Вы тут

Як хутка зямляне зноў паляцяць на Месяц?


Як хутка зямляне зноў паляцяць на Месяц? Якія перспектывы ёсць у марсіянскай праграмы? Ці магчыма пастаноўка ў найбліжэйшай будучыні пытання аб пілатаваным палёце на Марс і аб эксплуатацыі рэсурсаў гэтай планеты? Якая будучыня чакае Міжнародную касмічную станцыю (МКС)? Ці будзе падоўжаны тэрмін яе эксплуатацыі? Тэмы, якія ўзнімаюцца на ХХХІ міжнародным кангрэсе Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў, для недасведчанага чалавека могуць падацца экскурсам у навуковую фантастыку. Але і пра пакарэнне Марса, і тым больш пра планы высадкі на Месяц, навукоўцы і даследчыкі разважаюць абсалютна сур'ёзна. Нагадаем, што ўдзельнікамі кангрэса ў Мінску сталі каля 90 касманаўтаў з 17 краін, а таксама прадстаўнікі навукова-даследчых устаноў і нацыянальных касмічных агенцтваў.


— Засваенне далёкага космасу становіцца актуальным па дзвюх прычынах: перш за ўсё, гэта немагчымасць спыніць памкненне чалавека да пазнання свету і ўсведамленне рэальнай пагрозы катаклізмаў касмічнага маштабу. Але ёсць фактары, якія перашкаджаюць засваенню далёкага космасу: гэта касмічная радыяцыя і мікрагравітацыя, — падкрэслівае намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей КІЛІН. — Пакуль найбольш рэальнай бачыцца прапанова выкарыстоўваць месяцовую арбітальную станцыю ў якасці прамежкавага этапу для перамяшчэння на арбіту Марса.

— Ёсць паказальныя выпадкі. Калі штосьці выходзіць са строю на Міжнароднай касмічнай станцыі, мы можам даставіць неабходнае абсталяванне з Зямлі, а калі гэта раптам здарыцца падчас палёту на Марс? Што ў нашых сілах? — разважае астранаўт NАSА, прафесар Джэфры ХОФМАН. — Я мяркую, што нам у бліжэйшы час трэба сканцэнтравацца на міжнародным палёце на Месяц. І рабіць гэта трэба разам з нашымі кітайскімі калегамі, неабходна развіваць сумесныя праекты па даследаванні Месяца. Спачатку трэба правесці адпаведныя даследаванні на Месяцы, паглядзець, што будзе адбывацца з целам чалавека там, каб зразумець, ці гатовыя мы ляцець на Марс.

Між іншым, Джэфры Хофман здзейсніў пяць касмічных палётаў і чатыры выхады ў адкрыты космас. А Сяргей КРЫКАЛЁЎ правёў у касмічных камандзіроўках увогуле практычна тры гады свайго жыцця (803 дні). Яго сумарны рэкорд па знаходжанні на арбіце здолеў пабіць толькі другі расійскі касманаўт Генадзь Падалка, у якога 878 «касмічных» дзён. Таму ў Сяргея Крыкалёва пацікавіліся, ці патрабуюцца для такіх унікальных дасягненняў нейкія прыродныя здольнасці або іх можна развіць з дапамогай трэніровак? І які час увогуле можна лічыць максімальна дапушчальным для знаходжання чалавека ў космасе, асабліва з улікам планаў па асваенні Марса?

— Насамрэч мы гэтага яшчэ не ведаем, — адказаў касманаўт. — Зараз праводзяцца навуковыя эксперыменты. І ўсе, хто доўгі час знаходзіўся ў космасе, таксама становяцца аб'ектамі для навуковых і медыцынскіх даследаванняў. Больш-менш зразумелыя даныя ёсць пакуль толькі па радыяцыі (па разавай і размеркаванай дозе). Канешне, усе, хто лятае ў космас, праходзілі складаны медыцынскі адбор, бо мы яшчэ не ведалі, што нас чакае, якія нагрузкі будуць на чалавечы арганізм. З іншага боку, самі караблі і знаходжанне на МКС становяцца больш зручнымі для касманаўтаў. Плошчы станцыі дазваляюць касманаўтам перасоўвацца і кантактаваць са сваімі замежнымі калегамі. Больш мяккім стаў і працэс спуску касманаўтаў на Зямлю.

Космас, як і іншыя тэхнічна складаныя сферы, не застрахаваны ад чалавечага фактару. Аднак магчымасці для выпраўлення ў космасе памылкі вельмі абмежаваныя. Калі ў 1985 годзе «замаўчала» савецкая касмічная станцыя «Салют-7», перад касманаўтамі Віктарам Савіных і Уладзімірам Джанібекавым была пастаўлена задача — «ажывіць» станцыю, аднавіць яе працаздольнасць, а калі гэта не атрымаецца, то патапіць станцыю ў акіяне.

— Падчас эксплуатацыі нашых касмічных караблёў і МКС была маса няштатных сітуацый. Практычна ў кожнага, хто сядзіць у гэтай зале, ёсць пра што расказаць, — канстатуе Віктар САВІНЫХ.

— Калі паўстала пытанне, як забяспечыць падлёт карабля да некіраванай станцыі, была распрацавана новая методыка збліжэння са станцыяй, і зараз ужо ўсіх касманаўтаў рыхтуюць да такіх сітуацый, — кажа Сяргей Крыкалёў.

— Так, мы на Зямлі вельмі сур'ёзна рыхтуемся да самых розных аварыйных сітуацый: ад пажараў і разгерметызацыі да выратавання станцыі і яе аварыйнага пакідання, — пацвярджае расійскі касманаўт Алег СКРЫПАЧКА. — Самая важная якасць для чалавека, які марыць пра космас, — гэта мэтанакіраванасць. Канешне, патрабуюцца выдатнае здароўе і добрая адукацыя, але каб прайсці ўвесь складаны працэс адбору, трэніровачны працэс, патрабуецца вельмі шмат часу і намаганняў. А з кім бы я не хацеў аказацца ў космасе побач? Думаю, што такіх людзей у касманаўты не бяруць...

Трэба растлумачыць, што Алег Скрыпачка прыйшоў у атрад касманаўтаў у 27 гадоў, а першы свой касмічны палёт здзейсніў толькі ў 40 гадоў. У ходзе першага палёту ў яго былі тры выхады ў адкрыты космас.

Дарэчы, пытанні накшталт «А наколькі ўвогуле апраўдана знаходжанне чалавека ў космасе (у тым ліку і ў плане фантастычных фінансавых выдаткаў)?», «Што гэта — неабходнасць ці рэалізацыя чалавечых амбіцый?» — хвалююць пераважна людзей, далёкіх ад космасу.

Боні ДАНБАР, прэзідэнт Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў, якая сама здзейсніла пяць касмічных вандровак, ніколькі не сумняваецца ў далейшым развіцці пілатаванай касманаўтыкі.

— У ХХІ стагоддзі мноства краін выкарыстоўваюць космас у мірных даследчых мэтах. Найбольш важны праект, які сёння рэалізуецца ў космасе, — гэта Міжнародная касмічная станцыя. У гэтай праграме ўдзельнічае пяць розных касмічных агенцтваў — Расіі, ЗША, Японіі, Канады і Еўропы. На арбіце пабывалі ўжо прадстаўнікі 38 дзяржаў. Мяркую, што ў найбліжэйшае дзесяцігоддзе мы станем сведкамі таго, як і іншыя краіны пачнуць рэалізоўваць касмічныя праграмы і адпраўляць сваіх касманаўтаў на арбіту. У космас будуць адпраўляцца не толькі з мэтай даследаванняў, але ў тым ліку ў турыстычных мэтах. Упэўнена, што ў гэтым стагоддзі касманаўтыка будзе развіваецца гэтак жа актыўна, як і авіяцыя ў мінулым. Я не магу прадказваць будучыню, але магу з упэўненасцю сказаць, што трывалы падмурак для развіцця касманаўтыкі забяспечваюць навука і інжынерыя. І ключавую ролю ў гэтым іграюць акадэміі навук, — дадала Боні Данбар.

12 верасня ў рамках праграмы кангрэса запланаваны Дзень супольнасці: гэта традыцыя, калі касманаўты і астранаўты сустракаюцца з грамадскасцю, каб «запаліць» моладзь касмічнымі марамі, расказаць пра сучасны стан развіцця касманаўтыкі і яе перспектывы. Удзельнікі кангрэса плануюць наведаць беларускія школы, як у сталіцы, так і ў Мінскай вобласці, а таксама БДУ, БНТУ, БДУІР, Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт і Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Месяц — плануем, Марс трымаем у галаве

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».