Вы тут

Лапата для лавы


Ну прывітанне, восень. Атрымаў запрашэнне адразу на два бацькоўскія сходы. Уваход, як заўсёды, бясплатны. Кошт выхаду будзе вызначацца на месцы. Метад вызначэння: падсумоўванне выпадковых лічбаў. Спосаб аплаты: наяўна-маментальны. Цяпер збіраю грошы, паколькі браць трэба з запасам (калі хочаш выйсці жывым). З жахам думаю, што хутка ў мяне будзе чацвёра школьнікаў.


Р. S. Як там у класіка: самотная пара, вачэй зачараванне? Не, усё значна празаічней. Проста рыхтуйце бабкі, а рамантыку пакіньце паэтам.

* * *

Сын схадзіў першы раз на гурток па біялогіі. Спытаў яго, чым займаліся. Сказаў: «Вывучаў у мікраскоп размнажэнне водарасцяў». На пытанне: «Што, усе чатыры гадзіны?» — сказаў: «Дык яны ж павольна размнажаюцца!» Карацей, калі вы не ведаеце, як правесці выхадны дзень, запішыцеся на гурток па біялогіі.

* * *

Старэйшая дачка пела малодшым калыханку. Пачуў толькі канцоўку, але мне хапіла: «Прыйдзе дзядуля Бабай і адключыць вам вайфай». Вось яны — страхі дзяцей ХХІ стагоддзя. Шэранькі ваўчок нервова курыць бычок.

* * *

Рэакцыя жонкі, калі я паведаміў ёй, што забраў кніжкі з друкарні: «Віншую! Спадзяюся, цяпер ты, нарэшце, адрамантуеш вечка ад унітаза».

А вы думаеце, нам, паэтам, лёгка? Нічога падобнага. Але наконт вечка я б не абнадзейваўся: спачатку трэба рэалізаваць тыраж.

* * *

Жонка расказала: ішла ўчора з малодшымі па вуліцы, трымала іх за рукі. Раптам Вера адпускае руку і кажа: «Мама, я пайду пабегаю. Толькі ты гэту ручку Полі не аддавай — я хутка вярнуся». Усё правільна: у жыцці дзюбай не шчоўкай.

* * *

Ішоў зараз у белым халаце па бальнічным вестыбюлі. На лаўцы сядзеў хлопчык гадоў пяці з мамай. Калі я праходзіў міма, ён шэптам, поўным захаплення, спытаў:

— Мама, а гэта доктар? Ён людзей лечыць?

Не ведаю, што адказала мама, але мне вельмі хацелася спыніцца і сказаць:

— Пра Айбаліта чуў?

— Так.

— Я.

І было б у хлопчыка ўражанне на ўсё жыццё.

А так мама напэўна сказала якую-небудзь банальнасць тыпу:

— Не, сынок, гэта дзядзя проста прыйшоў наведаць кагосьці ў бальніцы.

З дарослымі кашы не зварыш, гэта, як той казаў, медыцынскі факт.

* * *

Будзіў старэйшых дзяцей у царкву. Дачка, як звычайна, ні ў якую не хацела ўставаць. Я ўжо і свет уключыў, і падушку забраў, і тармасіў яе — безвынікова. І раптам, калі зусім адчаяўся, мяне асяніла, і я сказаў: «А хочаш потым пайсці ў Бургер Кінг?» У тую ж секунду дзіця ўжо адзявалася, я нават спужаўся. А вы кажаце, няма карысці ад фастфуду.

Р. S. Наступным разам буду перш-наперш казаць: «Прачынайся, ідзём у Макдональдс». Сэканомлю і час, і нервы.

* * *

Вера:

— Тата, а праўда, што пад зямлёй ёсць гарачае вядро?

— Якое яшчэ вядро?

— Ну з якога агонь трапляе ў вулканы.

— А, праўда. Толькі гэта не вядро, а ядро.

Вера:

— Поля, тата сказаў, што пад зямлёй насамрэч ёсць гарачае вядро!

Поля:

— Гарачае вядро? Крута!

Гэта я ім яшчэ пра лапату пад зямлёй не расказаў, якой лаву з вядра ў вулканы перакідваюць.

Павел ХОЛАД

Каментары

"Шэранькі ваўчок нервова курыць бычок. " Беспадобна!!!!! Навогул, усе нататкі заўсёды чытаю з цйікаўнасцю.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.