Вы тут

Дабрачынная акцыя «Дзеці ідуць у школу» прайшла ў Мінску


Дабрачынная акцыя «Дзеці ідуць у школу» прайшла ў прыёмніку-размеркавальніку для непаўналетніх у Мінску.


Арганізатарамі акцыі выступіла Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа. Удзел у мерапрыемстве прынялі і прадстаўнікі адміністрацыі Маскоўскага раёна.

Сутнасць акцыі ў тым, што пачатак новага навучальнага года распаўсюджваецца на ўсіх дзяцей адпаведнага ўзросту. У тым ліку і на тых, хто воляй лёсу апынуўся ў прыёмніку-размеркавальніку. Таварыства Чырвонага Крыжа сумесна з уладамі горада вырашыла падтрымаць у падлеткаў жаданне вучыцца. Для гэтага прадстаўнікі таварыства і ўлады прыйшлі ў госці са сваімі падарункамі.

У прывітальным слове кіраўнік спраў адміністрацыі Маскоўскага раёна Уладзімір КАЗЛОЎСКІ сказаў выхаванцам прыёмніка-размеркавальніка:

— Хоць вы і трапілі ў гэтую ўстанову, вы дзеці нашай краіны, і для вас пачынаецца самы звычайны навучальны год. Хочацца, каб у вашым жыцці ўсё склалася добра. Каб вы вярнуліся ў сем'і, выправіліся і сталі паўнавартаснымі грамадзянамі.

Інэса РАВІНСКАЯ, старшыня Маскоўскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, заўважыла:

— Жадаю, каб усё ў вас склалася ўдала, каб вы больш не траплялі ў падобныя ўстановы. Хацелася б, каб вы проста вучыліся, развіваліся, раслі. А для таго каб падняць настрой, мы прынеслі салодкія падарункі, зробленыя рукамі нашых валанцёраў.

Затым падарункі ад Чырвонага Крыжа і адміністрацыі Маскоўскага раёна раздалі выхаванцам. У вялікіх белых пакетах былі неабходныя канцылярскія прыналежнасці, а таксама розныя ласункі, якія, несумненна, палепшаць ім няпростыя будні.

Па словах начальніка прыёмніка-размеркавальніка падпалкоўніка міліцыі Ларысы ЛЫЧКОЎСКАЙ, цяпер ва ўстанове знаходзяцца восем дзяцей, сярод іх адна дзяўчына. Падлеткі ўтрымліваюцца тут да 30 дзён, пасля чаго іх развозяць па месцах пастаяннага знаходжання. Навучальны працэс у прыёмніку-размеркавальніку падтрымліваецца. З дзецьмі займаюцца выхавальнікі з вышэйшай адукацыяй. Установа мае ўсе неабходныя падручнікі, забяспечана выдатнай бібліятэкай. Выхаванцы не выпадаюць з навучальнага працэсу: пішуць сачыненні, вывучаюць гісторыю, замежныя мовы, шмат чытаюць.

Дарэчы, дзеці сюды паступаюць адусюль. Сёння, напрыклад, тут утрымліваюцца жыхары Ліды, Магілёва, Бабруйска, Століна. Ёсць нават падлетак з В'етнама Фан, або, як яго ахрысцілі нашы хлопцы, Ваня. Ён прыехаў са сваёй дзяўчынай у Расію на чэмпіянат свету па футболе. Калі чэмпіянат скончыўся, Фан разам з сяброўкай спрабаваў нелегальна трапіць у Еўрасаюз. Пасля затрымання Фан і яго дзяўчына, як непаўналетнія, апынуліся ва ўстанове на Акрэсціна. Дзяўчыне бацькі аплацілі дарогу, і яна вярнулася на радзіму. А вось бацькі «Вані» не знайшлі пакуль грошай на вяртанне сына дадому. Знаходжанне юнага в'етнамца ў нашай краіне зацягнулася. Яго зваротны білет прыйдзецца аплачваць беларускаму боку. Але ўжо ў найбліжэйшы час Фан вернецца ў В'етнам.

Пасля ўручэння падарункаў Інэса Равінская разам са сваёй памочніцай, валанцёркай Дашай, крыху затрымалася ў выхаванцаў. Справа ў тым, што нехта з іх піша вершы, малюе ці займаецца музыкай. Тут хочуць дапамагчы юным талентам, каб яны мелі магчымасць рэалізаваць свае задумы.

Сяргей КУЛАКОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

72-і аб'яднаны вучэбны цэнтр, што ў Печах, — самая вялікая воінская часць у Беларусі. 

Грамадства

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Самым аддаленым ад абласнога цэнтра раёне краіны.

У свеце

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Цяпер гэтая аўтаномная тэрыторыя ўваходзіць у склад Каралеўства Данія.

Грамадства

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Сё­ле­та ў да­школь­ныя ўста­но­вы ра­ё­на прый­дзе 2 700 ма­лых.