Вы тут

Знайсці і абясшкодзіць


Вынікі выканання работ па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці баршчэўніку Сасноўскага ў першым паўгоддзі былі разгледжаны ў рамках выязной калегіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якая адбылася ў Лагойскім раёне.


Рэгуляванне распаўсюджвання і колькасці баршчэўніку Сасноўскага адносіцца да мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі. Яго выканаўцамі з'яўляюцца мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, іншыя дзяржаўныя органы і арганізацыі. Мінпрыроды, як каардынатар, вядзе кантроль за выкананнем гэтых работ.

Па выніках палявых абследаванняў і навуковых даследаванняў, выкананых у 2017 годзе, усяго на тэрыторыі краіны па стане на 1 студзеня гэтага года ўстаноўлена 1148 карыстальнікаў зямельных участкаў і водных аб'ектаў, у якіх выяўлена 4534 месцы росту баршчэўніку Сасноўскага на плошчы 2924 гектараў. Найбольш інвазіраванай у краіне з'яўляецца Віцебская вобласць (Ушацкі, Гарадоцкі, Віцебскі, Браслаўскі, Талачынскі і Сенненскі раёны), на другім месцы па ступені небяспекі стаіць Мінская вобласць (Лагойскі, Мінскі, Валожынскі, Слуцкі, Пухавіцкі, Барысаўскі і Нясвіжскі раёны).

Работа па выкананні мерапрыемстваў па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці баршчэўніку Сасноўскага, якая праводзілася ў першым паўгоддзі гэтага года, дазволіла стабілізаваць сітуацыю па краіне, разам з тым не ў поўным аб'ёме выкананы заданні па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці гэтай расліны на тэрыторыі Віцебскай вобласці, паведамляе сайт Мінпрыроды.

Па стане на 1 ліпеня мерапрыемствы па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці баршчэўніку Сасноўскага ў цэлым па краіне праведзены на плошчы 2845,7 гектара ці 97,3 працэнта ад устаноўленага задання на першае паўгоддзе. За выключэннем Віцебскай вобласці (85 працэнтаў ад устаноўленага задання на 1-е паўгоддзе), ва ўсіх астатніх абласцях і Мінску азначанае заданне выканана ў поўным аб'ёме.

Не забяспечана выкананне мерапрыемстваў па барацьбе з баршчэўнікам у поўным аб'ёме шэрагам прадпрыемстваў міністэрстваў лясной гаспадаркі, транспарту і камунікацый, сельскай гаспадаркі і харчавання, энергетыкі.

Варта адзначыць, што асноўнымі праблемамі ў частцы рэгулявання распаўсюджвання і колькасці баршчэўніку Сасноўскага з'яўляецца адсутнасць дакладных даных аб колькасці і плошчах росту гэтай расліны і неабходнасць устанаўлення дакладных межаў зямельных участкаў, на якіх выяўлены баршчэўнік Сасноўскага, для ўстанаўлення землекарыстальніка.

Мінпрыроды ўзяло на кантроль правядзенне мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі палявых абследаванняў для выяўлення новых месцаў росту баршчэўніку з мэтай наступнага фарміравання паказчыкаў рэспубліканскага плана мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі на 2019 год.

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.