Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» традыцыйна расказваем пра самыя прыкметныя падзеі выхадных.


1. Сёння наша футбольная зборная правядзе другую гульню ў Лізе нацый. Матч пройдзе ў Кішынёве на стадыёне «Зімбру», беларусам будзе супрацьстаяць каманда Малдовы.

Нагадаем, у першым матчы наша зборная перамагла ў Мінску на стадыёне «Дынама» Сан-Марына з лікам 5:0.

— У зборнай Малдовы ёсць футбалісты, якія гуляюць у нядрэнных клубах, маюцца якасныя легіянеры. Лёгка не будзе, але саперніка мы вывучалі, — расказвае галоўны трэнер зборнай Беларусі Ігар Крывушэнка. — Цяжка сказаць, ці зведае наш склад змены. Зразумела, нейкія асаблівасці саперніка ўлічым, магчыма, зробім карэктывы. Казаць канкрэтна цяпер досыць цяжка.

Першы афіцыйны матч нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе пасля рэканструкцыі стадыёна «Дынама» наведалі больш за 13 тысяч гледачоў. Ігар Крывушэнка ацаніў атмасферу дамашняга паядынку: «Заўсёды прыемна гуляць на новым стадыёне, пры вялікай колькасці балельшчыкаў. Няхай стадыён быў напалову запоўнены, усё роўна гэта прыемна. Падчас матча не звяртаеш увагі на нюансы, сочыш за гульнёй. Добры стадыён, адзінае, што трыбуны далёка ад поля, улічваючы, што ёсць дарожка. Але ён і будаваўся як лёгкаатлетычны. Вялікіх нараканняў у мяне няма».

Нагадаем, акрамя гэтых камандаў сапернікамі беларусаў у Лізе нацый будуць футбалісты Люксембурга, першы матч з якімі адбудзецца 12 кастрычніка ў Мінску. Па выніках групавога турніру барацьбу за адзіную пуцёўку ў фінальны этап Еўра-2020 працягнуць пераможцы чатырох квартэтаў з дывізіёна D.


2. Арына Сабаленка захавала 20-е месца ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTА). Нагадаем, першая ракетка Беларусі дайшла да 1/8 фіналу US Ореn, саступіўшы толькі будучай чэмпіёнцы — Наомі Асацы. Аляксандра Сасновіч паднялася на 30-ы радок, Вікторыя Азаранка займае 61-е месца, Вера Лапко — на 69-й пазіцыі.

Першае месца захоўвае румынка Сімона Халеп, Караліна Вазняцкі (Данія) размясцілася на другім радку рэйтынга, трэцяе месца за немкай Ангелікай Кербер.


3. Хакеісты «Дынама-Мінск» прайгралі ў гасцях ніжнекамскаму «Нафтахіміку» з лікам 1:2 і пацярпелі трэцяе паражэнне ў новым сезоне КХЛ. Гэтым матчам «зубры» завяршылі першую выязную серыю і цяпер правядуць тры сустрэчы на дамашнім лёдзе. Учора вечарам яны згулялі з фінскім «Ёкерытам», 12 верасня згуляюць з маскоўскім «Спартаком», а завершаць дамашнюю серыю 14 верасня матчам з ХК «Сочы».


4. Хакеісты мінскага «Юнацтва» прайгралі на сваёй пляцоўцы «Рэд Бул Мюнхен» з лікам 0:3 у Лізе чэмпіёнаў. Раней гэтыя каманды сустракаліся ў першым туры ў Германіі, дзе поспех таксама быў на баку «быкоў» — 4:3. Пасля чатырох матчаў у групе В мінчане з трыма ачкамі займаюць трэцяе месца. Чарговыя матчы хакеісты «Юнацтва» згуляюць з фінскім ТПС: 9 кастрычніка на выездзе ў Турку, 17 кастрычніка на «Чыжоўка-Арэне» ў Мінску.

Хакеісты «Нёмана» ў гэтым жа турніры перамаглі ў гасцях швейцарскі «Цуг» з лікам 3:2. Пасля чатырох тураў з пяццю ачкамі гродзенцы займаюць трэцяе месца ў групе D. Наступны матч у Лізе чэмпіёнаў падапечныя Сяргея Пушкова правядуць 10 кастрычніка на выездзе з нямецкім «Айсберэнам» з Берліна.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Удалы старт на «новым» стадыёне

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.