Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Асаблівасці нацыянальнага мыслення

...Ехаў чалавек праз Смаргонь. Быў ён тут упершыню па службовых справах, але ж меў і асабістую — адну: ну, вельмі захацеў зазірнуць у вёску Міхневічы да свайго сябрука, з якім гадоў дваццаць таму, яшчэ пры Саюзе, разам служыў у войску. Пасля дэмбеля, як гэта часта бывае, яны падтрымлівалі сувязь, пісалі адзін аднаму, збіраліся ў госці. Потым кожны ажаніўся, абзавёўся дзецьмі ды сямейнымі праблемамі: не да гасцяванняў стала. А далей — болей, як той казаў: перабудова, развал Саюза, новыя дзяржаўныя межы. Адзін з сяброў апынуўся ў вольнай Латвіі, другі — у незалежнай Беларусі...

Дык чаму б не скарыстацца момантам, не пабачыцца, тым больш, што латыш помніў: вёска Міхневічы недзе блізка — побач са Смаргонню. Адразу трэба зазначыць, што па нацыянальнасці госць быў рускі. Праўда, за той час, што і ён, і продкі яго пражылі ў Прыбалтыцы, славянскі менталітэт не мог не нажыць пэўных асаблівасцяў, у выніку якіх...

Зрэшты, па парадку. Навігатара ў чалавека не было, таму, выехаўшы з горада, ён спыніў машыну, каб спытаць у людзей, ці правільна едзе, ці ў гэтым кірунку вёска Міхневічы?

— Так-так. І не сумнявайся! — запэўніла яго жанчына. — Роўненька едзь і едзь. А там убачыш — будзе вёска першая, затым вёска другая, а там і паказальнік на твае Міхневічы.

Латыш са спакойнай душой паехаў. Па дарозе ўжо ўяўляў і радасную карціну сустрэчы, і сяброўскае застолле, і лазню, якой ганарыўся беларус...

Дарога, між тым, усё вілася і вілася, дарожныя паказальнікі мільгалі і мільгалі, а патрэбнага ўсё не было і не было, хоць радыёперадача «У рабочы поўдзень» ужо завяршалася, а спідометр намотваў пяты дзясятак кіламетраў.

Таму, прытармазіўшы ля чарговага аўтобуснага прыпынку, кіроўца спытаў: а дзе ж тут... вёска Першая?

— Ды хто ж яго ведае, — азірнуўся па баках пажылы мужчына. — Вунь там адна будзе... І там сяло... А за гаем — яшчэ адно. Ты назву скажы — якую вёску шукаеш?

— Міхневічы.

— Ого, мілок, дык ты ж яе даўно праехаў! Табе назад зараз трэба — кіламетраў на 20.

...Ужо седзячы за сталом, сябрукі доўга смяяліся з прыгод латыша, які па дарозе так стараўся знайсці паказальнікі на вёскі Першую і Другую, што самі Міхневічы адступілі на задні план.

Ала Клемянок, г. Смаргонь

Такі быў час... І такія людзі

...Ва ўсіх адносінах — не тыя цяпер каштоўнасці: няма згадзіцеся, ранейшай самаадданасці ў працы, няма імкненняў да высокіх мэт.

А некалі ж былі — у краіне, на вытворчасці, у нашай... бухгалтэрыі.

Не, яе працаўніцы не насіліся тады па канторы. Яны, можна сказаць, наадварот — не ўставалі з крэслаў, не адрываліся ад папер, стракаталі касцяшкамі лічыльнікаў. Гук ішоў яшчэ той: нібы ў пральнай машыне шчэбень палошчаш... На вуліцы чуваць было. Ведама, калгас-мільёншчык! І ўсе ж гэтыя мільёны трэба было «пералапаціць», звесці ў баланс.

Для бухгалтэрыі гэты дакумент — святая святых! Стварэнне гадавога, напрыклад: там жа процьма розных табліц ды лічбаў, і ўсе яны — ва ўзаемнай сувязі, якую можна і прасачыць, і, пры ўменні, нават «прачытаць» — ну як, скажам, піларама ўплывае на надоі малака або яйцаноскасць курэй...

Але і гэтага было мала: з кожным годам патрэба ў розных лічбах усё расла і расла, прычым гэтак шпарка, што ў ліхіх 90-х баланс гаспадаркі месціўся на 190 лістах — ну чыста «Раман-газета»!

...Дык вось, нейкі час пасаду і галоўнага бухгалтара, і яго намесніка ў нас займалі дзве жанчыны з вёскі Задруцце. Дабірацца на працу ім было нескладана: і аўтобусы хадзілі часта, і спадарожныя машыны — адна за адной.

Але ж неяк запрацаваліся бухгалтаркі — спазніліся на апошні аўтобус. А ўжо дзевяць вечара. І зіма. І поўня.

Ідуць па дарозе пехатой, нясуць гадавы баланс ды розныя дакументы, каб дома яшчэ палічыць.

А паралельна ім, метраў за 700, ідзе, гаворачы па-нашаму, — «лінія» (чыгунка на Ленінград). За той лініяй — лес. Не бранскі, вядома ж, і нават не азяранскі, але звяр'я там рознага ёсць: і ласёў, і дзікоў, і... ваўкоў. Бач — замільгалі ад чыгункі два агеньчыкі. Потым — яшчэ два... «Значыць, гэта яны?» — спужаліся жанчыны.

А далей што? Бегчы! Ну вядома ж! Але куды? Наперад ці назад? А галоўнае — баланс пры сабе гадавы...

— На, хавай пад паліто і бяжы, што сілы, — як сапраўдны стратэг распарадзілася старэйшая з кабет. — Можа, ты ўцячэш яшчэ... Табе, Верачка, трэба — у цябе дзеткі малыя. А я што? Я пажыла... Давай мне газеты, што з сабой прыхапіла. Ваўкі наблізяцца — я падпалю. А можа, адпуджу... Калі не, ты адна потым баланс здасі.

Кабеты абняліся, пасля чаго маладзейшая, хоць і была мажная (сама казала, што свякроў яе ў грады не пускае, бо «ты ўсё патопчаш»), прыпусціла так...

А вось старэйшая пайшла, спакайней назірала, як мітусяцца і, здавалася, набліжаюцца тыя «агеньчыкі».

...Невядома, што было б далей (ваўкі там хадзілі ці не ваўкі, збіраліся яны паляваць на бухгалтарак і «святыню калгаса» альбо не?), але ж жанчыну дагналі фары аўто. Яна — з тога страху — кінулася, можна сказаць, пад колы.

...Хвілін праз колькі і ўжо пад Задруццем яны з кіроўцам дагналі Верачку. (З яе боку гэта быў, відаць, сусветны рэкорд па бегу... Дык, дарэчы, можа, і спартсменам-бегунам не допінг патрэбны, а пара ваўкоў?)

А ўжо прыехаўшы ў вёску, жанчыны не маглі спыніцца ад рогату — магчыма, нервовага — ад усяго, што давялося перажыць.

...А ўвогуле, цяпер думаю, ці патрэбна было (і каму?) столькі інфармацыі? І ці такая гэта каштоўнасць — гадавы баланс, каб за яго, калі ўжо давядзецца, пакласці жыццё?

Але ж такі быў час і такія людзі. Як казаў паэт, «...не то, что нынешнее племя».

Соф'я Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскі раён

Кожнаму — сваё

Я пенсіянерка і, як кажуць, са стажам. Так што час для ўспамінаў маю, нават шмат. А ўспамінаю найчасцей самыя шчаслівыя, самыя бесклапотныя гады свае — залатыя, студэнцкія.

Дык вось, восень 1960-га. Трэці курс філфака Магілёўскага педінстытута. Сорак дзяўчат і сямёра хлопцаў. Усёй грамадой мы сядзім на саломе ў кузаве грузавіка: едзем на бульбу ў Бялыніцкі раён. Па дарозе з нечага смяёмся, размаўляем, спяваем. З песняй Калманоўскага «Я люблю тебя, жизнь!» (во дзе можна голасу волю даць!) прыязджаем у вёску. Там па два-тры чалавекі размяшчаемся па хатах калгаснікаў. А далей — па завядзёнцы: дзень — на полі, вечар — у клубе, як бы ні змарыліся.

Адзінае, што бянтэжыла там, — нашы хлопцы. Ну ці ж не хамуты?! На нас, можна сказаць, нуль увагі, амаль што не глядзяць, не выво-
дзяць у круг, а вось да чужых дзяўчат — з мясцовых ці з іншых курсаў —
гэта калі ласачка...

Выключэннем сярод іх быў толькі Віктар. Яны з чарнавокай Галяй ці не закахаліся адно ў аднаго: заўсёды трымаліся побач, тым больш — на танцах.

Дык вось. Адскакалі мы неяк полечку, пачулася мелодыя вальса. Віктар, як заўжды, запрасіў Галю — яны першымі выйшлі ў круг. Нічога не скажаш — прыгожая пара. Усе залюбаваліся. І мелі чым, бо хлопец раптам узяў у далоні твар дзяўчыны і... пацалаваў — у вусны, пры ўсіх, не жартам... Па тых часах гэта было нешта (нерэальнае, сказалі б
цяпер!).

А таму не дзіва, што Галя аслупянела, залілася чырванню і, схіліўшы галаву, кінулася да дзвярэй.

Віктар выскачыў следам.

— Што гэта было? — не ўцямілі мы, пытаючы ў нашых хлопцаў.

— Што-што, — са злосцю буркнуў бамбіза Міша, — заўтра мы за Віцю будзем бульбу капаць: прайгралі спрэчку.

— Дык вы...

Жанна, не дагаварыўшы, адвесіла яму аплявуху!..

Клуб, можна сказаць, страсянуўся ад смеху, бо ўсё і сапраўды выглядала досыць камічна: ва ўсякім разе нашым «капальшчыкам» бульбы — за сябе і за таго хлопца — нічога не заставалася, як панура пайсці да дзвярэй.

...Здавалася б, такой бяды — некалькі чалавек сышло, але ж шмат засталося? Аднак танцаваць ужо не хацелася. Дзяўчаты асуджалі — і хлопцаў, і Віцю, смяяліся з Мішы, перажывалі за Галю.

Назаўтра, сустрэўшыся, кінуліся да яе з пытаннямі: маўляў, як ты?

— Ды нармальна, — усміхнулася дзяўчына.

— А як жа пацалунак?

— Вой, дзяўчаткі, іх учора столькі было!.. — прызналася яна і, відаць успомніўшы, прыплюшчыла вочы.

Мы, нічога не разумеючы, павярнуліся да Мішы, які толькі развёў рукамі: а што вы, маўляў, хацелі? Кожнаму — сваё: каму — пацалункі (галоўнае пачаць...), каму — аплявухі.

Дзіна Дубадзелава, в. Леніна, Добрушскі раён

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.