Вы тут

Для беларускіх ратаўнікоў распрацавана новая амуніцыя


Праца ратавальніка залежыць не толькі ад яго кваліфікацыі, але і ад амуніцыі і тэхнікі, з дапамогай якіх ён працуе. Больш за тое, яны павінны пастаянна ўдасканальвацца, паколькі складанасць пастаўленых перад ратавальнікамі задач год ад году расце. Навукова-даследчаму інстытуту пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый МНС Беларусі ёсць над чым няспынна працаваць у гэтым кірунку.


Аб тым, якія ж новыя распрацоўкі ўкараняюцца ў прафесійную дзейнасць утаймавальнікаў стыхій, расказвае начальнік цэнтра навукова-даследчыцкай работы Сяргей Асташоў.

— Мы гатовы прэзентаваць наш новы шлем. Ён ні ў чым не саступае сусветным аналагам, але пры ўсім гэтым мае кошт, ніжэйшы ўтрая за іх. Усе камплектуючыя для яго зроблены ў Беларусі. Крытэрыямі пры распрацоўцы, акрамя максімальных ахоўных уласцівасцяў, сталі зручнасць пры нашэнні, камплектаванне перамоўнымі прыладамі, каб аператыўна перадаваць інфармацыю і не пераключаць увагу на рацыю, і ліхтаром. Замест эмблемы можна ўсталяваць экшн-камеру для здымак. Да таго ж ён больш лёгкі, што ў рабоце пры поўнай баявой выкладцы таксама немалаважна. Мы стваралі гэты шлем амаль два гады.

— Ці ёсць навацыі ў баявым адзенні для пажарных?

— Актыўныя работы распачаліся яшчэ гадоў 15 назад. Яшчэ нашы віцебскія калегі пачалі распрацоўкі на базе арселону. Гэтая тэрмастойкая тканіна была прыдумана ў СССР яшчэ на пачатку 1970-х гадоў. З сярэдзіны 70-х яе пачалі выпускаць у Светлагорску. Класічныя аранжавыя курткі якраз з яе і зроблены. Дастаткова сказаць, што арселон не плавіцца і вытрымлівае тэмпературу ажно да 250 градусаў. З кожным годам адзенне з арселону дапрацоўвалі, але ў рэшце рэшт мы дасягнулі яго максімальна магчымых фізічных паказчыкаў. Таму гадоў пяць назад мы арселон выкарыстоўваць перасталі. У кожнага адзення ёсць свае недахопы, якія выяўляюцца толькі падчас «баявой» эксплуатацыі. Таму з цягам часу з'яўляюцца новыя патрабаванні, і ўжо ў Светлагорску распрацоўваюць новае валакно. Мы хочам, каб беларуская тканіна для пажарных не толькі адпавядала замежным аналагам, але і пераўзыходзіла іх. Зараз жа яна і знаходзіцца на сярэднім сусветным узроўні, прычым маючы кошт удвая меншы. Валокны для адзення выкарыстоўваюцца тыя, з якіх робяць бронекамізэлькі. Яно мацнейшае ў тры разы за тое, што мы носім паўсядзённа.

Што да абутку, то наш інстытут сумесна з адным з віцебскіх прадпрыемстваў распрацаваў боты пажарнага. Раней у нас быў звычайны гумавы абутак. Замежныя ж ратавальнікі носяць скураныя боты. Іх фізічныя ўласцівасці такія ж, як і ў гумавых, але яны вельмі зручныя. Нашы боты не прамакаюць на працягу 60 хвілін, абараняюць ад праколу, удару, маюць негаручую падэшву і скуру. І пры ўсім тым ніхто з замежных канкурэнтаў не можа прапанаваць нешта падобнае за такую ж ці меншую цану. Ды і за мяжой патрабаванне ў выглядзе 60 хвілін непрамакальнасці вытрымліваюць нямногія ўзоры. Справа ў тым, што выпуск такога абутку абумоўлены сваімі кліматычнымі асаблівасцямі. Узімку тушэнне пажару адбываецца пры вельмі нізкіх тэмпературах. Ногі ў пажарнага прамоклі, а яму яшчэ дзяжурыць далей на «сутках». І як бы чалавек пасля гэтага не захварэў.

Фактычна мы выступаем пасярэднікамі паміж людзьмі, якія тушаць пажары, і тымі, якія робяць адзенне. У працэсе працы ратавальнікаў мы збіраем пажаданні і заўвагі і пераадрасоўваем іх на заводы-вытворцы. Пасля карэкціровак мы зноў тэсціруем адзенне ў нашых лабараторыях, каб яно адпавядала ўсім стандартам бяспекі. І так год за годам мы пастаянна крочым наперад.

Раней у нас выкарыстоўваўся касцюм Л-1. Ён абараняе ад хімічных рэчываў, у ім можна працаваць у вадзе. Але гэты касцюм яшчэ савецкай распрацоўкі, ён вядомы яшчэ з пачатку 80-х. Была пастаўлена задача распрацаваць айчынную амуніцыю такога тыпу. Так і з'явіўся касцюм індывідуальнай аховы КІЗ. У ім можна працаваць у халоднай вадзе да чатырох гадзін, а ў гарачай — да пяці хвілін. Бывае так, што рве трубаправод з гарачай вадой, і вось трэба падысці і закрыць вентыль. Касцюм сертыфікаваны ў нас і ў Расіі. Ён бяспечны пры працы з кіслотамі, шчолакам, нафтай, алівай, вадой і нават некаторымі радыеактыўнымі рэчывамі. Па кошце ён таннейшы за Л-1, прычым больш эрганамічны і выконвае значна больш функцый.

— Ці ідзе наша пажарная прадукцыя на экспарт?

— У абмежаванай колькасці. Трэба ў кожнай краіне праходзіць працэдуру сертыфікацыі. Яна вельмі дарагая, і трэба прадаваць вельмі вялікія аб'ёмы, каб усё акупілася. Разавыя пастаўкі ідуць у Расію, Казахстан.

— Апошнімі гадамі пажарны аўтапарк у краіне моцна змяніўся. Ужо нікога не здзівіш цыстэрнамі ў 10 і нават 12 тон. А ці ёсць планы развіваць гэты сектар далей?

— Тэарэтычна працаваць далей можна. Наш МАЗ, на шасі якога і будуюцца пажарныя аўтамабілі, зрабіць такую тэхніку ў стане. Але ці ёсць у гэтым практычная неабходнасць? Напрыклад, у буйных гарадах вельмі моцна стаіць праблема запаркаванасці двароў у шматпавярховай забудове. Прадрацца скрозь шэрагі аўтамабіляў, асабліва ўглыб квартала, не так проста нават на сучаснай дзесяцітоннай машыне. Аўтамабіль з яшчэ большым аб'ёмам вогнетушыльнага рэчыва стане яшчэ больш габарытным, і манеўранасць толькі знізіцца. І як тады падабрацца да пажару? Тым больш што зараз аб'ём у 10—12 тон з'яўляецца аптымальным для тушэння пажару нават ва ўмовах аддаленых крыніц вады ў сельскай мясцовасці. А для гарадскіх умоў зараз распрацоўваецца спецыяльная малагабарытная цыстэрна.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Амуніцыя — на сусветным узроўні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».