Вы тут

Дзяржслужачыя вывучалі тонкасці правядзення дзяржзакупак


Далучэнне да пагаднення аб дзяржзакупках СГА — вельмі прадуманая і ўзважаная праца па забеспячэнні аховы найбольш уразлівых сектараў эканомікі. Пра гэта падчас Нацыянальнага семінара па дзяржаўных закупках, арганізаванага МАРГ сумесна з сакратарыятам Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА) і Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР), паведаміў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч. Міжнародны семінар праводзіўся для прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, каб азнаёміць іх з прынцыпамі пагаднення яшчэ да таго, як краіна ўступіць у СГА.


«Сёлета ў чэрвені Беларусь зрабіла першы крок на шляху да ўступлення ў СГА. Краіна стала назіральнікам у пагадненні арганізацыі аб дзяржаўных закупках. Дадзеная працэдура была забяспечана тым, што ў краіне праводзіцца эфектыўная работа па ўдасканаленні кіравання сістэмай дзяржзакупак. Ужо праз два месяцы пасля атрымання статусу назіральніка Беларусь прымае ў сталіцы сусветных экспертаў. Удзельнікі семінара змогуць атрымаць адказы на ўсе актуальныя пытанні па дзяржаўных закупках», — адзначыў кіраўнік МАРГ.

Каментуючы перспектыву ўступлення Беларусі ў СГА, Уладзімір Калтовіч падкрэсліў, што далучэнне да пагаднення па дзяржзакупках, з аднаго боку, дазваляе атрымаць доступ да рынкаў краін-удзельніц і тым самым павялічыць свой экспартны патэнцыял. Айчынныя вытворцы змогуць на роўных удзельнічаць у закупках у многіх дзяржавах. З іншага боку, мы адкрываем свой рынак дзяржзакупак. Аднак перагаворы па далучэнні краіны да дагавора па дзяржаўных закупках будуць пачаты пасля ўступлення ў СГА.

«Да падпісання асноўных дакументаў мы зможам усталяваць механізм аховы эканомікі пры ўступленні ў СГА менавіта ў сферы дзяржаўных закупак. На гэта будзе накіравана праца нашых экспертаў», — растлумачыў Уладзімір Калтовіч.

Таксама міністр акцэнтаваў увагу на тым, што ў Беларусі ідзе рэфармаванне сістэмы дзяржзакупак. Паводле яго слоў, новы закон аб дзяржзакупках, які пачне дзейнічаць у краіне з першага ліпеня 2019 года, дасць магчымасць удасканаліць механізмы і забяспечыць празрыстасць, а таксама пашырыць магчымасці суб'ектаў па ахове сваіх правоў. Паводле слоў міністра, абноўлены закон, падпісаны Прэзідэнтам сёлета ў чэрвені, накіраваны на зніжэнне колькасці пасярэднікаў, што ўдзельнічаюць у працэдуры.

Акрамя таго, як адзначыў міністр, рынак дзяржзакупак краіны застаецца ёмістым. Паводле інфармацыі за 2017 год, кошт заключаных па выніках дзяржаўных закупак дагавораў склаў каля 2,8 млрд еўра, што эквівалентна больш як 6 % ВУП краіны. Разам з тым, па словах прадстаўніка сакратарыята СГА Ганны Караліны Мюлер, у сярэднім у розных краінах велічыня гэтага рынку можа даходзіць да 15 % ад ВУП.

«Таму рынак цікавы і для краін, і для кампаній. Акрамя таго, сектар дзяржзакупак звязаны з буйнымі дзяржаўнымі інвестыцыямі ў інфраструктуру, школы, бальніцы — усё тое, што дае магчымасць мадэрнізаваць эканоміку, краіну і забяспечыць эканамічны рост. Гэтыя дзяржаўныя інвестыцыі патрэбны і насельніцтву, і кампаніям для эфектыўнай работы», — адзначыла Ганна Караліна Мюлер.

Таксама яна лічыць, што Беларусь за апошні час значна прасунулася ў тым, што датычыцца ўступлення ў СГА, і досыць прадуктыўна пачала дыялог па магчымым далучэнні да пагаднення аб дзяржзакупках, звязаны з уступленнем у арганізацыю. Гэта сведчыць аб прагрэсіўным падыходзе краіны.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».