Вы тут

Чаму да барацьбы з інвазійнымі раслінамі трэба падключацца кожнаму?


Чаму да вырашэння праблем распаўсюджвання інвазійных раслін трэба падключацца кожнаму?


Каля дзесяці гадоў таму вучоныя з НАН Беларусі склалі прагноз экспансіі інвазійных відаў. Самы горшы з трох варыянтаў (калі нічога з гэтым не рабіць) мог прывесці да таго, што плошча распаўсюджвання, напрыклад, баршчэўніку Сасноўскага праз 5-10 гадоў вырасла б у тры разы.

— Нашы сумесныя дзеянні, у тым ліку з мясцовымі органамі ўлады, дапамаглі спыніць распаўсюджванне гэтай расліны, — расказвае начальнік аддзела біялагічнай разнастайнасці Мінпрыроды Аляксандр ГІРАЕЎ. — Але сёння неабходна больш актыўна працаваць і з іншымі інвазійнымі відамі — паступова набіраюць сілы сумнік канадскі і клён ясенялісты, рабінія лжэакацыя. Не дапусціць пашырэння арэалу гэтых відаў — наша галоўная задача.

З баршчэўнікам Сасноўскага як самай агрэсіўнай інвазійнай раслінай у флоры Беларусі змагаюцца ў межах рэалізацыі Рэспубліканскага плана мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі. На аснове палявых даследаванняў фарміруюцца заданні па рэгуляванні яго распаўсюджвання і колькасці. За кожны «захоплены» ўчастак адказваюць землекарыстальнікі.

— Тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды ўважліва сочаць за выкананнем планаў на месцах і штодэкадна падаюць гэту інфармацыю кіраўніцтву, — тлумачыць спецыяліст. — Калі землекарыстальнікі своечасова не праводзяць неабходныя мерапрыемствы па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці баршчэўніку Сасноўскага, яны прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці.

Барацьба ж з астатнімі небяспечнымі інвазійнымі раслінамі ідзе ў адпаведнасці з Палажэннем аб парадку правядзення мерапрыемстваў па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці відаў раслін, распаўсюджванне і колькасць якіх падлягае рэгуляванню.

Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы падчас палявых даследаванняў выяўляюць месцы росту гэтых раслін, распрацоўваюць і зацвярджаюць (штогод да 15 красавіка) раённыя планы адпаведных мерапрыемстваў.

Сёлета міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык узяў гэту працу на асаблівы кантроль. Згодна з яго даручэннем, тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды павінны прасачыць, каб мясцовыя ўлады ўключылі мерапрыемствы па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці сумнікаў канадскага, гіганцкага і іншых інвазійных раслін з пераліку ў раённыя планы на 2019 год. Неабходна таксама праверыць, наколькі поўна праведзены палявыя даследаванні на месцах.

— Толькі тады, калі ў мясцовых планах будуць пазначаны мерапрыемствы з усімі інвазійнымі раслінамі, якія ёсць на тэрыторыі раёна, гэтыя дакументы пройдуць узгадненне ў тэрытарыяльных органах Мінпрыроды, — падкрэсліў Аляксандр Гіраеў.

На барацьбу з інвазійнымі раслінамі выдзяляюцца сродкі як з мясцовых бюджэтаў, так і ўласныя сродкі землекарыстальнікаў. Але, на думку прадстаўніка Мінпрыроды, галоўнае не тое, колькі грошай выдзелена на правядзенне запланаваных мерапрыемстваў, а наколькі поўна і своечасова апошнія выконваюцца. Нават невялікае прамаруджанне дае час інвазійнай расліне вырасці, і тады, напрыклад, для яе эфектыўнай апрацоўкі будзе патрабавацца больш хімічных прэпаратаў, а значыць, і больш фінансавых сродкаў.

Сёння ў працэс барацьбы з інвазіямі актыўна ўключана і навука. У Інстытуце эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча вывучэннем «агрэсараў» займаюцца тры лабараторыі, у гэтым жа кірунку працуе і Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі. Навукоўцы пры неабходнасці дапамагаюць мясцовым органам улады і землекарыстальнікам ацаніць распаўсюджанне інвазійных раслін і выбраць найбольш эфектыўныя спосабы барацьбы з імі.

Спецыялісты ўпэўнены: працаваць над вырашэннем гэтай праблемы трэба ўсім: навукоўцам, рэспубліканскім і мясцовым органам улады, землекарыстальнікам і кожнаму грамадзяніну. Бо сумесная барацьба тут не высокае слова — залог эфектыўнасці, а вось абыякавасць — галоўны фактар, які спрыяе распаўсюджванню інвазійных раслін і іх шкоднаму ўздзеянню на наша жыццё.

Ад алергіі да астмы

Калі сярод інвазійных раслін у флоры Беларусі выбіраць тыя, што наносяць значную шкоду чалавеку, то тут другое і трэцяе месцы (пасля баршэўнікаў) зоймуць амброзія палыналістая і цыклахена дурнічнікалістая.

Амброзія палыналістая пакуль не ўваходзіць у пералік відаў, якія патрабуюць рэгулявання. Але цяпер у Мінпрыроды прапрацоўваюць гэта пытанне, бо расліна нясе сур'ёзную пагрозу здароўю чалавека.

Як і большасць агрэсіўных інвазійных раслін, амброзія — выхадзец з Паўночнай Амерыкі. Адзначаная ўпершыню ў Мазырскім раёне, сёння гэта расліна значна распаўсюдзілася і па іншых раёнах Гомельскай вобласці — Рэчыцкім, Гомельскім, Калінкавіцкім.

— Цвіце амброзія ў канцы лета — пачатку восені. Менавіта ў гэты час яна становіцца небяспечнай для людзей, бо яе пылок — адзін з наймацнейшых алергенаў, які выклікае сянную ліхаманку. Акрамя таго, яна ўнесена ў спіс каранцінных раслін, — расказвае навуковы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі Сяргей Саўчук. — Каб выдаліць яе з прыроднага асяроддзя, неабходна прымяняць механічныя спосабы (праполку, пераворванне, выпальванне). Можна таксама выкарыстоўваць і гербіцыды, бо амброзія расце далёка ад вадаёмаў.

Па сваіх шкодных уласцівасцях падобная да амброзіі і цыклахена дурнічнікалістая, якая з 1970-х гадоў пачала актыўна распаўсюджвацца па поўдні краіны. Яна з'яўляецца прычынай масавых палінозаў (сезонных алергічных рэакцый) і нават здольная выклікаць вострыя страўнікавыя захворванні буйной рагатай жывёлы.

Для барацьбы з цыклахенай падыдуць вышэйназваныя спосабы ўтылізацыі амброзіі. Акрамя таго, трэба абавязкова ўтылізаваць фітамасу і не дапускаць цвіцення і плоданашэння расліны.

Вераніка КОЛАСАВА

Загаловак у газеце: Змагацца нельга чакаць

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.