Вы тут

Літоўскія загсы, ваенныя здымкі і індзейцы


У Мінску праходзіць Месяц фатаграфіі.

Васямнаццаць выставак, аўтары і цэлыя калектывы з дзесяці краін, сем сталічных пляцовак — 6 верасня ў галерэі «Ў» пры, можна сказаць, аншлагу адкрыўся Месяц фатаграфіі ў Мінску. Сёлета ён адзначае першую пяцігодку і робіць юбілей сваёй галоўнай тэмай. Калі раней фестываль засяроджваўся на калектывізацыі ці звязаных цэнтры-перыферыі, то гэтым разам наведвальнікі выставак змогуць спрычыніцца да пэўнай абрадавасці і фатографаў з іх уласнымі юбілеямі.


Напрыклад, да гадавіны пасля смерці Стэнлі Грына, вядомага ваеннага фатографа, які праз свае работы паказваў канфлікты ў Грузіі, Афганістане, Іраку, гвалт і катастрофы ў Руандзе, Чачні, на Гаіці альбо ў Новым Арлеане. Выстаўка «Чорны пашпарт» паказвае як уласна ваенную фатаграфію аўтара, так і яго прыватнае жыццё, у якім жонка, калегі, сяброўкі — і гэта, шчыра, вельмі ўражальная экспазіцыя, хоць бы з-за самой фактуры. Стэнлі Грын, між іншым, пачынаў як фатограф у сферы музыкі і моднай індустрыі. Ён шмат працаваў у Афрыцы і былым Савецкім Саюзе і быў адзіным заходнім фатографам, які аказаўся ў Белым доме ў Расіі падчас спробы ваеннага перавароту супраць Барыса Ельцына. Стэнлі Грын — адна з самых значных фігур у рэпарцёрскай фатаграфіі з месцаў міжнародных канфліктаў.

Галоўныя рытуалы ў жыцці каталіка — а менавіта хрышчэнне, першае прычасце, вянчанне і адпяванне — паказвае вонкава простая фатаграфія праекта «Рытуалы пераходу» польскага аўтара Пшэмыслава Пакрыцкага. Здымкі, тым не менш, адлюстроўваюць антуражы, матэрыяльны свет герояў, пэўную традыцыйнасць, рэлігійныя абразы на сценах, упрыгожаныя бутэлькі кока-колы на вясельным стале, вобраз палякаў у цэлым. «Рытуалы пераходу», дарэчы, паказваюцца ў кантэксце адраджэння дакументальнай фатаграфіі ў Польшчы.

З гэтай экспазіцыяй пераклікаецца выстаўка «Дзявочы вечар» беларускага праекта VEHA. На мінулым Месяцы фатаграфіі VEHA таксама прадстаўляла сваю падборку архіўнай аматарскай сямейнай фатаграфіі: «Найлепшы бок» паказваў здымкі, якія адлюстроўвалі традыцыю фатаграфавацца на фоне тканага дыванка. Гэтым разам праект сабраў вясельныя фотаработы — толькі маладых альбо з сем'ямі — і завесіў іх тонкай матэрыяй, што нагадвае вэлюм нявесты. Экспазіцыя таксама дэманструе пэўную тыповасць, зноў жа, матэрыяльнае суправаджэнне свята і беларускае мінулае.

У асобную выстаўку Вілмы Самулёніце сабраныя здымкі, што паказваюць публіцы літоўскія загсы. Нават даецца інфармацыя: у Літве іх шэсцьдзясят. Установы валодаюць агульнымі — тыповымі — элементамі, такімі як вітражы, сімвалічныя творы мастацтва, дываны, канешне ж, дзяржаўны герб і гэтак далей. Абіўка крэслаў пад колер дываноў, манументальнасць у інтэр'еры, жырандолі.

У Галерэі «Ў» можна таксама знайсці падборку са шматтысячнай калекцыі выяў індзейцаў фатографа Эдуарда Кёртыса, даследаванне тэмы кветак у сучаснай фатаграфіі ад Матыяса Гардэра (побач з рэальнымі кветкамі і адпаведнымі пахамі), пашырэнне геаграфіі фестывалю праз госця з Кітая Чжана Кэ Чунь — аўтара праекта «Жоўтая рака», што адлюстроўвае падарожжа ўздоўж Хуанхэ.

І, апроч іншага, пэўная даніна павагі гісторыі беларускай фатаграфіі праз храналогію падзей, цэлую сцяну найбольш значных імёнаў, сталешніцу з калектыўным чорна-белым здымкам і подпісам легендаў беларускай фатаграфіі.

Шлюбная тэма будзе працягнута ў Цэнтры сучасных мастацтваў — у праекце «Беларускае вяселле: абрад, носьбіт, песня» ў суправаджэнні вясельнага гукавога шэрагу. У брэсцкай прасторы КХ Раман Трацюк пакажа вясельныя здымкі з элементамі супрэматызму.

Месяц фатаграфіі — гэта, апроч мінскіх прастор, таксама мерапрыемствы ў Гродне і Брэсце, майстар-класы, лекцыі, сустрэчы і нават кінапаказы, экскурсіі ад куратараў. А яшчэ даступнасць для невідушчых людзей — па спецыяльным інклюзіўным маршруце здымкі можна будзе прачытаць праз гукі і пахі.

У галерэі крамы «Кніжная шафа» была адкрыта археалагічная выстаўка Уладзіміра Парфянка «Вінтажы і віражы». 11 верасня ў галерэі ІNDІE будзе прэзентаваны праект «Выклік дахаты». 24 верасня рыхтуецца быць раскрытай тэма «Кіно 70-х і не толькі» праз выстаўку Андрэ Перлштэйна і паказ фільма «Самурай» Жан-П'ера Мельвіля ў Falcon Club Буцік Кіно (у працяг 25-га ў «Ракеце» можна будзе паглядзець «Чырвоны круг» таго ж рэжысёра). За праграмай Месяца фатаграфіі і падрабязнасцямі аб праектах лепш сачыць на сайце mfm.by.

Фестываль працягнецца да 6 кастрычніка.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Фота Таццяны Ткачовай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».