Вы тут

Міжнародны праект «Паліцы кітайскіх кніг» прадстаўлены ў Беларусі


Амаль дзве сотні кніг, якія выйшлі на кітайскай, англійскай і рускай мовах і прысвечаныя культуры і эканоміцы, гісторыі і літаратуры Кітая, занялі пачэснае месца ў адмысловым аддзеле сталічнай кнігарні «Кнігі&кніжачкі». Міжнародны праект «Паліцы кітайскіх кніг», які рэалізаваны ўжо ў больш як 10 краінах свету, цяпер упершыню прадстаўлены і ў Беларусі.


Як адзначыў на цырымоніі адкрыцця праекта міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч, цікавасць да кітайскай літаратуры ў Беларусі, як і ва ўсім свеце, няўхільна расце, а існуючая ў нашай краіне школа кітаістыкі дапамагае айчынным выдавецтвам выпускаць у свет кнігі, прысвечаныя кітайскай праблематыцы.

Так, Выдавецкі дом «Звязда» выпусціў ужо больш як 10 кніг у серыі «Светлыя знакі: паэты Кітая», зборнік «Пад крыламі дракона. 100 паэтаў Кітая», а летась да 25-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Кітаем убачыла свет кніга «Беларуска-кітайскія адносіны ва ўспамінах беларускіх паслоў». Сёлета эстафету працягнула выдавецтва «Мастацкая літаратура», якое выпусціла ўжо два паэтычныя зборнікі з серыі «Светлыя знакі: паэты Кітая» і зборнік «Пялёсткі лотаса і хрызантэмы. 100 паэтаў Кітая ХХ стагоддзя».

Ажыццяўленне праекта «Паліцы кітайскіх кніг», падкрэсліў пасол Кітая ў Беларусі Цуй Цымін, стала чарговым крокам у супрацоўніцтве і культурным абмене паміж нашымі краінамі. Ініцыятарам яго выступіла Кітайская дзяржаўная адміністрацыя па прэсе і выданнях пры актыўнай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Беларусі, а непасрэднымі выканаўцамі — Кітайская нацыянальная карпарацыя па імпарце і экспарце выданняў і ААТ «Белкніга».

Што да перспектыў далейшага «кніжнага абмену», то, як расказалі прадстаўнікі Кітайскай нацыянальнай карпарацыі па імпарце і экспарце выданняў, з 2000 года ў КНР выдадзена больш як 40 кніг беларускіх аўтараў, і гэта праца, безумоўна, будзе працягвацца. «Я глыбока ўражаная тым, што беларускія выдавецтвы паспяхова рэалізуюць праект «Светлыя знакі: паэты Кітая», — прызналася віцэ-старшыня карпарацыі Пан Лілі. — Нават самі кітайцы не заўжды разумеюць старажытную кітайскую паэзію, мову яе сімвалаў і метафар, а калі гаворка ідзе пра мастацкі пераклад, то задача яшчэ больш ускладняецца. Калі ў нас знойдуцца высокакваліфікаваныя перакладчыкі з беларускай мовы, то мы, канешне, з задавальненнем рэалізуем аналагічны праект у нашай краіне і выдадзім, напрыклад, зборнік «100 паэтаў Беларусі».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Канстанціна ДРОБАВА

Загаловак у газеце: На мове дружбы

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.