Вы тут

Ці ёсць у вашых сем'ях традыцыі?


У канцы гэтага тыдня ў Кішынёве пройдзе Сусветны кангрэс сем'яў — міжнародны форум, падчас якога каля 2000 чалавек не менш чым з 50 краін абмяркуюць, якія захады неабходна рабіць у сучасным свеце для захавання сямейных каштоўнасцяў, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства, шлюбу і інстытута сям'і наогул. У тым ліку будуць гаварыць і пра традыцыі як адзін з мосцікаў паміж пакаленнямі, што дапамагае помніць, хто мы і адкуль.


«Якія ў вашай сям'і былі ці ёсць традыцыі?» — цікаўлюся ў некалькіх знаёмых. Адна ўжо вельмі дарослая дзяўчынка прыгадала, як бацька абавязкова ладзіў для іх з братам «татаву нядзелю»: раз на тыдзень-другі забіраў гуляць у адзін з гарадскіх паркаў, і так ім разам было хораша, што ўсе ў выніку заставаліся шчаслівыя і задаволеныя — нават мама. Другая сямейная пара расказала, што сваю традыцыю — летнія вандроўкі разам з дзецьмі па Беларусі — толькі ўсталёўвае. Трэцяя сяброўка цяжка ўздыхае: «Традыцыя? Ды працатэрапія на дачных градах: вясной бульбу і буракі пасадзіць, увосень — выкапаць, прычым абавязкова ўсім разам, не важна, колькі кіламетраў табе трэба ехаць да той дачы. І «адкасіць» не атрымаецца, бо сумленне загрызе».

У маіх бацькоў дачы не было, і бабулі ў вёсцы таксама не было. А вось традыцыі былі. Адну з іх — музычную прыборку — я стараюся працягваць ужо і ў сваёй сям'і.

...Субота, раніца — якраз той час, калі можна пакачацца яшчэ трошкі, але на добры толк трэба ўставаць і займацца справамі. Мама ўключае стары прайгравальнік, набыты нейкім цудам яшчэ ў часы татальнага дэфіцыту, і дастае адну з пласцінак. Калі прыбрацца трэба хутка — ну, там, рэчы на паліцах скласці па парадку (вы ведаеце дзяцей, якія робяць гэта добраахвотна?) ды падлогу падмесці і «прабегчы» анучай — гэта пад бадзёрыя запевы Mоdеrn Tаlkіng. Калі ж на чарзе генеральная прыборка з праціраннем посуду, шкла і пылу ў кніжных шафах — недахоп нашага імпэту кампенсаваў пранікнёны голас Джо Дасэна. Дзякуй, мамачка, з таго часу мы з сёстрамі навучыліся «падсалоджваць» тую ці іншую нудную дамашнюю работу любімымі песнямі. І асабіста я пазнаю шансанье з першых нот, не блытаю «Sаlut» і «A tоі» ды помню, што «Поющие гитары» злізалі свой хіт пра Карлсана з дасэнаўскай «L'Аmеrіquе».

З татам была зусім іншая гісторыя. Пасумаваўшы аб неіснуючым дачным участку, які дапамог бы выхаваць у дзецях любоў да зямлі, тата вырашыў навучыць нас не памерці з голаду, калі раптам што, іншым чынам. І браў з сабой у лес — то паасобку, то ўсіх разам. З ягадамі сяброўства склалася добра, а вось «адчуваць» грыбы так, як умее бацька, ні ў кога не атрымлівалася. Затое мы замусолілі ўшчэнт кніжку «Плады і ягады нашых лясоў», звяраючы ілюстрацыі з арыгіналамі, і вывучылі, бадай, залатое правіла грыбніка: «Не ўпэўнены — не бяры!» А галоўным для нас у шматгадзінных блуканнях па гаях і барах было нават не назбіраць кошык ці вядро грыбоў (і потым яшчэ тры гадзіны чысціць іх, ціхенька лаючы ўраджайны сезон), а знайсці ўжо дома «зайчыкаў гасцінчык» — хлеб ці некалькі пер'яў цыбулі, якія здаваліся найсмачнейшымі ў свеце.

Цяпер тата агітуе ўжо ўнукаў выбрацца з ім на «ціхае паляванне». І я, шчыра кажучы, толькі за, нягледзячы на кляшчоў, камароў, мокрыя ногі, поўныя мурашоў ды шышак кішэні і іншыя сюрпрызы, якія дзеці здольныя прыцягнуць нават з гарадскога лесапарку. Бо незалежна ад вынікаў паходу гэта цудоўная магчымасць адкласці гаджэты і пабыць разам, падыхаць празрыстым восеньскім паветрам, паглядзець на дзятлаў ды вожыкаў не скрозь краты вальераў, а зблізу... Ну, і яшчэ гэта — традыцыя, і каштоўнасць яе ў пераемнасці.

А ў вашай сям'і ёсць улюбёныя традыцыі?

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».