацыяльна-эканамічным супрацоўніцтве на 2019—2023 гады. Акрамя таго, акадэміі навук абедзвюх краін заключылі дагавор аб навукова-тэхнічным партнёрстве. Праграму кансультацый на найбліжэйшыя гады падпісалі міністэрствы замежных спраў. Таксама двухбаковыя дакументы падпісалі шэраг іншых міністэрстваў і дзяржорганаў. Аляксандр Лукашэнка і Шаўкат Мірзіёеў прынялі сумесную заяву.

Дарэчы, не так даўно ў Ташкенце быў адкрыты бюст Якуба Коласа, плануецца назваць у яго гонар адну з гарадскіх вуліц. Беларускі паэт у ваенныя гады жыў ва Узбекістане і пісаў пра гэты народ. Пасля перагавораў Прэзідэнт Узбекістана ўручыў Аляксандру Лукашэнку першы экзэмпляр зборніка вершаў Якуба Коласа, перакладзеных на ўзбекскую мову.

Паводле БелТА

Загаловак у газеце: Ваша сыравіна — нашы тэхналогіі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».