Вы тут

Усё, што трэба ведаць пра абавязаных асоб


Каго найперш ратаваць — гора-бацькоў ці іх дзяцей?

Хто яны — абвязаныя асобы, і чаму яны выклікаюць заклапочанасць у кіраўнікоў арганізацый? Абавязанымі лічацца асобы, у адносінах да якіх уступіла ў законную сілу рашэнне суда аб спагнанні расходаў, панесеных дзяржавай на ўтрыманне іх дзяцей, якія знаходзяцца ці знаходзіліся на дзяржаўным забеспячэнні.


Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Згодна з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у праблемных сем'ях», абавязаныя асобы павінны працаваць і штомесяц кампенсаваць расходы на ўтрыманне дзяцей. Але ў большасці выпадкаў гэта дрэнна атрымліваецца.

У Івацэвіцкім раёне для рэалізацыі арганізацыйных і практычных мерапрыемстваў па дзяржаўнай абароне дзяцей у неўладкаваных сем'ях прымаюцца неабходныя ўпраўленчыя рашэнні па выкананні патрабаванняў Дэкрэта № 18 камісіяй па справах непаўналетніх райвыканкама, аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, аддзелам унутраных спраў, сельвыканкамамі, установамі адукацыі... Кіруецца патрабаваннямі Дэкрэта № 18 міжведамасны каардынацыйны савет пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама.

Каардынатарам работы ўстаноў адукацыі з праблемнымі сем'ямі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, з'яўляецца Сацыяльна-педагагічны цэнтр Івацэвіцкага раёна (СПЦ). Ён вядзе персаніфікаваны ўлік даных аб дзецях, што прызнаюцца такімі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і даныя абнаўляе штомесяц. Інфармацыя аб сямейнай неўладкаванасці паступае ў аддзел адукацыі, спорту і турызму з розных ведамстваў, арганізацый, ад людзей.

І тая школа, дзе выявілася праблема, вывучае сітуацыю, праводзіць сацыяльнае расследаванне, складае акты абследавання. Па кожным факце з бацькамі адбываецца прафілактычная гутарка. Па выніках вывучэння ўмоў пражывання і выхавання дзяцей камісія вызначае, ці знаходзяцца дзеці ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Так, у 2015 годзе былі прызнаны такімі, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, 11 дзяцей з 7 сем'яў, у 2016-м — 19 дзяцей з 12 сем'яў, у 2017-м — 15 дзяцей з 8 сем'яў, сёлета ў першым паўгоддзі — 12 дзяцей з 8 сем'яў. Мне здаецца, адбіранне дзяцей у бацькоў — гэта, з аднаго боку, правільны крок, бо малых трэба ратаваць, а з другога, калі паглядзець на іх тату ці маці, для іх адбіранне дзяцей — гэта абрыў танюсенькай і адзінай нітачкі, якая яшчэ магла б стаць стымулам для выкарасквання з багны алкаголю. Мы прывыклі глядзець на ізгояў грамадства зверху ўніз, з адценнем пагарды: як гэта для іх не самае каштоўнае дзеці? На ўзроўні мацярынскага інстынкту дзеці і для хворых на алкагалізм самае каштоўнае. Яны гатовы паабяцаць перад усім светам, што будуць старацца забраць дзяцей, вярнуць лад у сям'ю... Але скажыце, хто лічыў, колькі павінна зарабляць абавязаная асоба, каб выканаць усе патрабаванні і па кампенсаванні дзяржаўных сродкаў, на выхаванне дзіцяці і па стварэнні для дзяцей належных умоў і, самае галоўнае, зноў не паддацца на ўгаворы сяброў «замачыць» пачатак новага жыцця?

Тамара Турко, загадчыца сектара аховы дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму Івацэвіцкага райвыканкама, не адзін год змагаецца за вяртанне да цвярозага ладу жыцця абавязаных асоб. Яны ж супакойваюць сябе і яе абяцаннямі, вераць шчыра, даюць клятвы з біццём у грудзі, але... гэтак жа лёгка аб гэтым забываюць, як толькі вяртаюцца з лячэбна-працоўнага прафілакторыя (ЛПП). «Б'ешся, б'ешся, а ўсё дарэмна. Дзеці чакаюць, што мама іх абавязкова забярэ, а тыя мамы вызваляюцца з ЛПП, забываюць пра ўсё і зноў ступаюць на тую ж сцежачку...»

Чаму? Страх перад адказнасцю, перад тым, што грашовых сродкаў пастаянна не хапае, што даўгі за камунальныя паслугі пагашаюцца павольна, што няма за што купіць дзіцяці такую ж абноўку, як купляюць яго аднакласнікам... Ды і шмат іншых жыццёвых абставін не даюць магчымасці разгарнуць плечы. Трэба ўлічваць, што ў тых, чыё жыццё пакацілася ўніз, як правіла, няма надзейных памочнікаў, сяброў, а толькі сабутэльнікі, якія, як вораны, кружаць над імі. Уяўляеце, у які кут бывае загнана сям'я, калі ў ёй спецыяльна хаваюць для камісіі «дзяжурны» набор прадуктаў, каб паказаць, што ў іх жыццё наладжваецца? Колькі часу пражыве чалавек у такім напружанні, каб не сарвацца?

— З кожнай абавязанай асобай, непаўналетнія дзеці якой маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, праводзіцца індывідуальная работа: арганізацыйныя, інфармацыйныя меры, растлумачваецца заканадаўства, іх правы і абавязкі, у тым ліку абавязак кампенсаваць у поўным аб'ёме сродкі, затрачаныя дзяржавай на ўтрыманне іх непаўналетніх дзяцей, — тлумачыць Тамара Лявонцьеўна. — Вядзецца работа па памяншэнні памеру расходаў, якія падлягаюць спагнанню, і вызваленні абавязаных асоб ад аплаты запазычанасці ў адпаведнасці з артыкулам 10 Дэкрэта № 18. Напрыклад, у 2017 годзе адной абавязанай асобе былі зменшаны расходы да 90 працэнтаў, а другой — спісана запазычанасць у суме 626,84 рубля. Сёлета яшчэ тром абавязаным асобам спісана запазычанасць у суме 7478,42 рубля. Калі ў сям'і вялікая запазычанасць па аплаце за электраэнергію і камунальныя паслугі, то вывучаецца магчымасць аказання ёй аднаразовай адраснай дапамогі. Толькі б чалавек адумаўся.

Дарэчы, на ўтрыманне дзіцяці, якое знаходзіцца на дзяржаўным забеспячэнні, штомесячныя выплаты (узрост да 6 гадоў) складаюць 234,45 рубля і 242,27 рубля — ад шасці гадоў і больш. А ўзровень пакрыцця расходаў за 2016 год склаў 53,9 працэнта, летась — 46,8, за першы квартал бягучага — 59,3 працэнта.

— Праблемы па спагнанні сродкаў узнікаюць па прычыне адсутнасці ў абавязанай асобы салідарнага адказчыка і наяўнасці двух і больш выканаўчых лістоў, — дадае Тамара Турко. — Немалаважным пры працаўладкаванні абавязаных асоб з'яўляецца стан іх здароўя, які не заўсёды дазваляе працаўладкоўваць іх на больш высокааплатныя рабочыя месцы. Да ліку праблемных пытанняў можна аднесці назначэнне судом адбывання пакарання ў следчым ізалятары (сёння там знаходзяцца два чалавекі), дзе абавязаныя асобы не маюць магчымасці працаваць, што яшчэ больш павялічвае запазычанасць па выплаце сродкаў.

Паказчык эфектыўнасці работы ў напрамку аховы дзяцінства — уладкаванне на выхаванне ў сям'ю дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, і захаванне сям'і для дзіцяці. За 2016—2017 гады ўсе дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, былі ўладкаваны ў прыёмныя, апякунскія сем'і, дамы сямейнага тыпу — а значыць, не накіроўваліся ў інтэрнатныя ўстановы.

Толькі заспакойвацца не прыходзіцца, бо не скарачаецца колькасць дзяцей, у адносінах да якіх бацькі былі пазбаўлены правоў: 2015 год — гэта 4 бацькоў у адносінах да 6 дзяцей, 2016-ы — адпаведна 8 бацькоў і 8 дзяцей, 2017-ы — 12 бацькоў і 12 дзяцей. За мінулы год у аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і СПЦ паступіла 228 паведамленняў аб сямейнай небяспецы ў дачыненні да 1380 дзяцей.

За мінулы год адпраўлена 826 табліц-справаздач, якія рассылаюцца штомесяц, аб выкананні Дэкрэта № 18, сёлета іх чакаецца не менш.

Асноўнай прычынай сацыяльнага сіроцтва па-ранейшаму застаецца алкагалізм. Магчыма, ёсць сэнс накіраваць намаганні адпаведных службаў найперш на дапамогу бацькам — лячэнне (не кадзіраванне) іх ад гэтай хваробы?

Валянціна БОБРЫК


У Беларусі працаўладкаваныя каля дзвюх тысяч нядбайных бацькоў

Як заявілі «Звяздзе» ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, працаўладкаваннем абавязаных асоб займаюцца органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне раённых і гарадскіх выканкамаў. Каб працаўладкаваць гэтую катэгорыю грамадзян, рашэннямі аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама вызначаны пералік арганізацый, у які на 1 ліпеня 2018 года ўключана 6966 прадпрыемстваў. Паводле даных Мінпрацы і сацабароны, па працаўладкаванне ў першым паўгоддзі 2018 года звярнуліся 1936 абавязаных асоб, 1934 з якіх былі працаўладкаваныя.

Святлана БУСЬКО

Загаловак у газеце: «Цяжкія»... дарослыя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».